Настаўніца Асінаўскай школы Чавускага раёна Таццяна Гуцко прапануе вучням у спаборніцтве даследаваць тонкасці беларускай лексікі
ШКОЛА ў Асінаўцы адна з найбольш раскручаных у раёне — ужо некалькі гадоў запар дзякуючы сваім ідэям атрымлівае гранты на развіццё. Пачалі тут з энергазберажэння, затым былі праекты па экалагічным земляробстве і зварот да мясцовых традыцый: у школе запрацаваў цэнтр дэгустацыі мясцовых страў. Рэцэпты для яго сярод жыхароў Асінаўкі разам з вучнямі збірала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна ГУЦКО (на здымку). Даследчая дзейнасць так спадабалася педагогу, што тая прапанавала яшчэ адзін праект па мове, які заняў на рэспубліканскім конкурсе першае месца. Такую плённую працу нельга не заўважыць — у гэтым годзе па рашэнні спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў настаўнік атрымала грашовую прэмію.
Карэспандэнт “Сельскай газеты” напрасілася да педагога на адкрыты ўрок, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
З БЕЛАРУСКАЙ мовай у Таццяны Леанідаўны адносіны асобыя — дыплом Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова яна атрымала па спецыяльнасці выкладчыка роднай мовы і літаратуры, а весці ўрокі па прадмеце стала адносна нядаўна. Спачатку выкладала рускую мову, працоўнае навучанне, медпадрыхтоўку, нават спевы. Калі адкрылася вакансія настаўніка мовы, Таццяна Леанідаўна згадзілася на прапанову заняць гэтае месца. Каб неяк разнастаіць урокі, стала прапаноўваць вучням заданні, звязаныя з асаблівасцямі культуры і традыцый мясцовасці. Так нарадзіўся праект па зборы страў жыхароў Асінаўкі:
— Задалася пытаннем: а што гатавалі бабулі раней, што заўсёды было на стале нават у самыя галодныя гады? Прыдумала тэму для навуковай працы — беларуская кухня. Рэцэпты, па якіх потым выйшла кніга традыцыйных страў, збірала разам з вучнямі. Аформілі праект, адправілі на конкурс, і яго ацанілі — школа атрымала ад ЕС грант на стварэнне цэнтра сельскага развіцця. Так і пачалася мая даследчая дзейнасць.
У мінулым годзе яшчэ адна перамога, толькі ўжо ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па беларускай мове. Сярод усіх школ краіны вясковая ўстанова адукацыі заняла першае месца. Ужо тут настаўніца разам з вучаніцай тады 9-га класа Аксанай Цярляевай звярнулася да незвычайнай тэмы — мянушак сабак і кошак. Даследчыцы абышлі ўсе асінаўскія хаты, дзе пад запіс збіралі імёны чатырохногіх. Каго тут толькі ні знайшлі — Кляксу, Мэйсана, Фанту... Пасля аналізу вызначылі, якія інтарэсы ў жыхароў вёскі: “Атрымалася, што часта мянушкі звязаны з прафесіяй і родам дзейнасці гаспадара. Напрыклад, медык назваў кошку Ношпай, а той, хто звязаны з камп’ютарам, — Флэшкай, музыкант даў кацяняці імя Акорд”.
Вучні на Дні роднай мовы
ДАСЛЕДЧУЮ методыку Таццяна Леанідаўна выкарыстоўвае і на занятках. Урокі беларускай мовы вучні любяць. Настаўніца заўсёды стараецца падаць матэрыял нестандартна — то ў форме гульні, то спаборніцтва. Вось і да Міжнароднага дня роднай мовы педагог падрыхтавала цэлае падарожжа з родным словам, у якое запрасіла вучняў старэйшай школы. У дзвюх камандах — “Юнацтва” і “Рамантыкі” — большасць дзяцей мовай валодаюць няблага. У першым заданні спаборніцтва хваляванне сказваецца. Падчас размінкі кожнаму з удзельнікаў каманд трэба прыдумаць слова, якое пачынаецца на адну з літар беларускага алфавіта. На літару “д” “Юнацтва” называе слова “дом”. Так, першая памылка: не “дом”, а “хата”.
Далей — яшчэ цікавей. Віктарына складалася з пяці тураў-прыпынкаў: “Перакладчыкі”, “Тлумачэнне слоў”, “Грані слова” (растлумачыць фразеалагізмы), “Крыжаванка” і “Паэтычны радок”. Апошняе — асобнае заданне для капітанаў. Першы тур, як гэта бывае заўсёды, для вучняў лёгкі. Дзеці займаліся перакладам з рускай мовы на беларускую слоў “цыпленок”, “табуретка”, “ежевика”, “волна”, “забор”. Праўда, з апошнім словам каманды не справіліся. Як гучыць “забор” на роднай мове, забыліся. На дапамогу прыйшла настаўніца, якая нагадала, што гэта “плот”.
Наступны прыпынак — “Тлумачэнне слоў”, дзе кожнай з каманд неабходна раскрыць правільнае значэнне розных паняццяў. “Рамантыкам” дастаецца “бурун”. Што гэта такое? У якасці падказкі тры варыянты: цвёрдая празрыстая смала, пеністая хваля ці пупышка кветкі? Адзінаццацікласніца Віка Кайтанава рызыкуе — па меркаванні вучаніцы, гэта хваля. Так, на рахунку каманды дадатковы бал. Некаторыя словы былі незнаёмыя і мне. Што яшчэ за “аплік”? Даведалася, што гэта кручок для зашпільвання вопраткі. Няпростае слова — “грабар” — выпадае камандзе “Юнацтва”. Замест землякопа вучні даюць памылковае значэнне — спецыяліст, які вырабляе скуры. У беларускай мове сапраўды шмат амонімаў, якія трэба адрозніваць адзін ад аднаго.
Аднак гэта толькі кветачкі. Калі справа дайшла да фразеалагізмаў і ўмення да месца іх ужываць, вучні трохі “паплылі”. “Рамантыкам” дастаўся выраз “пускаць пыл у вочы”. “Юнацтву” — “біць бібікі”. У ходзе невялічкай дыскусіі першыя прыйшлі да высновы, што лепшым аналагам будзе “вешаць лапшу на вушы”, другія — “біць лынды”. Сэнс зразумелі, сінонім падабралі. Як ні дзіўна, дзве каманды справіліся з заданнем паспяхова. Аднак устойлівы выраз “табаку важыць” дзецям так і не паддаўся? “Мабыць, узвешана прымаць рашэнні. Не, дзяліць што-небудзь пароўну”, — так і сыпаліся варыянты. Настаўніца называе правільны адказ: выраз азначае стан чалавека, калі той дрэмле седзячы.
У конкурсе “Паэтычны радок” задача была на першы погляд простая — працягнуць фразу, прыгадаць аўтара і даць назву твора. Лепшым знаўцам літаратуры сярод удзельнікаў сталі девяцікласнік Кірыл Ціманцееў і дзесяцікласніца Аксана Цярляева: яны памяталі не толькі вядомыя вершы, яшчэ і аўтараў слоў. Тым не менш “Рамантыкі” “затармазілі” на ўрыўку твора Максіма Багдановіча. Замест радку “Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі, сінякрылы матылёк” у вучняў стаў “сінякрылы васілёк”. Забыліся дзеці і саму прыгожую назву твора “Па-над белым пухам вішняў”, таму не далічыліся аднаго бала.
КРОПКУ ў спрэчцы паставілі капітаны каманд. Кірыл Ціманцееў прынёс “Юнацтву” пераможныя балы. Вучні атрымалі медалі “Лепшы знаўца беларускай мовы”, а таксама вышэйшыя адзнакі за актыўнасць на ўроку. Трэба дадаць, што маўленчую практыку прайшла сама — з дапамогай асінаўскіх вучняў адчула смак прыгожай роднай мовы.
bizyk@sb.by
Фота аўтара
Як адзначаюць Дзень роднай мовы ў Асінаўскай школе Чавускага раёна
Хопіць табаку важыць
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.