Сегодня со дна Немана поднимут древний челн

Карабель у нашай гаванi

У гэтыя выхадныя на Нёмане, каля вёскі Мікалаева Іўеўскага раёна, будзе шматлюдна. Яшчэ б — ў гэтыя дні на свет божы з глыбіні каля 1,5 метра падымуць старадаўнюю лодку-човен. У халодную ваду апусцяцца археолагі НАН, вадалазы дайвінг-цэнтра «Марскі пегас» і ўдзельнікі джып-форуму 4 х 4.



Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН дацэнт Вадзім Лакіза расказвае, што аб знаходках археолагам паведамілі захопленыя маладыя людзі, адзін з якіх — мясцовы жыхар:

— І мы адразу ж накіравалі туды сваіх спецыялістаў, вырашылі паспрабаваць дастаць каштоўную знаходку, пакуль яе не забраў зімовы крыгаход.

Дарэчы, такая гісторыя ў практыцы археолагаў ужо здаралася. Лодку, выяўленую ў 1990-х гадах на Шчары, праз нейкі час спрабавалі знайсці iзноў, але ўжо не змаглі. Так што на гэты раз справу ў доўгую скрыню вырашылі не адкладаць. Зрэшты, яшчэ адна лодка-човен у музеі Інстытута гісторыі НАН ужо ёсць. У свой час яе знайшлі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, кажа Вадзім Лакіза. Але па памерах яна роўна ўдвая менш за цяперашнюю знаходку, якая, дарэчы, дасягае васьмі метраў у даўжыню.

Яшчэ адна асаблівасць новага артэфакта — у яго выдатнай захаванасці. А вось узрост лодкі яшчэ трэба высветліць. Магчыма, не выключае суразмоўца, яна не такая старая — ёй усяго пару стагоддзяў:

— Але тут важна iншае — што тэхналогія, якая ўжывалася для вырабу лодкі, а яе выдзёўбваюць з суцэльнага ствала сасны ці дуба, не змянялася з часу каменнага веку. Лодкі-даўблёнкi шырока ўжываліся ў гаспадарцы. Гэта асноўны від воднага транспарту старажытных людзей на тэрыторыі Беларусі, і ў некаторых рэгіёнах такi рачны транспарт ужываўся аж да другой паловы ХХ стагоддзя. Знойдзеная лодка — дубовая.

Зараз задача спецыяльна падрыхтаванай групы археолагаў і вадалазаў — беражліва падняць знаходку на паверхню. Для гэтага лодку закуюць у спецыяльныя металічныя рамы, якія потым падымуць бочкі-паплаўкі. Затым знаходку апрацуюць спецыяльным антысептыкам і загорнуць у стрэйч-плёнку, бо пад уздзеяннем кіслароду яна можа пачаць хутка разбурацца.

Пытанне аб кансервацыі знаходкі будзе вырашацца ўжо ў Мінску, кажа Вадзім Лакіза.

Аднак спецыялізаваных плошчаў, ды і экспертаў, якія б працавалі ў галіне археалагічнай падводнай спадчыны, як у шэрагу іншых краін, адзначае ён, у нас пакуль няма:

— Па гэтай прычыне мы не падымаем многія іншыя цікавыя знаходкі. А яны ёсць. Напрыклад, старажытны карабель каля Барысава. Але калі той яшчэ пачакае, то гэтую лодку трэба хутка ратаваць.

arteaga@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter