Старажытны млын, драўляны домік у мініяцюры - як супрацоўнік мытні ўпрыгожвае навакольны свет

Хто ў церамку жыве

Гэты пад’езд ведаюць жыхары ўсёй акругі, сюды прыходзяць, каб сфатаграфавацца. Дзе яшчэ ў двухмільённым горадзе можна ўбачыць у кветніку звычайнага двара старажытны млын і драўляны домік, сапраўдныя, толькі мініяцюрныя, адмысловую кармушку для птушак? У пад’ездзе ж наведвальнікі могуць прыхарашыцца перад люстэркам, палюбавацца карцінамі-пазламі. Ля ліфта ўстаноўлены сапраўдны памежны слуп. А як інакш, калі майстар, чые рукі вырабілі ўсю гэту прыгажосць, шмат гадоў аддаў службе ў пагранічных войсках, а зараз працуе на мытні?
Домік пад нумарам 72а выглядае як сапраўдны

Супрацоўнік аператыўна-дзяжурнай службы Мінскай рэгіянальнай мытні падпалкоўнік у адстаўцы пагранічнай службы Юрый Драхлоў да свайго захаплення адносіцца з гумарам:

— Мае рамонтна-будаўнічыя, аздабляльныя і забаўляльныя работы пачаліся з лаўкі каля пад’езда. Была вясна, жонцы, цяжарнай малодшым сынам, хацелася пасядзець на вуліцы. Каб ёй было зручней, пашырыў, пафарбаваў лаўку, зрабіў спінку і падлакотнікі. Адну яе не пакінеш, а сядзець проста так сумна, вось і працягнуў добраўпарадкаванне тэрыторыі…  

У бліжэйшым лесапарку Юрый насек хмызняку, зачысціў яго і зрабіў вакол кветніка плот у выглядзе старажытнага вясковага тыну. На гэтым работы прыпыніліся, бо з малым дзіцем было шмат клопату. Але час ішоў, сын падрос, і Юрый вырашыў, што трэба далучаць яго да працы з дрэвам — усё лепш, чым нячысцікаў у камп’ютары ганяць!  

Ідэй у майстра шмат, але ўсё ўпіралася ў кошт і наяўнасць будаўнічых матэрыялаў. Не было шчасця, ды няшчасце дапамагло — моцны ўраган лета 2016 года, які злажыў мноства дрэў. З дазволу тых, хто разбіраў завалы, Юрый узяў бервяно, з якога потым і вырабіў млын у мініяцюры. 

Птушак нязменна чакае пачастунак
— Усё як сапраўднае, толькі маленькае, акенцы — са шкельцамі, штапікамі, падаконнічкамі, — Юрыю дастаўляе задавальненне займацца з дробнымі дэталямі. — Крылы млына выраблены са свяцільніка з вентылятарам — у дзевяностых гадах былі такія ў модзе. Круцяцца яны дзякуючы маленькім падшыпнічкам. Уся пабудова замацавана, каб не зламалі вандалы. Побач — кармушка для птушак. Да яе на тым месцы стаяў сапраўдны ліхтарык са свечкай, але арыгінальная канструкцыя так спадабалася некаму, што яе знеслі.

Летам Юрый з дапамогай сына Марка і фінансавай падтрымкай суседзяў змайстраваў домік у мініяцюры. Жыве ён на першым паверсе, таму імправізаваная майстэрня размясцілася проста пад вокнамі: стол, электрычны падаўжальнік, лобзік, балгарка… 

— Акенцы адчыняюцца, замочкі зашчэпваюцца — усё працуе! — дэманструе майстар асаблівасці свайго вырабу. — Ёсць лесвіца, комін, сцяг, які адначасова з’яўляецца і флюгерам, парабалічная антэна. З кожным элементам давялося павазіцца… Па святах вешаю ўнутр ліхтарык, і тады ўсе вокны свецяцца.

Мяккія цацкі ў домік пад нумарам 72а «засялілі» суседзі.

Хутка домік абзавядзецца і ўласнай паштовай скрыняй
Зараз Юрый па просьбе калег працуе над мініяцюрным будынкам старажытнай мытні. У бліжэйшых планах умельца — выраб буслянкі, а таксама адкрытага хлеўчыка, дзе будуць захоўвацца дровы, сена, трактар. 

Не засталося па-за ўвагай і захапленне жонкі — складанне пазлаў. Карцінамі з іх Юрый упрыгожыў сцены пад’езда, узяўшы кожную ў рамку з дэкаратыўнага каменю. Тут жа можна і час паглядзець — ля дзвярэй прымацаваны гадзіннік, падарунак Мінскай рэгіянальнай мытні. 

Цікаўлюся, ці не было спроб сапсаваць гэту прыгажосць або што-небудзь знесці.

— Ведаеце, — задумваецца Юрый, — не было! Я б сказаў, наадварот, свядомасць жыхароў пад’езда і іх гасцей павялічылася. Знікла смецце, недакуркі… Атрымліваецца, прыгажосць дысцыплінуе. 

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter