Сваю назву свята атрымала ад галоўных персанажаў – вырабленага з лазы і пакрытага белай тканінай Коніка і маладога нежанатага вершніка.
У гэтым куточку Палесся свята з’явілася дзякуючы рускім салдатам, якія стаялі на берагах Гарыні ў гады Першай сусветнай вайны.
— Лінія фронту праходзіла далёка, таму асаблівых клопатаў у хлопцаў не было. Хіба што коней накарміць ды напаіць, — расказвае мясцовы краявед Мікалай Бразоўскі. — 13 студзеня 1916 года салдаты вырашылі пацешыць сябе і гарадчукоў. Змайстравалі каня — галаву зрабілі з валёнка, прымацавалі льняны хвост — і пайшлі з гэтай цацкай па Давыд-Гарадку людзей віншаваць. Для мясцовых жыхароў гэта было сапраўднае дзіва, сенсацыя! Конік гарадчукам палюбіўся і стаў галоўным сімвалам свята.
13 студзеня пасля абеду ўдзельнікі «Конікаў» пачынаюць збірацца ў якой-небудзь хаце і пераапранацца ў карнавальныя касцюмы.
Аддаючы даніну павагі салдатам, якія змайстравалі першага Каня, «вершнікі» і сёння апранаюць шынелі. Аднак за стагоддзе свята істотна змянілася. Раней, напрыклад, на ўвесь горад было тры-чатыры Конікі, за кожным хадзіў натоўп людзей.
— Прыйшоўшы ў двор, заўсёды пыталіся, ці можна праспяваць, — працягвае Мікалай Бразоўскі. — Калі спяваць дазвалялі, тады цікавіліся, для каго: для хлопца ці дзяўчыны. У залежнасці ад адказу выбіралі песню. Хадзілі, вядома, да людзей заможных. Хто мог пачаставаць, чарку паставіць, рубля даць. Да таго ж раней заўсёды апраналі выключна касцюмы класічных персанажаў. Акрамя Каня, гэта былі Дзед, Баба, Смерць, Чорт, Казёл, Мядзведзь, Баран. Сёння ж можна ўбачыць самыя неверагодныя касцюмы і дзіўныя маскі. Але галоўнае, што «Конікі» і дагэтуль самае любімае свята гарадчукоў.
Гэты вечар на самай справе шчодры і прыносіць надзею, што ў новым годзе шчасце і дабрабыт будуць панаваць у старадаўнім горадзе.
У савецкі час цікавую традыцыю спрабавалі выкараніць. Цяпер, вядома, усё інакш. Напярэдадні свята ў школах, як правіла, скарочаныя ўрокі. Прадпрыемствы і арганізацыі, якія могуць сабе гэта дазволіць, крыху раней адпускаюць супрацоўнікаў дадому: трэба накрыць стол, запрасіць гасцей, зрабіць касцюм Каня — галоўнага героя свята. Традыцыйна яго робяць з двух кашалёў. Адзін прымацоўваецца спераду, другі — ззаду. Канструкцыя ўтрымліваецца на плячах пры дапамозе шлеек. Быць Канём няпроста: у кожнай хаце трэба пакатаць дзяцей. За ноч плечы сціраюцца да крыві.
— Для нас «Конікі» — галоўная падзея! Гэта магчымасць сустрэцца са старымі сябрамі, зноў вярнуцца ў дзяцінства, — расказвае ўраджэнка Давыд-Гарадка Алёна Петравец. — Праграма свята адпрацавана дзесяцігоддзямі. Спачатку людзі збіраюцца за сталамі, а калі пачынае цямнець, апранаюць касцюмы і выходзяць на вуліцу. Наперадзе абавязкова ідзе Конь. Калядоўшчыкі заходзяць у кожны дом, віншуюць адзін аднаго са святам. А пасля народ збіраецца на галоўнай плошчы і гуляе амаль што да раніцы!
Напярэдадні Новага года Міністэрства культуры прысвоіла давыд-гарадоцкаму каляднаму абраду «Конікі» статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Гарадчукі Віктар і Аляксандр «бегаюць з Канём» з самага дзяцінства. Хлопцам ужо за трыццаць, аднак традыцыю не парушаюць — кожны год віншуюць землякоў. Як правіла, спяваюць традыцыйную песню «Сосна»:
— «Там стаяла сосна тонкая, вусока! Шчодры вэчор! Тонкая, вусока, лісцэйком шырока! Шчодры вэчор!» Мы ведаем сем куплетаў гэтай песні. А ўсяго іх прыкладна дваццаць. Поўны тэкст захоўваецца ў нашым музеі. Галоўнае — віншаваць людзей шчыра, ад душы. «Конікі» абавязкова трэба сустракаць з радасцю. Тады і год будзе шчаслівым!
p.losich@gmail.com