Наши предки 1 сентября песнями и застольями провожали старый год

Халодны верасень, але сыты

Першы месяц восені ўсходнія славяне ў ранейшыя часы называлі па-рознаму: «хмурань», «рыен», «зарев». Асабліва паэтычнае імя «верасень» яму далі беларусы — у гонар пачатку цвіцення сціплага верасу.


У пачатку восені прыметна памяншаецца светлавы дзень, ночы становяцца халоднымі. Адсюль і прымаўкі: «Верасень — з досвіткам дзень», «У верасні ўжо агонь у хаце», «Верасень — месяц халодны, але сыты».

Першае верасня ў народным календары вядома як Фёкла-буракоўніца, Андрэй Цяпляк. Праваслаўныя вернікі адзначаюць свята ў гонар Андрэя Страцілата Таўрыйскага і пакутніцы Фёклы. Дарэчы, з першага дня восені раней, да загаду Пятра I, пачынаўся адлік новага года. Менавіта 1 верасня ў перыяд з 1492 па 1699 год нашы продкі ладзілі народныя гулянні і праводзілі стары год песнямі ды застоллямі. Як правіла, збіраліся дома. На стол ставілі медавуху і малінавую настойку. Апоўначы білі ў званы — так на Русі пачынаўся адлік новага года.

Святую Фёклу нашы продкі лічылі заступніцай буракоў. Да 1 верасня гэта агародніна звычайна ўжо паспявала, надыходзіў час збору. З буракоў варылі духмяны боршч, а бацвінне выкарыстоўвалі ў салатах або кармілі ім свойскую жывёлу.

Святога Андрэя Страцілата Таўрыйскага ў народзе называлі Цепляком, таму што ў першы дзень восені звычайна бывае цёпла. Гэта дазваляе садоўнікам і агароднікам сабраць ураджай. Па гэтым дні прадказвалі, якой будзе ўся восень. Па назіраннях, калі дзень цёплы — і восень будзе лагоднай, а калі ідзе дождж — будзе сырой.

Пачатак сезона дае і шмат іншых прымет. Напрыклад, цёплая восень паказвае, што будучая зіма не захоча адразу саступаць месца вясне. Ранні лістапад і дружны адлёт птушак — знак хуткага надыходу суровага надвор’я. Вялікія гузы на елках — маразы будуць моцнымі. Шмат жалудоў на дубах — таксама да моцных маразоў. Шмат камароў — дакладны знак таго, што моцных халадоў у бліжэйшы час не будзе.

У гэты дзень нашы продкі назіралі і за паводзінамі жывёл. Гэта адлюстравалася ў мудрых народных прыметах. Імклівыя павучкі па хованках разбягаюцца — непагадзь наступае. Плятуць свае красёнцы павукі ў паўднёвым напрамку — пацяплее, а ў паўночным — пахаладае. Цецерукі на верхалінах дрэў расселіся — на яснае надвор’е. Воблакі цягнуцца з поўначы на поўдзень — на сонечнае надвор’е, а калі наадварот — чакай непагадзь. Тлушчам пер’е ў гусей, качак і курэй пакрываецца — халады набліжаюцца. Воблакі нізка сцелюцца — чакай халадоў. Туманы на зямлю прылягаюць — хутка пацяплее. Калі лісты на дрэвах моцна трымаюцца — да позняй зімы. 

ПРЫМАЎКІ

♦ У верасні і ліст на дрэве не трымаецца.

♦ У верасні адна ягада, ды і то горкая рабіна.

♦ Як настане верасень — у гаспадара поўнае гумно i кішэні.

ПРЫМЕТЫ НАДВОР’Я 1 ВЕРАСНЯ

♦ Якое надвор’е сёння, такой будзе і восень.

♦ Ранішні туман — да снежнай зімы.

♦ Калі дзьме цёплы вецер — ураджай аўса будзе багатым.

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter