Фотарэпартаж: скакуны, маленькія поні і гіганцкі шайр: што адбывалася на Міжнароднай выставе-шоу «Вясна-2018»

Ход канём

На некалькі дзён Лёгкаатлетычны крыты спартыўны комплекс ператварыўся ў сапраўдную стайню. Уздоўж сцен памяшкання збудавалі стойлы, дзе коні бавяць час у чаканні сваіх выступленняў, пераглядаюцца і знаёмяцца з суседзямі. У цэнтры засыпаны пяском манеж, дзе коні паказваюць свае здольнасці, дэманструюць постаць і прыгажосць. Некаторыя прадстаўляюць сапраўдныя цыркавыя нумары, іншым жа, каб уразіць велічнасцю, дастаткова прайсціся перад гледачамі. Як, напрыклад, Шэйле,  кабыле самай буйной у свеце пароды шайр родам з Англіі. Некалі такія коні перавозілі найбольш цяжкія грузы. Працуюць яны і зараз. Шайры адрозніваюцца спакойным і паслухмяным характарам.

Пепсі ўмее танцаваць
Фота Уладзiмiра ШЛАПАКА
Наведвальнікі, ідучы ўздоўж стойлаў, разглядаюць коней. Тыя ж з не меншай цікавасцю паглядаюць на людзей. Аксамітавую храпу цягне да мяне малады конь па мянушцы Пепсі, які прыехаў з Магілёва. Раташ пад кiраўнiцтвам наезніцы Наталлi падрыхтаваў сапраўдны цыркавы нумар, у якім, прытанцоўваючы, лавіруе паміж перашкодамі на сцэне. 

Побач з гнядой прыгажуняй кабылай Мілкай заўважаю мужчыну і два хлопчыкi ў папахах, сініх штанах з чырвонымі лампасамі і белых камізэльках. Неабдумана цікаўлюся, ці не казакоў яны будуць паказваць у час выступлення.

— Чаму паказваць? – крыўдзяцца яны. – Мы і ёсць кубанскія казакі!

Руслан Аліеў, які прадстаўляе казацкі конна-спартыўны клуб «Ярмак», расказвае, што нека-

лі праходзіў у Бабруйску тэрміновую службу, ажаніўся ды і застаўся тут. Казацкае захапленне конямі падзяляюць усе пяць сыноў. 

Амазонка на высакародным скакуне — гэта прыгожа!

— Пяць сыноў і ніводнай дачкі? – недаверліва перапытваю я.

— Дачок сыны і так у палон возьмуць! – смяецца Руслан.

Дзеля гаспадыні апалуза-поні гатовы хадзіць на задніх нагах

Яраславу і Уладзіславу Аліевым толькі па сем гадоў, але яны ўжо выдатна валодаюць навыкамі джыгітоўкі – скачкі на кані, падчас якой выконваюцца складаныя акрабатычныя трукі, умела ўпраўляюцца з нагайкай. 

Немагчыма раўнадушна прайсці міма Пафаса. Гэты конь – проста прыроджаная фотамадэль. Аб’ектыў камеры ён заўважыць з любой адлегласці і зробіць усё, каб у яго трапіць. Частуючы любімца сушкамі, яго гаспадыня Алена Бунас расказвае, што гадавала Пафаса з двух месяцаў. Маці жарабяці, кабыла з напростым характарам, уступіла ў схватку з новым жарабцом і моцна з ім пабілася. Праз некалькі дзён яна памерла ад разрыву селязёнкі, Пафас застаўся сіратой. Што ж, нічога дзіўнага, што Алене дастаткова палец падняць, каб конь пароды будзёнава-беларуская запражная яе слухаўся.

Наведвальнікі і коні разглядаюць адзін аднаго з узаемнай цікавасцю
Кубанскія казакі з кабылай Мілкай

Азірнуўшыся, Пафас раптам незадаволена ржэ. Што такое? Аказваецца, пакуль ён частаваўся прысмакамі ды пазіраваў, жарабец з суседняга стойла адправіўся на манеж выступаць. Між тым Пафасу з яго характарам лідара і абаронцы патрэбна поўнасцю кантраляваць сітуацыю. А тут – не прасачыў, які сорам!

Шыкоўны вараны жарабец фрызскай пароды родам з Нідэрландаў па мянушцы Жак прыцягвае шмат поглядаў. Але парушаць асабістую прастору статны прыгажун не дазваляе – адразу ўскідваецца, храпе, фыркае, праганяючы таго, хто празмерна наблізіўся. 

Удзел у нумарах на манежы прымаюць арабскія скакуны і ахалтэкінцы, першэрон і меноркін – гордасць і сімвал іспанскага вострава Менорка, апалуза-поні, уэльскі поні. Сябра, чыстакроўнага арабскага скакуна па мянушцы Вальс, суправаджае беласнежная швейцарская аўчарка Гранд. 

На выставе сабраліся найпрыгажэйшыя жывёлы свету, вядучыя конезаводчыкі і прадстаўнікі коннай індустрыі як з нашай краіны, так і з іншых. Працуе антыкварны салон коннай тэматыкі, у якім сабраны ўнікальныя экспанаты з прыватных калекцый: панарамны габелен памерам каля 2,5 метра, фарфор з Германіі, Францыі, Англіі і Галандыі, рарытэтная мэбля.  Увагу дзяцей прыцягваюць фотазона з шыкоўный карэтай, а таксама кантактная поні-пляцоўка, дзе можна пагладзіць, пачаставаць маленькага дзіўнага коніка і нават пакатацца на ім. 

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter