Каб усе так шылi: чаму курсы кройкі і шыцця да гэтага часу папулярныя

Каб я так шыў

У савецкія гады наведваць курсы кройкі і шыцця для прадстаўніц прыгожага полу было справай моднай і для вядзення хатняй гаспадаркі нават неабходнай. Лёгкая прамысловасць, што выпускала не самыя модныя і зручныя рэчы, наўрад ці магла задаволіць нават непатрабавальны попыт. Вось і даводзілася дамам самастойна браць у рукі нітку з іголкай або садзіцца за швейную машынку — толькі так можна было трымаць сямейны гардэроб у парадку. Сёння быццам бы часы іншыя, паліцы ў гандлёвых цэнтрах і буціках ломяцца ад абновак, але жаданне шыць для сябе самастойна нікуды не дзелася. Больш за тое, у апошнія некалькі гадоў гэты кірунак перажывае сапраўдны рэнесанс. Карэспандэнт «Р» даведалася аб падрабязнасцях.

Ірына МАРОЗАВА: «На жаль, за 3 — 4 месяцы навучыцца добра шыць з нуля практычна немагчыма».

Некаторыя вучаніцы Ірыны Марозавай прызнаюцца: раней хадзілі на курсы шыцця, але за перыяд навучання так нічога і не пашылі. Тэорыя ёсць, а вось з практыкай — праблемы. Каб не трапіць на такія курсы, Ірына дае некалькі парад. Па-першае, насцярожана стаўцеся да заняткаў, дзе патрабуюць заплаціць адразу за некалькі месяцаў наперад. Гэта добра для бізнесу заснавальнiкаў курсаў, але дрэнна для вас. Такім чынам прадпрымальнік як бы пазбаўляе вучаніц права сысці, калі ім што-небудзь не падабаецца. Бо, пагадзіцеся, калі чалавек плаціць, то ён хоча максімальнага выніку. Па-другое, даведайцеся, цi праводзяць вашыя курсы кройкі і шыцця ўводны занятак. Калі не, то лепш пашукаць іншае месца. Бо менавіта на першым уроку можна зразумець, што канкрэтна вы зможаце даведацца ад майстра. Ну і нарэшце па-трэцяе, уважліва вывучыце сайт выбраных курсаў. Затрымайцеся на старонцы з інфармацыяй аб майстрах, прачытайце водгукі вучаніц і толькі потым ідзіце на занятак.

На самай справе эканомія ад таго, што рэчы з адзежнай шафы будуць не набыты ў краме, а пашытыя самастойна, невялікая. Купіць добрую тканіну дорага каштуе. За метр якаснага палатна вы заплаціце каля 25 рублёў. Да таго ж наўрад ці знойдзецца выраб, на якi пойдзе толькі метр тканіны. Дык у чым жа выгада? 

— Пры пакупцы любога адзення мы плацім не толькі за тканіну, працу швачкі і дастаўку, але і за арэнду памяшкання гандлёвай кропкі, дзе купляем вопратку, — тлумачыць Ірына Марозава. — З так званай нацэнкі выдаюць заработную плату прадаўцам-кансультантам, дык і аб выгадзе прадпрымальніка таксама не варта забываць. Словам, за метр тканіны пасрэднай якасці коштам у 10 рублёў, з якой пашыта сукенка, плацім часам у два-тры разы больш. Тым часам за такія грошы мы можам купіць якасны матэрыял, і тая ж сукенка абыдзецца нам танней.

Алена, адна з вучаніц Ірыны Марозавай, ужо і не памятае, колькі курсаў кройкі і шыцця прайшла. Кажа, што «на выхадзе» заўсёды абяцаюць залатыя горы. Маўляў, ды вы яшчэ сваю вытворчасць адкрыеце! На жаль, за 3 — 4 месяцы навучыцца добра шыць з нуля практычна немагчыма. Аптымальны тэрмін навучання — каля 9—10 месяцаў. Хоць на некаторых курсах пачынаць шыць выраб можна з першых заняткаў. Вядома ж, з дапамогай майстра. Вучаніцы кажуць, што за месяц (гэта па адным занятку на тыдзень) пашылі сукенку, а за паўгода каля 6—8 вырабаў.

Навучыцца шыць — справа няпростая. Ужо з выбарам патрэбнага напрамку курсаў прыйдзецца папацець: «Дызайнерскі малюнак», «Канструяванне адзення», «Мадэліраванне адзення», «Выраб плісэ і гафрэ» і г.д. Існуюць таксама і індывідуальныя заняткі, дзе ўся ўвага майстра будзе толькі вам. Курсы розныя, але для пачатку трэба выбраць штосьці простае. 

— За 3—4 месяцы навучыць, напрыклад, кроіць не атрымаецца. А вось адбіць жаданне рабіць гэта — папросту. У каледжах швачак вучаць па 2—3 гады. Таму чалавек, які ідзе на курсы, павінен разумець, што ён навучыцца толькі базавым рэчам. Затым ступень складанасці справы трэба павышаць, каб дамагчыся гэтага выніку.

Наталля ТЫЧКО

ntsh97@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter