Единственный в стране комбайнер-шеститысячник Сергей Максимец: с осени начинаются новые хлопоты об урожае

Камбайнер-шасцітысячнік дзяржынскага ААТ «Крутагор’е-Петкавічы» Сяргей Максімец: «З восені пачынаюцца новыя клопаты пра ўраджай»

Сялянскага сына Сяргея МАКСІМЦА з малых гадоў цікавіла тэхніка. Бацька Уладзімір Іванавіч працаваў у дарожнай арганізацыі бульдазерыстам. Знаходзячыся непадалёку ад дома, браў у кабіну падлетка. Хлапчук з цікавасцю назіраў, як бацька кіруе магутным С-100. Калі настаў час выбару жыццёвага шляху, Сяргей вырашыў стаць механізатарам. Па накіраванні калгаса імя Горкага пайшоў вучыцца на спецыяльныя курсы пры Дзяржынскай райсельгастэхніцы. Атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста і ў калгасе сеў за руль Т-16. Перавозіў зерне ад сушылкі на сховішча, кармы на ферме. Вясною з зайздрасцю глядзеў, як механізатары выводзілі тэхніку на палі. Душа прагла працы на зямлі. Прыйшоў і яго час пракласці першую баразну. Было гэта два дзесяцігоддзі таму. У дзяржынскім ААТ «Крутагор’е-Петкавічы» яму даверылі новы зернеўборачны камбайн КЗС-2124КР. Дапамагаў убіраць збажыну вадзіцель-выпрабавальнік з «Гомсельмаша» Васіль Зур. На жніве-2022 на рахунку экіпажа 6053 тоны зерня! Перадавікоў урачыста віншавалі на полі хлебам з мукі новага ўраджаю, грашовымі прэміямі, каштоўнымі падарункамі.


Пасля завяршэння жніва Сяргей Уладзіміравіч прыступіў да абмалоту грэчкі. На мехдвары яго чакае энерганасычаны трактар з комплексам глебаапрацоўчых агрэгатаў. Хлебаробам хапае спраў на зямлі з вясны да позняй восені.

З Сяргеем Максімцом сустрэліся на ўскрайку невялікага поля, акружанага зарасніком аль­хоўніку і вербалозу. Тут за няпоўныя два дні на новым гомельскім камбайне ён справіўся з абмалотам грэчкі і рыхтаваў яго да пераезду на чарговы палетак. На шырокім лабавым шкле кабіны красаваліся лічбы 6000. З чатырох дзясяткаў уборачных экіпажаў, што працавалі ў сталічнай вобласці на новых агрэгатах КЗС-2124КР, рэкорд­нага намалоту ў 6000 тон зерня дасягнулі толькі Сяргей Максімец і яго памочнік Васіль Зур. Створаная айчыннымі спецыялістамі машына паспяхова зарэкамендавала сябе ў загонцы. На будучы год гаспадаркі Міншчыны атрымаюць іх тры сотні.

— На прасторным масіве адно задавальненне кіраваць такім агрэгатам! — перавёў позірк з убранага поля на камбайн Сяргей Максімец. — Два 30‑тонныя МАЗы ледзьве паспявалі адвозіць намалот. Бункер, разлічаны на 8 тон зерня, напаўняўся на вачах. Тры выгрузкі — і кузаў самазвала запоўнены. Вадзіцелі Аляксандр Свірскі і Ігар Высоцкі выбіралі самыя кароткія маршруты ад поля да збожжатакоў. У нашай гаспадарцы іх тры: у Петкавічах, Даніловічах і Нявелічах. Жнівень выдаўся спрыяльным для работы ў полі. Пасля завяршэння ўборкі на адным участку з вечара камбайн пераганялі на новы. З Васілём Васільевічам Зурам у шэсць гадзін раніцы былі ўжо на полі. Пакуль сонца і вецер зганялі расу са збажыны, мы абслугоўвалі камбайн: падчышчалі вузлы, штосьці падмазвалі, падкручвалі дэталі, рэгулявалі механізмы. Запраўшчык дастаўляў у поле паліва, змазачнае масла. Звычайна каля 9 гадзін раніцы пачыналі абмалот хлябоў. Спачатку не хутка вялі камбайн, а як салома прасыхала, то з кожнай гадзінай тэмпы работ нарасталі. Сэрца камбайна — камп'ютар: усё ўлічвае, адлюстроўвае на маніторы неабходную інфармацыю.

— А хто даваў адмашку пачынаць работу?

— Само поле. Налітыя збажыной каласы ледзьве трымаліся ад цяжару. Шырыня захопу матавіла — 9 метраў. Па магутнасці і ўмовах працы не параўнаць гэты камбайн з тымі, на якіх некалі ўбіраў збажыну. Памятаю, як пыл выядаў вочы, даймалі спякота і няспынны грукат рухавіка. А тут герметычная кабіна, як у касмічным караблі, з поўным наборам усяго неабходнага, кандыцыянер рэгулюе тэмпературу і вільготнасць. Задаў праграму — і вядзі машыну. Адзінае, не зусім так спраектавана жатка. Яе б крыху наперад загнуць, каб зямлю не задзірала.

У адрозненне ад папярэдніх гомельскіх камбайнаў у гэтым удасканалены механізм абмалоту збожжавых, змазка ўсіх механізмаў цэнтралізаваная. Камп'ютар паказвае, колькі неабходна масла для абслугоўвання вузлоў і дэталяў. Усталявана магнітола, пры жаданні можна працаваць і слухаць радыё. За ўсё жніво не было ні адзінай паломкі. Толькі некалькі разоў прыпыняліся, калі камень псаваў якую-небудзь дэталь. На нашых землях трэба пільна сачыць, каб не злавіць валун, каб не трапіла ў матавіла птушаня ці зай­чаня. Бывала, што нізка апусціш яго і прыхопіш зямлі. Зніжалі хуткасць, каб больш дакладна рэагаваць на рэльеф мясцовасці. Праз шкло можна сачыць, як патокам льецца зерне ў бункер. Бывала, да апоўначы не спынялі працу. Спалі па некалькі гадзін. Галоўны аграном загадзя вызначаў уборачныя маршруты. Камбайн новы, і важна было яго выпрабаваць максімальна. Нам вызначалі самыя ўрадлівыя і большыя па памерах палі збожжавых. Адзін аднаго падмянялі. Пакуль напарнік абедае, я некалькі бункераў намалоч­ваю. Потым ён працуе... Вадзіцелі на магутных МАЗах таксама мяняліся, каб не затрымліваць камбайн з напоўненым бункерам. Разам з абедам нам дастаўлялі ў поле і падвячорак. У халадзільніку, што ўсталяваны ў кабіне, не пераводзілася мінеральная вада. У жніўныя дні не пакідаў поле галоўны аграном, часта наведваўся дырэктар. А як лік пайшоў на тысячы тон, нас сталі віншаваць. Прыязджалі кіраўнікі абл-, райвыканкама, прадстаўнікі «Гомсельмаша». Самадзейныя артысты ладзілі невялікія канцэрты. Усё гэта надавала жадання яшчэ лепш працаваць. Таму і поспех нас не мінуў.

— Пасля збожжавых адправіліся абмалочваць грэчку. Камбайн прыстасаваны для ўборкі крупяной культуры?

Сяргей Максімец і Васіль Зур — героi сёлетняга жнiва.
— З напарнікам Васілём Зурам пасля ўборкі збожжавых развіталіся, як лепшыя сябры. У жніўныя дні на сваім «Рэно» штораніцы за ім заязджаў, і ра­зам ехалі ў поле. У Гомелі ён праінфармуе канструктараў пра выпрабаванне камбайна. Грэчку ўбіраю адзін. Не адразу ўдалося як след адрэгуляваць механізм абмалоту, каб зерне не секлася. Манеўраваць такой вялікай машынай на вузкіх палях не так проста. У адрозненне ад сухой саломы збожжавых сцябліны грэчкі сырыя. Пастаянна забіваецца барабан. Даводзіцца спыняцца і чысціць яго, што стрымлівае тэмпы работ. Гэта поле 16 гектараў. Два няпоўныя дні абмалочваў тут грэчку. Ураджай добры. Спраўлюся з заданнем, прыеду на машынны двор, вычышчу і змажу механізмы, пастаўлю камбайн на захоўванне да наступнага сезона.

— Сяргей Уладзіміравіч, хто паўплываў на ваш выбар прафесіі?

— З дзяцінства была цяга да тэхнікі. Прыду дамоў са школы і як толькі пачую, што дзесьці залапоча рухавік трактара ці аўтамабіля, падхопліваюся і лячу на гук. За вялікае шчасце было, калі трактарыст ці шафёр дазваляў пракаціцца па вясковай вуліцы.

— Ці помніце ваша першае жніво ў ролі камбайнера?

— Мне і дваццаці не было. Вясною на МТЗ-1221 рыхтаваў глебу, сеяў збожжавыя, даглядаў пасевы. А ў жніво быў памочнікам у камбайнера Віктара Куліка. Механізатар ён быў старанны, працавіты. Убіралі з ім збожжа на старэнькім «Доне». Няпроста было: спёка даймае, грукат рухавіка, пыл. Канечне, не параўнаць тэхніку тых часоў з сённяшняй. На наступнае жніво самастойна працаваў. Камбайн быў старэнькі і часта псаваўся ў загонцы. Даводзілася на хаду яго рамантаваць. Мне даспадобы было лазіць пад ім, нешта падкручваць, зварваць. Па выніках спаборніцтва сярод маладзёжных уборачных экіпажаў заняў першае месца ў раёне. На свяце-кірмашы ў Дзяржынску атрымаў першую грамату і каштоўны падарунак.

— Ці былі моманты, калі ўсё так надакучвала, што хацелася заняцца нечым іншым?

— Такіх думак ні разу не было. У выбары прафесіі не памыліўся. Праца механізатара мне ў радасць. Асабліва калі сеў за руль такой сучаснай машыны. За два дзесяцігоддзі працаваў на розных камбайнах. Нават на самай сучаснай тэхніцы без умення і старання нічога не атрымаецца. Наш калектыў папаўняюць выпускнікі тэхнічных ліцэяў. Яны не ведаюць, як да такой машыны падступіцца. Бо вучаць іх у асноўным па макетах, плакатах. Практыкі больш трэба, каб сваімі рукамі памацалі кожную дэталь. Толькі тады не страшна будзе садзіцца за руль. Старэйшага сына Аляксея са школьных гадоў прывучаў да працы на трактары. Два сезоны ён быў памочнікам камбайнера. Пасля заканчэння каледжа размеркаваўся на сталічны «Інтэграл». І малодшы Мікіта таксама не цураецца тэхнікі. Пасля дзевяці класаў вучыцца на зваршчыка.

— З першых цёплых вясновых дзён і да позняй восені вы ў полі. А як жонка да гэтага ставіцца?

— Дваццаць гадоў мы разам. У нашым поспеху на жніве і яе часцінка. Справы гаспадыні нябачныя, але незаменныя і важныя. Штодня трэба прыгатаваць ежу для сям'і, прыбрацца, агарод дагледзець. Акрамя хатніх клопатаў, Іна працуе на птушкафабрыцы агракамбіната «Дзяржынскі».

— А дзе пазнаёміліся?

— Гісторыя незвычайная. На танцах у сельскім клубе спадабалася маладзенькая дзяўчына. Запрасіў яе на адзін танец, другі. Пазнаёміліся. Пасля танцаў правёў Таццяну дамоў. Назаўтра пад вечар завітаў да яе, каб разам прагуляцца, але не застаў. Быў пачатак вясны, яшчэ трымаліся маразы. Яе маці запрасіла мяне прайсці ў дом пагрэцца. У калідоры зняў бушлат і павесіў на вешалку. Гаспадыня правяла мяне ў пакой, а там была другая дачка — старэйшая. Пазнаёміўся з Інай. Пагутарылі. У той вечар з Таццянай так і не сустрэўся. Прыйшоў дамоў і ў бакавой кішэні бушлата знайшоў запіску. У ёй была выказана сімпатыя да мяне і подпіс: «Іна». З гэтага і пачалося наша каханне. Працягнулася яно шлюбам. На вечарыну запрасілі самых блізкіх родзічаў і сяброў. Нам па 20 гадоў было, абое працавалі ў калгасе. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла нам дом у вёсцы Каменка. У ім зараз жывём, збіраемся прыватызаваць. У жончынай сястры Таццяны таксама муж і дзеці. Сябруем сем'ямі. Ра­зам любім адпачываць.

— Кожны чалавек можа памыляцца. У вас часта гэта здараецца?

— Свае памылкі прызнаю, не хачу заставацца баязлівым. У сямейным жыцці першым уступаю жонцы. Мужчына павінен так рабіць. І сыноў вучу так паступаць.

— Як звычайна праводзіце адпачынак?

— Планаў і мар на яго заўжды шмат, але не ўсё ўдаецца. Хачу пабываць у Белавежскай пушчы. Ніколі там не быў. Толькі па тэлевізары бачыў дуб-волат. Хочацца каля яго пахадзіць, загадаць жаданні. Яму тысяча гадоў, ён быў сведкам многіх гістарычных па­дзей.

Люблю вандраваць па Бра­слаўскіх азёрах, Нарачы. А колькі цікавага можна пачуць пра замкі на нашай зямлі! Неаднойчы бывалі з сям'ёю ў Нясвіжы, наведвалі Мірскі замак. Любім мінскі дэльфінарый. У сталіцы шмат іншых мясцін для адпачынку.

Звычайна вольны час для водпуску прыпадае на зімовы перыяд, калі зямля пад снежным покрывам. За шасцітысячны намалот збожжавых ад «Гомсельмаша» атрымаў пуцёўку на дваіх з жонкай у дом адпачынку. Сказалі, што ў зручны час можам выкарыстаць яе.

— Ваша запаветная мара?

— Пабываць у далёкай сібірскай вёсцы Падымакі. Там я нарадзіўся. Бацькі маладымі адправіліся на заробкі ў Іркуцкую вобласць. З далёкага дзяцінства толькі помніцца шырокая рака Лена і за ёю тайга. Мне і пяці гадоў не было, як вярнуліся ў Беларусь. Маці Эмілія Аляксандраўна з дзяржынскай вёскі Раманіца, а карані бацькі Уладзіміра Іванавіча на Палессі. Перш спыніліся ў родзічаў. А потым бацькам ад гаспадаркі далі жыллё непадалёку ад Дзяржынска. Маці даіла калгасных кароў, а бацька працаваў бульдазерыстам у дарожнай службе. Сям'я ў нас вялікая. У мяне два браты і дзве сястры. Бацькоў ужо няма. Тут, на беларускай зямлі, жылі мае продкі, працавалі на зямлі. У цяжкі для краіны час змагаліся з ворагам. Франтавымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны прайшоў дзядуля па лініі маці Аляксандр Бурак. У мірны час ён працаваў на зямлі, вырошчваў хлеб. Шкадую, што мала ведаю пра яго ваеннае мінулае. Дзядуля не любіў узгадваць пра перажытае ў вайну.

— Маглі б сынам расказаць пра дзеда-франтавіка. Яны сваім дзецям данеслі б гэта. У Год гістарычнай памяці варта ўзгадаць імёны змагароў, тых, што аддалі свае жыцці, каб быў мір на нашай зямлі. Непадалёку ад хлебных ніў, дзе вы ўбіралі збажыну, у вёсцы Станькава ўсталяваны помнік юнаму партызану Герою Савецкага Саюза Марату Казею. Даводзілася там бываць?

— Яшчэ школьнікам наведвалі Станькава. Пра подзвіг юнага героя нам шмат расказвалі. Увогуле, абавязак кожнага грамадзяніна — ведаць гісторыю сваёй краіны. І не толькі помніць пра мужных патрыётаў, але трымаць у памяці і прозвішчы здраднікаў, катаў. Гісторыя павінна быць справядлівай і павучальнай для нашчадкаў.

— Восень звычайна наводзіць сум. А як вы адносіцеся да гэтай пары года?

— У гэты час пачынаю жыць марамі аб будучым леце, калі пануе цяпло, усё квітнее, калі на камбайне зноў выйду на хлебнае поле. Для нас, хлебаробаў, з восені пачынаецца адлік новых клопатаў пра ўраджай.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter