Таленавітыя, харызматычныя артысты здолелі запаліць агеньчык у душах беларусаў. Іх хіт «Не прадаецца хата бацькоў» на словы і музыку Віталя Карпанава падняў на ногі ўсю 15-тысячную аўдыторыю на патрыятычным форуме «Это НАША история» ў «Мінск-Арэне» 17 верасня. Песня гучыць роўна год, за гэты час разляцелася па ўсёй краіне і не толькі. З «Хатай бацькоў» «Дразды» выступілі на расійскім тэлебачанні ў новым шоу Андрэя Малахава «Песни от всей души». Упершыню выканалі яе ў жытнёвым полі пад баян, і неўзабаве песня набрала мільён лайкаў, тысячы рэпостаў. Артыстаў запрасілі выступіць з ёй і на Дні беларускага пісьменства. Удача, поспех, даніна таленту — па-рознаму можна называць гэты грамадскі рэзананс, у якім людская любоў і прызнанне іграюць, несумненна, першую скрыпку. Пра творчасць, вясковае дзяцінства, бацькоўскую хату і сцежку да сэрцаў беларусаў мы пагутарылі з салістам і стваральнікам гурта «Дразды» Віталём КАРПАНАВЫМ.
— Выраслі ў вёсцы Сівіца пад Валожынам. Ці лёгка было вясковаму хлопцу прабіцца на сцэну і спраўдзіць сваю творчую мару?
— Любую мару выканаць няпроста. Яна заўсёды прыцягвае, але на творчым шляху сустракаюцца перашкоды — і тады звычайна апускаюцца рукі. А я не здаюся. Колькі жыву, столькі іду да мэты. Памятаю, у дзяцінстве марыў назбіраць грошай на матацыкл «Урал». У выніку дасягнуў таго, чаго хацеў. З самага дзяцінства ведаў, што такое праца. Наша сям'я трымала вялікую гаспадарку: кароў, свіней, курэй, качак.. Школьнікам шчыраваў на зернетоку, палоў, касіў разам з бацькам. Тата быў аграномам, старшынёй калгаса і хацеў, каб сыны таксама пайшлі па яго сцежцы. Нават адвёўшы ў музычную школу, да апошняга спадзяваўся, што ў мяне няма музычнага слыху. Але аграномам я так і не стаў, ім стаў мой старэйшы брат — зараз навуковы супрацоўнік у сельскагаспадарчай галіне. А я выбраў музыку і буду заўсёды ёй верны.
— Між тым усёй сваёй натурай і творчасцю ўхваляеце вясковае жыццё, працу хлебаробаў, беларускую мову. Гурт «Дразды» пазіцыянуе сябе хлопцамі з вёскі.
— Трэба прызнаць, мы 20 гадоў шукалі свой напрамак і толькі зараз, з вопытам, яго трывала намацалі. Хочам данесці да моладзі сапраўдныя каштоўнасці, паказаць, што больш за ўсё трэба берагчы. З узростам наша пазіцыя стала яшчэ больш відавочнай, але я з самага пачатку музычнай кар'еры вырашыў пазіцыянаваць сябе вясковым хлопцам, не хаваючы каранёў. Спрабаваў размаўляць па-беларуску падчас вучобы ў музычным вучылішчы, прыходзіў на заняткі і казаў аднагрупнікам: «Прывітанне, сябры!» Яны ўсміхаліся і нават мянушку мне прыдумалі — Віталь-прывітанне. А аднойчы прыціснулі ў кутку, каб гаварыў як усе. «Я і гавару як усе. Як усе ў нас у вёсцы», — усміхнуўся ім у адказ. Помню, аднавяскоўцы-студэнты вярталіся на лета дадому і спрабавалі мякчэй гаварыць, паказвалі ўсімі паводзінамі, што яны, маўляў, гарадскія… Станавілася крыўдна ад гэтага. Атрымліваецца: прадаюць роднае. І я вырашыў: не буду так рабіць, буду беларускім хлопцам.
На працягу свайго творчага шляху наш гурт заўсёды эксперыментаваў. Некаторыя «дарадцы» раілі нам перабудавацца на больш гарадскі манер. Але канчатковы пералом адбыўся ў 2016 годзе, калі я вырашыў: хопіць некаму пераймаць, трэба быць сабой. У выніку створаны песні пра родныя мясціны, бацькоўскі дом, беларускую мову, тыя простыя чалавечыя каштоўнасці. Ды і мы, «Дразды», да гэтага часу пасталелі, каб з пачуццём перажытых гадоў спяваць пра самае дарагое, што ніколі не прадаецца. Не саромцеся сваіх каранёў, а падкрэслівайце іх і ганарыцеся — вось галоўная ідэя, якую нясём у свет. Зараз тыдзень беларускай мовы, праз сацыяльныя сеткі я звярнуўся да ўсіх вучняў, каб паступалі вучыцца і везлі ў горад родную гаворку. Такім чынам мы прасунем яе наперад.
— Пасля хіта «Хата бацькоў» на гурт паглядзелі па-новаму, ён стаў нацыянальным брэндам. А Андрэй Малахаў запрасіў вас у Маскву і шчыра падпяваў, бо яму таксама палюбілася гэтая песня.
— Па праўдзе кажучы, апошнім часам мала стасуюся з прэсай. Бо заўсёды шмат выступаў у СМІ, а цуда ніяк не выходзіла. Вырашыў: хопіць распыляцца — лепш захоўваць энергію, скіроўваючы яе ў адным напрамку. У нашым выпадку гэта творчасць. Так нарадзілася «Хата бацькоў». Неўзабаве мне патэлефанавалі з Масквы. Думаў, не паеду. Адразу адмовіўся, але калі зразумеў, што запрашаюць з песняй «Хата бацькоў», усцешыўся: на цэнтральным федэральным расійскім канале загучыць нацыянальная песня, беларуская мова. Рэдактары прыехалі ў маю вёску, знялі сюжэт, надзяляючы ўвагу акурат таму, што я люблю і прапагандую. Мне было вельмі прыемна. Пасля выступлення атрымліваем многа гастрольных прапаноў у Расіі. Запрашэнне на перадачу менавіта з песняй «Хата бацькоў» стала яшчэ адным пацвярджэннем: гэта беларускі суперхіт на многія гады.
— Гурт «Дразды» выступае бадай на кожным вялікім дзяржаўным свяце. А калі гастролі па малых беларускіх гарадах?
— Мы частыя госці «Дажынак», бачым, як важна людзям атрымліваць эмоцыі пасля працы. Дзякуй, што сельгаспрадпрыемствы ўшаноўваюць сваіх падапечных, запрашаюць да іх артыстаў. А мы неўзабаве здзейснім тур «Хата бацькоў» з беларускімі песнямі па невялікіх беларускіх мястэчках. Больш за ўсё падкупляе шчырасць людзей, як душэўна яны падпяваюць, як трымаюцца за свой родны кут. Вось што для мяне, як для артыста, самае галоўнае. На бліжэйшы час запланавалі канцэрт у Івянцы, дзе я вучыўся ў школе, спяваў у царкоўным хоры. Не сам напрасіўся, мяне запрасілі. І вельмі рады гэтаму, бо, як вядома, няма прарока ў сваёй Айчыне.
— Не бывае любові да бацькоўскага кута без любові да бацькоў. Вы так пяшчотна абдымаеце матулю ў тым жа сюжэце для тэлебачання.
— Тата, на вялікі жаль, адышоў у іншы свет. Засталася мама, і я вельмі яе люблю. У мяне шмат песень пра Беларусь, але мала пра мову, яшчэ менш — пра маму. Да Дня маці выйдзе прэм'ера, думаю, што ў песні адлюструецца тая бязмежная любоў, якую адчуваюць да сваіх бацькоў удзячныя сыны і дочкі.
— У формуле поспеху артыста, як па-мойму, тры складнікі. Пры ўмове, што яны выдатныя: музыка, словы і выканальніцкае майстэрства.
— Можна быць цудоўным выканаўцам, мець выдатнейшыя словы і музыку, але калі не прыйшоў для гэтага час, то хоць аб дошку галавой біся. Хоць бегай па ўсіх тэлеканалах, пабывай ва ўсіх эфірах — нічога не зрушыцца. Так што у дадатак усё павінна быць своечасова і да месца. Чаму мы сталі асабліва запатрабаванымі, калі нам па 40 і больш гадоў? А скакалі ямчэй у 20. Тады і гастролі пераносіліся лягчэй. Але менавіта зараз па тры канцэрты ў дзень — і голас зрываю, і спіну прыхоплівае. Наступіў, значыць, наш час. Напрыклад, як было з «Хатай бацькоў»? Кажу: пойдзем, хлопцы! І мы выйшлі ў поле, без рэпетыцый пад баян праспявалі — і песня адразу трапіла ў народ. Калі атрымалі запрашэнне на Дзень пісьменства, у мяне яшчэ другога куплета не было. Давялося хутка дапісваць.
— Многае залежыць і ад мелодыі, якая запамінаецца і западае ў душу. Самі яе пішаце?
— Так, і яна вельмі простая. У нас вышэйшая музычная адукацыя, ведаем і джаз, і ф'южн, іншыя розныя напрамкі. Таму адразу спрабавалі ўскладніць сваю музыку, каб паказаць прафесіяналізм. Аднак, як аказалася, гэтага рабіць не трэба, усё геніяльнае — ў простым. Чым песня прасцей, тым хутчэй яна пракладзе сцежку ў народ.
— Як думаеце, у чым праяўляецца грамадзянская пазіцыя, патрыятызм артыста?
— Артыст — музыка, кампазітар і паэт у адной асобе. 20 гадоў займаюся творчасцю. Спяваю пра ўсё, што думаю, чым жыву і перажываю. Дастаткова паслухаць гэтыя песні — і адразу раскрыецца мая грамадзянская пазіцыя. Яна заключаецца ў простым і адначасова велічным: аб'яднаць усіх беларусаў свету, каб даляцела песня да тога боку акіяну. Каб кожны слухач ганарыўся тым, што ён беларус. Выбіраю рабіць тое, што ўмею. І не лезу туды, куды не запрашаюць. Калі выконваеш сваю справу добра — абавязкова будзеш мець сваё месца ў жыцці.
— Дзякуй вам, Віталь, за шчырую гутарку! А мы, слухачы і прыхільнікі вашага таленту, назаўсёды запомнім, што не прадаецца хата бацькоў!
basikirskaya@sb.by