Свіслач у Мінску мяняе сваё аблічча: якімі будуць яе берагі

Каменныя каралi ракi

Набярэжную Свіслачы цалкам рэканструююць да 2020 года: гэтым летам прыгажосць пачнуць наводзіць ужо на другім участку. Сваё аблічча зменіць адрэзак ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Я. Купалы — гэта 800 метраў. Набярэжная тут будзе выглядаць на ўсе сто ўжо праз тры гады. Карэспандэнт «Р» унікла ва ўсе падрабязнасці праекта.

Набярэжная месцамі літаральна крышыцца на вачах.

Думаю, няма такіх мінчан, якія абыякава ставіліся б да рэканструкцыі першага ўчастка набярэжнай Свіслачы — ад Вострава Мужнасці і Смутку да вуліцы Багдановіча. Адны шчыра радаваліся, іншыя бурчалі: вялікая будоўля прыносіла ім некаторыя нязручнасці. Затое вынік парадаваў і жыхароў, і гасцей горада — перакошаныя парапеты і плітку замянілі, а пешаходную зону павялічылі на метр. Гэтыя і многія іншыя мерапрыемствы істотна змянілі аблічча візіткі горада — прыбярэжная зона ля Траецкага прадмесця, а гэта больш за 370 метраў, зноў стала ўпадабаным месцам для прагулак гараджан і турыстаў.

Рэканструкцыя першага ўчастка галоўнай артэрыі горада пачалася восенню 2016 года і павінна была завяршыцца праз 19 месяцаў, але будаўнікі справіліся за год. Гэтым летам ушчыльную возьмуцца за другі адрэзак у раёне вуліцы Камуністычнай. Нарматыўны тэрмін работ — 32 месяцы. Не выключана, што і гэты раз усё пройдзе значна хутчэй.

Васіль КАСЦЮЧЭНКА: «Спецыялісты правялі фотафіксацыю разбураных канструкцый, вынікі звялі ў табліцу».
Фота аўтара

Перад тым як на памяць сфатаграфаваць сённяшні ўчастак набярэжнай, даведалася пра некаторыя цікавыя факты з гісторыі. Так, пасля Вялікай Айчыннай вайны берагі Свіслачы знаходзіліся ў разбураным і забруджаным стане. Дно ракі было загрувашчана рознымі староннімі прадметамі. Падчас аднаўлення горада было проста неабходна ўзяцца за санітарнае аздараўленне жамчужыны Мінска, добраўпарадкаваць набярэжныя. Працягласць Свіслачы ў межах горада тады была 13 кіламетраў. Праект па яе рэканструкцыі распрацавалі ў першай палове 1950-х гадоў. Ім было прадугледжана пашырэнне і выраўноўванне існуючага рэчышча ракі за кошт памяншэння глыбіні, стварэння штучнага вадаёма, прыстройванне капітальных набярэжных абапал новага рэчышча з лодачнымі прычаламі. Існуючы адрэзак набярэжнай Свіслачы ад вуліцы Я. Купалы да праспекта Незалежнасці збудавалі ў 1957 годзе, і цяпер ён у непрывабным стане.

Васіль Касцючэнка, начальнік аддзела падрыхтоўкі будаўніцтва і праектных работ дзяржаўнага прадпрыемства «Гардарбуд», гартае файлы вялікай папкі, прысвечанай так званаму леваму берагу Свіслачы:

— Пры будоўлі набярэжных была выкарыстана канструкцыя сценак са зборнага бетону, але яна ўжо аджыла сваё. Сёння агульны стан элементаў набярэжнай ацэньваецца як нездавальняючы. Маюцца прасадкі блокаў, разбурэнні і страты абліцовачнага пласта блокаў сценак рэчышча. Разбурана профільная цяга, блокі парапета маюць шматлікія расколіны і расслаенні. Прычальныя элементы ў гэты момант затопленыя. Спецыялісты правялі фотафіксацыю разбураных канструкцый, вынікі візуальнага агляду звялі ў табліцу. Зафіксаваныя па магчымасці страчаныя і затопленыя элементы.

На некаторых участках бетонныя пліты хоць і стаяць роўна, але выглядаюць кепска.

Гуляю па папулярным беразе і бачу дэфекты пасляваеннай канструкцыі. Набярэжная месцамі літаральна крышыцца на вачах! На некаторых участках бетонныя пліты хоць і стаяць роўна, але выглядаюць гнятліва. Ля самых разбураных месцаў на беразе прахожыя дзеляцца думкамі: адны ўпэўненыя, што без капітальнай рэканструкцыі тут не абысціся, а іншыя згодныя хаця б на касметычны рамонт. Але сыходзяцца ў меркаванні: трэба нешта рабіць — гасцей сорамна сюды прывезці, а турыстаў з кожным годам усё больш.

Дарэчы, падчас цяперашняга праектавання было вырашана захаваць нязменным гістарычнае аблічча набярэжнай з ратондай і бетоннымі парапетамі. Праўда, праектна-каштарысная дакументацыя яшчэ павінна прайсці галоўдзяржбудэкспертызу, пасля чаго трэба будзе правесці працэдуру таргоў па выбары генпадрадчыка.

Што зменіцца на адрэзку ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Я. Купалы? Планы агучыў выконваючы абавязкі дырэктара ГП «Гардарбуд» Ігар Андрэйчык:

— Падчас рэканструкцыі трэба будзе замяніць усе інжынерныя сеткі, зрабіць новыя канструкцыі, якія ўмацоўваюць берагавую лінію, усталяваць новыя парапеты, якія знешне будуць нагадваць існуючыя бетонныя агароджы. Машчэнне пешаходнай зоны выканаюць з дробнаразмернай бетоннай пліткі. Заменяць малыя архітэктурныя формы — лаўкі, урны, свяцільні. Іх плануюць зрабіць у класічным стылі. Намечана арганізаваць дадатковыя пляцоўкі-кішэні для адпачынку. Прадугледжваецца і азеляненне прылеглай тэрыторыі шматгадовымі раслінамі і яркімі кветнікамі.

Дарэчы, падчас работ практычна не будуць захопліваць зялёныя тэрыторыі парку. Праўда, каб правесці маштабную рэканструкцыю набярэжнай, узровень вады ў рацэ неабходна будзе панізіць. Водапаніжэнне па некаторых аб’ектыўных прычынах лепш за ўсё рабіць у зімовы перыяд, які супадае з ацяпляльным сезонам — з сярэдзіны кастрычніка да красавіка.

Дарэчы, у гэтым годзе спецыялістам трэба будзе распрацаваць праектна-каштарысную дакументацыю на рэканструкцыю процілеглага боку набярэжнай на гэтым жа ўчастку. Правы бераг папулярнай набярэжнай таксама чакае якасных змяненняў.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter