Почему Белая вежа не белая

Камянецкі слуп

Белая вежа — велічны будынак, падобны на вялізную шахматную ладдзю, — лічыцца адным з самых вядомых помнікаў не толькі Камянецкага раёна, але і ўсёй Беларусі.



Вежа была ўзведзена ў канцы XIII стагоддзя па загадзе галіцка-валынскага князя Уладзіміра Васількавіча ў якасці абарончай. Падобныя вежы ў Сярэдневякоўі існавалі ў многіх гарадах Беларусі: Брэсце, Гродне, Навагрудку, Полацку, Радашковічах, Тураве, Шклове… Але да нашых дзён захавалася толькі Белая вежа, што робіць яе ўнікальным помнікам архітэктуры.

Цікава, што назва «Белая вежа» з'явілася толькі ў ХХ стагоддзі, калі аўтар кнігі «Белавежская пушча» Карцаў памылкова ўказаў, што будынак размешчаны на рацэ Белая. Колер у вежы заўсёды быў «цагляны». Гэта мела практычнае значэнне: здалёк пашкоджанні на чырвонай сцяне не так прыкметныя, таму цяжэй карэкціраваць стральбу каменямётных машын. Пабялілі будынак толькі ў 1950-х гадах, але пазней усё ж такі вярнулі яму першапачатковы колер. Што датычыцца назвы вежы, гістарычна правільна называць яе так: Камянецкая вежа, Камянецкі слуп, Камянецкі данжон валынскага тыпу. Але назва «Белая вежа» так прыжылася, што сёння яе носяць і санаторый, і рэстаран, і тэатральны фестываль…


Цікавасць выклікае не толькі назва вежы, але і гісторыя з'яўлення збудавання. Існуе нямала займальных легенд. Адна з іх расказвае, што вежу будавалі веліканы, паведамляе belayavezha.kamenets.by. Прычым, каб не нахіляцца да зямлі за цэглай, высачэзныя асілкі стаялі на каленях. Так было зручна і спраўна. Вось чаму будаўніцтва вежы было хутка скончана.

Прыцягвае турыстаў і «начынка» гэтага помніка архітэктуры. У будынку размешчаны музей «Камянецкая вежа», а на яго верхняй пляцоўцы праводзяцца аглядныя экскурсіі «Архітэктурныя помнікі Камянца».

mila@sb.by

Фота Анатолія Дрыбаса
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter