Больш як тры дзесяцігоддзі таму выпускнік Сялецкай сярэдняй школы Сяргей ЯКУБОВІЧ адразу пасля атрымання атэстата і пасведчання трактарыста-машыніста папоўніў атрад механізатараў бярозаўскага калгаса «Кастрычнік», які пазней рэарганізавалі ў ААТ «Нарутавічы». Восенню ўсім калектывам юнака ўрачыста праводзілі ў армію.
Адслужыў мараком на Паўночным флоце і вярнуўся дамоў. На калгасным машынна-трактарным двары яго чакаў новы МТЗ-80. Разам з бацькам-механізатарам Аркадзем Серафімавічам рыхтавалі глебу для сяўбы, а ў жніво працавалі на зернеўборачных камбайнах «Ніва». Убіралі збажыну і на «Донах», а потым і на камбайнах гомельскай вытворчасці.
Сяргей Аркадзьевіч 26-ы сезон працуе камбайнерам. Неаднаразова выходзіў пераможцам спаборніцтва сярод уборачных экіпажаў раёна і вобласці. На раённых і абласных святах-кірмашах «Дажынкі» прадстаўляў ААТ «Нарутавічы». Летась быў занесены на раённую Дошку гонару.
Другі сезон перадавы хлебароб убірае збажыну на магутным камбайне GS-1624. Памочнікам у яго Андрэй Каспярчук. Экіпаж адным з першых у вобласці перасягнуў тысячны рубеж па намалотах, і зараз на рахунку лідараў амаль 2000 тон зерня.
За пражытыя паўвека Сяргей Якубовіч толькі ў час службы на флоце пакідаў родныя мясціны. Марознымі начамі маладому мараку снілася мілая сэрцу рэчка Ясельда, дзе знаёма кожная сцяжынка. Падлеткам станавіўся з бацькам у пакос. У дажджлівыя гады рака летам выходзіла з берагоў. Даводзілася касіць травы, стоячы ў вадзе, сушыць іх на купінах. Коні брылі па вадзе, сцягваючы копны сена на выспы, дзе яго стагавалі. Бацька спрытна шпурляў віламі духмяную траву, а Сяргей старанна ўтоптваў яе і вяршыў стог. З вышыні далёка праглядалася наваколле.
Зімовым часам, калі мароз скоўваў балота, перавозілі сена на падворак. Да драбніц усё гэта помніцца. Як і першая баразна, самастойна пракладзеная на школьным вучэбным трактары. На такім жа МТЗ працаваў у калгасе бацька Аркадзь Серафімавіч. Летам браў з сабою ў поле сыноў, дазваляў ім паруліць на палетку. Кемлівыя хлопчыкі хутка засвоілі кіраванне трактарам. Калі настаў час экзаменаў на атрыманне пасведчання трактарыста-машыніста, Сяргей без намаганняў паспяхова справіўся. Цвёрда вырашыў застацца працаваць на зямлі. Трактарыстам стаў і малодшы брат Віктар. Працуе ён у суседнім ААТ «Савушкін-Прамень».
— Ад бацькі ў нас цяга да тэхнікі, — шчыра прызнаецца Сяргей Якубовіч. — Адным з першых трактарыстаў ён быў у арганізаваным пасля вайны калгасе і працаваў механізатарам да выхаду на заслужаны адпачынак. Шмат расказваў, як цяжка жылося ў пасляваенныя гады на хутары. Свайго бацьку ён бачыў толькі на фотаздымку, які захоўвала бабуля Анфіса. «За польскім часам» дзядуля Серафім Якубовіч і бабуля Анфіса мелі ладны надзел зямлі, вялі ўласную гаспадарку. Калі фашысцкая Германія напала на Польшчу ў 1939 годзе, дзеда прызвалі ў Войска польскае. У адным з баёў з гітлераўцамі на тэрыторыі Чэхаславакіі ён загінуў і там пахаваны. Бабуля засталася з малалетнімі дзецьмі. У хрушчоўскія часы, калі масава высялялі хутаран, удава перабралася ў вёску Варажбіты. Працавала ў калгасе. Даваенны фотаздымак дзеда Серафіма мы шаноўна захоўваем. У кожнай беларускай сям'і вайна пакінула свой балючы след.
У суседнім з Нарутавічамі аграгарадку Асаўцы ўсталяваны мемарыял землякам, якія загінулі, змагаючыся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Непадалёку ад нас на Броннай Гары мемарыяльным комплексам ушанаваны тысячы бязвінна расстраляных яўрэяў. Важна, што ў нас на дзяржаўным узроўні зберагаецца памяць аб ахвярах вайны. Гістарычную праўду пра перажытае нашым народам патрэбна перадаваць будучым пакаленням.
— У Год гістарычнай памяці вялікая ўвага надаецца вывучэнню і асэнсаванню мінулага, вызначэнню вех для далейшага развіцця нашага грамадства. Працаваць на зямлі — святая справа. Хлеб у народзе называюць паслом міру і дабрабыту. Ні адно свята ці ўрачыстасць нельга ўявіць без традыцыйнага каравая. Толькі добрыя рукі могуць спячы яго смачным. А вам помніцца пах хлеба з вашага дзяцінства?
— У нашай вёсцы Варажбіты кожная гаспадыня пякла хлеб. Для гэтага рыхтавалі бярозавыя сухія дровы. Памятаю, як маці вымешвала цеста ў дзяжы, выкладвала на спецыяльныя бляшаныя формы і ставіла ў зыркую печ. Пакуль хлеб пёкся, у хаце стаяла цішыня. Спечаныя боханы клалі на лаву і накрывалі палатняным ручніком. Ні з чым не параўнальны пах свежага хлеба панаваў у хаце — сапраўдны цуд! Бохан заўжды ляжаў у нас пад ручніком на стале. На сенажаць ці ў поле бралі хлеб, сала, цыбулю, агурок. Бабуля хлеб галоўным багаццем называла.
— Што значыць для вас быць багатым?
— Гэта стан душы. Для мяне багацце вымяраецца не грашамі ці іншымі каштоўнасцямі, а калі здаровыя родныя, блізкія, у сям'і пануе лад.
— Ваша любімае свята?
— Яно выпадае на жніўны час — Дзень Ваенна-марскога флоту. Два гады аддаў службе на моры. Гэта багатая жыццёвая школа самавыхавання. Марская служба моцна загартоўвае. Захаваліся прыемныя ўспаміны пра яе. Узгадваюцца сябры з розных куткоў былой вялікай краіны. Жылі дружна, нікога не цікавіла, хто якой нацыянальнасці. Адзін аднаго падтрымлівалі, радаваліся поспехам кожнага. Нас аб'ядноўвала агульная справа.
Пасля двух гадоў службы на Паўночным флоце ў расійскім партовым горадзе Северадзвінску вярнуўся дамоў. У марской форме крочыў па роднай вёсцы Варажбіты. З падворкаў віталіся аднавяскоўцы. Кіраўніцтва калгаса падрыхтавала сюрпрыз — прыгнаны са сталічнага трактарнага завода МТЗ-80. Вясною на ім сеяў кукурузу, а потым даглядаў пасевы.
Увесь дзень у полі, а ўвечары з сябрамі ляцелі ў сельскі Дом культуры на танцы. У нашых вёсках было шмат моладзі. Спадабалася статная дзяўчына. Пасля знаёмства даведаўся, што Ала скончыла Брэсцкі педінстытут імя Пушкіна і па накіраванні прыехала настаўнічаць у Нарутавіцкую васьмігодку. Знаёмства завяршылася вяселлем. Ад гаспадаркі атрымалі кватэру, а калі нарадзіліся сын і дачка, перайшлі ў прасторны новы катэдж. Дзеці выраслі, вывучыліся. Сын Яўген скончыў інжынерны факультэт Белдзяржагратэхуніверсітэта і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Узначальвае інжынерную службу ААТ «Нарутавічы». Дачка Ганна атрымала вышэйшую экалагічную адукацыю і працуе ў сталіцы. Часта адведвае нас.
Наш прасторны дом акружаюць малады сад, агарод, палісаднік з кветкамі. Раней на падворку трымалі хатнюю жывёлу, але неабходнасць у гэтым адпала. Сярэднямесячны заробак па гаспадарцы дасягнуў 1700 рублёў. За жніво на камбайне зарабляю да 4000 рублёў. Вясковыя магазіны па асартыменце прадуктаў не адрозніваюцца ад сталічных супермаркетаў. У аграгарадку Нарутавічы створаны комплекс сацыяльна-бытавых умоў, таму і моладзь ахвотна застаецца жыць і працаваць.
— Больш як чвэрць стагоддзя вы кожнае жніво выводзіце ў поле камбайн. Неаднаразова па намалотах перамагалі ў спаборніцтве сярод экіпажаў раёна і вобласці. Што найбольш уплывае на ваш працоўны поспех?
— У першую чаргу ён залежыць ад таго, на якой тэхніцы працуеш. Другі сезон убіраю збажыну гомельскім камбайнам GS-1624. Адно задавальненне кіраваць такой магутнай машынай з гібрыднай схемай «два барабаны + два ротары-саломасепаратары» і шырокай малацілкай. Гэта сапраўды ўнікальная распрацоўка гомельскіх машынабудаўнікоў. Камфартабельная кабіна з кандыцыянерам. Шырыня захопу жняяркі звыш 9 метраў. Усе механізмы працуюць зладжана, як гадзіннік.
Палі ў нас чыстыя, прасторныя. Ёсць дзе развярнуцца энерганасычанай тэхніцы. Жніво пачалі з уборкі азімага ячменю. Амаль па 80 цэнтнераў зерня даў кожны з сотні гектараў. За некалькі дзён абмалацілі насенне рапсу на 550 гектарах, хутка ўбралі азімае жыта, яравы ячмень. Засталося абмалаціць азімыя пшаніцу і трыцікале.
— Ваш экіпаж адзін з першых на Брэстчыне пераадолеў тысячны рубеж па намалотах. Уборачныя тэмпы ўдаецца трымаць?
— Імкнёмся ў першую чаргу ўбіраць якасна. Наша хлебная ніва шчодрая на ўраджай. Кожнае поле ведаю як свае пяць пальцаў. На энерганасычаным «Джон Дзіры» рыхтаваў глебу, сеяў збажыну. Два гады таму набылі новыя пасяўныя агрэгаты. Гэта дазволіла палепшыць якасць работ і аптымізаваць тэрміны іх выканання.
Сёлета памочнікам у мяне аднавясковец Андрэй Каспярчук. Пасля службы ў арміі ён таксама вярнуўся працаваць на зямлі. Шмат гадоў рабіў механізатарам. Высокія тэмпы трымаем дзякуючы гомельскаму зернеўборачнаму камбайну. Набліжаемся да 2 тысяч тон намалоту збажыны.
За чвэрць стагоддзя працаваў на камбайнах розных марак. Беларуская тэхніка апошніх мадыфікацый ні ў чым не саступае замежнай. Камфортныя ўмовы ў кабіне. Зручная сістэма кіравання. Вось толькі з арганізацыяй тэхнічнага абслугоўвання не ўсё ладзіцца. Летась на камбайне зламаўся падшыпнік. Патрабавалася хутка замяніць яго. Бліжэйшая гомсельмашаўская служба тэхабслугоўвання — у суседнім Івацэвіцкім раёне. Не адразу спецыялісты адтуль прыехалі. Самастойна аператыўна замянілі дэталь, і камбайн пайшоў у загон.
На такім магутным агрэгаце не паспееш прайсці па полі ў адзін бок — і бункер запоўнены збожжам. На хаду выгружаем зерне. Некалькі хвілін — і бункер ачышчаны. Затрымак з транспартам на адвозцы няма.
Па намалотах ушчыльную за намі крочыць камбайнер Мікалай Гусько, які таксама працуе на камбайне GS-1624. У былыя гады ён выходзіў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва на жніве. На першым рэспубліканскім свяце-кірмашы «Дажынкі» ў Ваўкавыску Прэзідэнт асабіста ўручаў яму ключы ад новай легкавой аўтамашыны. За першынство ў рэспубліканскім спаборніцтве на жніве аўтамабіль на «Дажынках» у Оршы атрымаў і Андрэй Каспярчук, мой сёлетні памочнік.
— Якую культуру лягчэй убіраць?
— На рапсавым полі толькі паспявай кіраваць камбайнам. Насенне яго лёгка абмалочваецца. І жыта, калі стаіць сцяною, не складана ўбіраць. У нас палова плошчаў збожжавых засеяна насеннем беларускай селекцыі. Раней высявалі жыта высакарослых сартоў, і салома хутка забівала барабан. Даводзілася часта спыняцца і ачышчаць механізмы. Называем гэта «злавіць зайца».
Раней на нашы палі ў жніво выходзіла 15 камбайнаў «Ніва». Нагрузка на кожны не перавышала 100 гектараў. Камбайнавы парк напалову зменшыўся, і падвоілася ўборачная плошча на кожны агрэгат. Сучасная тэхніка больш прадукцыйная. Важна толькі, каб непагадзь не пакруціла і не прыціснула долу пасевы. Марудна ўбіраць ячмень. Ён невысокі і, як вата, намотваецца на нажы. Памочнік ледзьве паспявае ачышчаць іх.
— А давяраеце яму штурвал камбайна?
— Андрэй шмат гадоў самастойна працаваў камбайнерам. У нас поўная ўзаемазамяняльнасць. Калі вяду камбайн па полі, ён сочыць за якасцю абмалоту, за работай механізмаў, чысцінёй убранай паласы. Яму не трэба падказваць, што рабіць. Убачыць на пожні неабмалочаныя каласкі і падбярэ іх. Ні хвіліны дарма не губляе. Мая справа — весці камбайн па полі. Калі здараецца непаладка, манітор тут жа сігналізуе пра яе. Душа радуецца, калі з кабіны глядзіш на мора густых каласоў.
— Летнім часам звычайна калектывы сельгаспрадпрыемстваў рэспублікі папаўняюць выпускнікі аграрных ліцэяў, каледжаў, вышэйшых навучальных устаноў. Вашы пажаданні ім?
— Каб не саромеліся спытаць, калі што незразумела. Тэарэтычныя веды абавязкова трэба падмацоўваць практыкай. Мне пашчасціла пачынаць працу побач з бацькам. Многае ў яго пераняў. Пастаянна нашу гаспадарку папаўняюць маладыя механізатары. У ліцэях іх вучаць на базе старых узораў тэхнікі, а ў нас усе трактары і сельгасмашыны сучаснай мадыфікацыі. Даводзіцца ім засвойваць гэтыя агрэгаты. Увогуле ў час навучання сельскагаспадарчым прафесіям трэба аддаваць перавагу практычным заняткам непасрэдна на вытворчасці.
— Сяргей Аркадзьевіч, вы жывяце розумам ці сэрцам?
— Здараюцца такія сітуацыі, калі трэба жыць розумам, а выпадае, што і сэрцам. Але пры любым раскладзе важна заставацца чалавекам.
— Хто ваш галоўны настаўнік у жыцці?
— Многім удзячны за падтрымку. Сапраўднай школай мужнасці была служба на флоце. Удзячны школьным настаўнікам, маім непасрэдным кіраўнікам у гаспадарцы, дзе нязменна працую амаль тры дзесяцігоддзі. Апошнія шэсць гадоў калектывам кіруе энергічны малады дырэктар Аляксандр Каштальян. За гэты час заўважны значныя зрухі. Выраслі заробкі, абнавіўся машынна-трактарны парк. Вось і я атрымаў новы зернеўборачны камбайн. Хутка яшчэ адзін такі агрэгат набудзем па лізінгу. У людзей вырасла зацікаўленасць да вынікаў працы.
На кожным этапе жыцця мне шчасціць на мудрых людзей. Сярод іх галоўны настаўнік — бацька Аркадзь Серафімавіч. Для мяне ён — узор сапраўднага хлебароба. Яго трактар ці камбайн заўжды былі дагледжанымі. Пры выбары мною прафесіі бацька адыграў галоўную ролю. Радуюся, што і мой сын Яўген звязаў свой лёс з тэхнікай. Цяпер на працы падпарадкоўваюся яму.
— У жніво хто раней падымаецца — вы ці сын?
— Па звычцы ўсхопліваюся да ўзыходу сонца. Сын яшчэ можа крыху падрамаць. Памятаю, як мяне ў дзяцінстве рана падымалі кароў пасвіць ці касіць травы. Позна з сябрамі вечарам гулялі па вёсцы, а раніцай так хацелася паспаць.
Сялянскае жыццё такое: упусціш летні дзень — застанешся ні з чым. Нездарма кажуць: хто рана ўстае, таму і Бог дае. У мяне выпрацавалася звычка чуць свет дзень пачынаць. Спяшаюся на мехдвор да свайго камбайна.
— Ад якой рысы характару вы хацелі б пазбавіцца?
— На кожным этапе жыцця хочацца ў сваім характары ад нечага пазбавіцца. Прыемна, калі цябе хваляць, адзначаюць за працу. Слава — моцнае выпрабаванне. Не кожны яго вытрымлівае. Як толькі з памочнікам Андрэем Каспярчуком намалацілі тысячу тон збажыны, да нас на поле прыехаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, павіншаваў з поспехам і ўручыў падзячны ліст. Такая ўвага прыдала настрою ў працы. Спадзяёмся, што плённым будзе гэты ўборачны сезон для нас.
— Калегі вам не зайздросцяць?
— Каму не хочацца быць у перадавіках? Усе восем экіпажаў працуюць зладжана. Як толькі спадае раса, адразу пачынаем работу. У спрыяльныя дні не пакідаем поле далёка за поўнач. Двойчы на дзень нам прывозяць гарачае харчаванне. Спаборніцтва на жніве надае азарту, жадання працаваць лепш. Светлая зайздрасць стымулюе, садзейнічае поспеху. Скончым уборку, пасеем азіміну, а восенню сустрэну свой залаты юбілей.
subbat50@mail.ru
Комбайнер Сергей Якубович первым на Брестчине преодолел тысячный рубеж по намолоту зерна
Камбайнер ААТ «Нарутавічы» Сяргей Якубовіч: «Скончым уборку, пасеем азіміну, а восенню сустрэну свой залаты юбілей»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Фото:
Владимир СУББОТ