Першае правіла — працавітасць. Пра гэта «Сельской газете» субяседніца заяўляе аўтарытэтна, бо ў справе ведае толк. Фонд ААН у 2013 годзе вылучыў яе чацвёртай у топ-10 самых паспяховых жанчын свету. З таго рэйтынга мінуў час, але і цяпер рыжа-палымяная прыгажуня тэмп жыцця не збаўляе: энтузіязму шмат, сіл хапае, ідэі адмысловыя. Адзінае, занадта хутка бяжыць час, а паспець хочацца ўсё. Гэта бяда многіх адданых працаголікаў.
Рэмарка ў тэму ад Тамары Лісіцкай:
– Заўсёды справы здаваліся мне найвышэйшым задавальненнем, іх вынік — галоўнай мэтай. Вечарам атрымліваю асалоду, калі разумею: зрабіла ўсё, што хацела. З часам зразумела, што працагалізм — не самая правільная ўстаноўка. Абрысы спакою і шчасця размыліся. Спасцігла: я ведаю, што нічога не ведаю. Цяпер хачу наталяцца не бегам, а тым, куды прыбегла.
— Як Дар’я Домрачава?
— Прыкладна так, — смяецца Тамара. — Дарэчы, мы на адных дабрачынных мерапрыемствах выступалі.
Вялікая дарога пачынаецца з кроку. Так ва ўсім: і ў творчасці таксама. Свой першы крок да зорных вышынь Тамара Лісіцкая зрабіла ў 10 гадоў. Перамагла ў тэлеконкурсе, і яе запрасілі весці дзіцячыя перадачы на БТ. У 14 гадоў дзяўчына выйшла ў прамы эфір. У гэтым жа ўзросце зведала і эйфарыю ад славы:
— Толькі ўявіце: парк Горкага, вялізны фестываль, камеры, святло, музыка, мноства гледачоў-разявак. І я, такая прыгожая, іду з мікрафонам, за мной і наперадзе аператары з камерамі. Бязмежна ганаруся сабой і разумею, што ў гэты момант на мяне глядзяць самыя прыгожыя хлопцы краіны.
Самазахапленне Тамара Лісіцкая і сёння лічыць асноўным сімптомам зорнай хваробы. У яе гэта хутка прайшло, і дзякуючы ізноў жа тэлебачанню Тамара зразумела сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці, якімі можна ганарыцца. Гэта не прыгажосць, не папулярнасць, не камеры. Гэта вялікая і моцная душа, якая дужэе і шырыцца ад спасціжэння ісцін:
— Зараз мне катастрафічна не хапае самазахаплення. Хоць бы крышачку яго…
Тамара Лісіцкая зрабіла гучнае імя ў тэле-, радыёжурналістыцы. На Беларускім тэлебачанні вяла перадачы «Кстати», «Вот такие пироги», «Только женщина знает», «Дневник женщины». Працавала радыёвядучай на каналах «Би-Эй», «Альфа Радио», «Авторадио», «Радиус FM», NetRadio. Цяпер энергічная ўладальніца аксамітнага голасу плыве па хвалях Wargaming.fm. Гэта радыёканал сусветнай кампаніі — распрацоўшчыка камп’ютарных гульняў. І Тамара Лісіцкая там галоўны рэдактар — фарміруе кантэнт канала, заадно вядзе некалькі музычных перадач.
Імя рыжавалосай прыгажуні добра вядома ў колах літаратурных. Яна — адна з першапраходцаў жаночага гарадскога рамана. Выйшлі кнігі «Идиотки», «Тихий центр», «Поцелуй аиста», а таксама «Богиня, или Плач домохозяйки» з вершамі. І творы гэтыя, лічы, у імгненне сталі папулярнымі. У чым іх соль? У блізкасці да чалавека:
— Дзе бяру сюжэты? Усе мы жывём у адным кампоце і самі бачым гэтыя гісторыі. Проста ў мяне як журналіста ёсць імкненне інфармацыю абдумаць і перадаць, скласці ў агульны пазл. Так і з’яўляюцца сюжэты для раманаў.
«Поцелуй аиста» — кніга пра гісторыі цяжарных будучых мамачак, заадно і парады жанчынам у «цікавым становішчы». Па рамане «Тихий центр» тэлестудыя «Беларусьфільм» зняла чатырохсерыйны серыял пра пачуцці, узаемавыручку, справядлівасць, а кожны з герояў атрымаў, што заслужыў. Цікавы прыём «Идиоток» — дваццацігадовы зрэз часу, які, акрамя гісторыі персанажаў, дазваляе паглядзець на падзеі Мінска і свету за апісаны перыяд.
Не трэба быць вялікім крытыкам, каб зразумець, што ў цэнтры светаўспрымання і творчасці Тамары Лісіцкай — яе вялікасць Жанчына. Чаму?
— Я разважала над гэтым пытаннем. Галоўнейшае ўражанне заўсёды на мяне аказвала мама. Для мяне яна абсалютны ідэал жанчыны, неверагоднай прыгажосці знешне і ў душы. Па-другое, у падлеткавым узросце я мела шмат комплексаў і лічыла сябе занадта непрыгожай. Памятаю, як аднакласніцы помсцілі мне за тэлеэфіры, а першая прыгажуня класа прыціскала да сцяны з грубымі рэплікамі, чаму зорка я, а не яна. Зразумець тонкую жаночую псіхалогію — вось мая ўстаноўка.
З ТАКОЙ актыўнай пазіцыяй спасціжэнне ісціны не за гарамі. А можа быць, яна даўно спасцігнута. Тамара Лісіцкая — шчаслівая мама Мацвея, Каці і Гошы:
— Жанчына нараджае — і ў яе адкрываецца другое жыццё. Яна здольная вытрымаць любыя нагрузкі, з’яўляецца не знаны дагэтуль рэзервуар сіл. Ён з невычарпальнай прыроды.
Кожны дзень Тамары Лісіцкай напоўнены крэатывам, новымі ідэямі, сэнсам. Пісьменніца задумала новы раман у жанры антыўтопіі — героі трапілі ў сітуацыю постапакаліпсіса, наноў ствараюць прынцыпы пабудовы грамадства і ўзаконілі забароненае. Напрыклад, здраду. У выніку грамадства, якое пужае адсутнасцю маралі, асуджана на знікненне.
Некалі і Тамара Лісіцкая выбудоўвала жыццё з нуля. У 1996-м не магла знайсці працу і наважылася на мужны крок. Купіла два білеты — да Масквы і назад. Мроіла працаўладкавацца ў «Астанкіна», але ні сувязей, ні дамоўленасці не было:
— Думаю, калі нават не ўдасца задуманае, пагуляю па Маскве, схаджу на Красную плошчу, не прападу… Прыехала з авоськамі і адразу да тэлефона-аўтамата. А мароз такі моцны. Набіраю дрыжачай рукой нумар Уладзіміра Туза, які ні пра што не падазраваў…
Радыёвядучы Уладзімір Туз час ад часу прыязджаў у Мінск падняць прэстыж новага «Радыё РОКС», якое суседнічала ў адным будынку з каналам «Бі-Эй», дзе тады працавала Лісіцкая. Харызматычны Туз ці то жартам, ці ўсур’ёз аднойчы сказаў: «Тамара, калі будзеш у Маскве — тэлефануй, пакажу сталіцу».
— Які ж ён быў наіўны! Канечне, пазваніла. Уладзімір дапамог мне з пропускам у «Астанкіна» — і я трапіла ў будынак мары. Пайшла адразу ў тэлекампанію «ВИД» да аднаго з кіраўнікоў Андрэя Разбаша, бо яго баялася менш, чым Аляксандра Любімава. Гэта ж сапраўдныя богі тэлебачання! Разбаш спытаў, што я ўмею рабіць. А што адказаць? Размаўляць і ўсміхацца: ці ж гэта ўменне?
«Я рэжысёр!» — заявіла Разбашу Тамара Лісіцкая. На Беларускім тэлебачанні ўжо мела вопыт у гэтай прафесіі: манціравала свае праграмы. Дзяўчына трапіла ў каманду і заняла вольнае месца рэжысёра перадачы «Час пик». Атрымала новую службовую кватэру, праца была ў кайф. Праляцелі тры гады, у канцы 90-х тэлекампанія «ВИД» распалася, Тамара засталася без працы. Насіла пад сэрцам дзіця, дадому клікалі муж, родныя. Рашэнне вярнуцца было абгрунтаваным.
Новымі фарбамі зайграў талент беларускай зоркі. І кар’ера, і дабрабыт панесліся ўгору. Толькі ўжо на радзіме, дзе па-асабліваму любяць і цэняць, цяплей сустракаюць, з найлепшай увагай чытаюць і слухаюць.
Алена БАСІКІРСКАЯ — спецыяльна для «СГ»
Фота з архіва Тамары ЛІСІЦКАЙ.