Иволга - птица творческая: юная поэтесса – о Малой родине, Стефании Даниловой и планах на будущее

Івалга – птушка творчая: юная паэтка пра Малую радзіму, Стэфанію Данілаву і планы на будучыню

17 гадоў – узрост, калі чалавек толькі пачынае задумвацца пра сваё далейшае жыццё. Звычайна гэта перыяд выбару ВНУ, спецыяльнасці, прафесіі. І калі ў такія юныя гады чалавек можа пахваліцца дасягненнямі значных масштабаў, гэта безумоўна заслугоўвае вялікай павагі.

Такім чалавекам і з’яўляецца Вольга Нікіценка. Паэтка і перакладчыца з меладычным псеўданімам “Івалга” вучыцца ў МДЛУ па спецыяльнасці англіскай і іспанскай моў, з’яўляецца пераможцай многіх конкурсаў сярод якіх “Першацвет”, рускі фестываль цікавай паэзіі “Собака Керуака” і “БрамаМар-Юні”, дзе дзяўчына здабыла Гран-пры. У 2019 годзе Оля стала адной з дзесяці лепшых маладых паэтаў краіны па версіі Міністэрства інфармацыі. І яна не збіраецца на гэтым спыняцца.



–    Вітаю, Оля! Зусім нядаўна ў цябе выйшаў першы зборнік вершаў “Сузор’е птушкі”. Для маладога аўтара гэта даволі сур’ёзны крок. Складана было?

–    Я бы не сказала, што гэта было складана, але і што было вельмі проста, таксама не скажу. “Сузор’е птушкі” – лагічны вынік працы двух творчых гадоў. На выданне ўшло 3-4 месяцы, не лічачы тыпаграфскія моманты, калі я рыхтавала ілюстрацыі і вокладку. Зборнік прайшоў даволі сур’ёзную рэдактуру. Мы рыхтаваліся да Нацыянальнай прэміі, таму трэба было ўсё зрабіць бездакорна.


–    Калі ты адкрыла ў сабе талент пісаць вершы?

–    Паэзія заўсёды была са мной. Свой першы верш я напісала ў 5-6 гадоў і пісала амаль ўсё дзяцінства. Але потым у мяне быў вялікі перапынак у творчасці, і зноў я пачала займацца паэзіяй толькі ў 9 класе, калі мне было 14 гадоў.

–    Як бацькі аднесліся да тваіх здольнасцей?

–    Яны заўсёды мяне падтрымлівалі, хоць спачатку адносіліся да захаплення са скепсісам, таму што бачылі мяне крыху ў іншай сферы. Але потым, калі я пачала рабіць першыя поспехі, бацькі канчаткова паверылі, што гэта маё, і зараз актыўна дапамагаюць мне рэалізавацца.

–    Ці былі моманты ў творчым працэсе, калі ты не магла напісаць ніводнай страфы?

–    Бывала і такое, але з гэтым станам даволі лёгка справіцца, калі знаходзіш натхняльныя рэчы. Для мяне гэта музыка, кнігі, размовы з цікавымі людзьмі.

–    Цікавымі – гэта якімі?

–    Мэтанакіраванымі, якія, як свечы, гараць нейкай ідэяй і зараджаюць сваім настроем іншых. Чымсьці яны падобны на горкаўскага Данка, які вырваў сваё сэрца і вёў свой народ да лепшага жыцця.



–    На тваю думку, калі чалавек можа звярнуцца да паэзіі?

–    Большасць людзей звычайна пачынае пісаць у юнацтве, таму што гэта перыяд духоўнай узрушлівасці, эмацыйнасці, розных перажыванняў і ўплёскаў. Часта гэтае імкненне да пяра праходзіць разам з пераходным узростам, але ёсць тыя, хто зрабіў паэзію сваім шляхам жыцця. І маё жаданне – быць у ліку гэтых людзей.

–    Ты гаварыла пра музыку. Якой ты аддаеш перавагу?

–    Увогуле я слухаю самую розную музыку. Звычайна гэта класіка альбо трэкі груп «Немного не сильно» і Nizkiz.


–    Сама ты з Віцебска. Сумуеш па Малой радзіме?

–    Канешне, вельмі сумую. Віцебск – мой дом, ён назаўсёды застанецца ў маім сэрцы.

–    Якім ты яго запомніла?

–    Віцебск – вельмі творчы горад. У першую чаргу гэта горад мастакоў. Там амаль на кожным кроку можна сустрэць людзей, якія малююць прама на вуліцы партрэты, прыроду. Таксама ён вельмі багаты на архітэктурныя помнікі.

–    Віцебск моцна адрозніваецца ад Мінска?

–    Мінск, як звычайныя сталіцы, хуткі і дынамічны. Жыццё тут заўсёды б’е ключом. Віцебск, наадварот, больш спакойны і мерны. Нават у перыяд летніх фестываляў накшталт “Славянскага базара”.

–    А ў якіх беларускіх гарадах ты яшчэ была?

–    Была ў Оршы, Гомеле, Брэсце і Полацку. Апошні мне вельмі запомніўся сваёй велічнай архітэктурай.

–    Пасля 9 класа ты паступіла ў ліцэй БДУ. Цяжка было адаптавацца на новым месцы, у новым калектыве?

–    У ліцэі было многа вучняў з іншых гарадоў, таму я не адчувала сябе “белай варонай”. Там увогуле панавала вельмі добразычлівая атмасфера: вельмі прыемныя добрыя людзі, выкладчыкі, аднакласнікі. Можна было заўсёды знайсці занятак па душы і аднадумцаў.



–    Падтрымліваеш з кімсьці адтуль сувязь?

–    У мяне многа сяброў з ліцэя. У асноўным гэта людзі з майго класа ці з гістарычнага профілю.

–    Нягледзячы на сваё захапленне беларускай мовай,ты вучышся на спецыяльнасці перакладчыка. Чым быў абгрунтаваны твой выбар?

–    Я вельмі люблю беларускую мову, але мне цікава вывучаць таксама і замежныя мовы. Мабыць гэта нейкае жаданне чагосьці новага, таму што ў роднай мове я ведаю даволі шмат, а вось ў замежных ёсць свая нейкая таямніца, якую хочацца разгадаць. Плюс гэтыя веды дапамагаюць мне пры перакладзе твораў замежных аўтараў.

–    Спрабавала пісаць вершы на англійскай ці іспанскай?

–    Пакуль не, але займалася перакладам верша Стэфаніі Данілавай з іспанскай мовы.

–    Ты ўдзельніца многіх конкурсаў, у тым ліку і замяжой. Які з іх табе запомніўся больш за ўсіх?

–    Фестываль цікавай паэзіі “Собака Керуака”, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Вельмі хацелася туды трапіць, таму што там збіраліся вельмі таленавітыя паэты і проста цікавыя асобы. Я ехала нават не з мэтай перамагчы, а проста акунуцца ў гэтую атмасферу натхнення.


–    Не цяжка было прэзентаваць свае вершы перад публікай?

–    У мяне за плячамі ўжо даволі многа вусных выступаў, таму я прывыкла.

–    Якімі сваімі дасягненнямі ты можаш яшчэ пахваліцца?

–    Я з’яўляюся самым маладым кандыдатам на членства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Але мне трэба яшчэ многа працаваць, каб трапіць туды.

–    Што ты адчувала, калі дазналася што стала адной з лепшых маладых аўтараў па версіі Міністэрства інфармацыі?

–    Вялікую радасць, што мяне так высока ацанілі Прафесіяналы з вялікай літары,  і ад таго, што я ў чарговы раз адчула сябе на сваім месцы ў жыцці.

–    У цябе ёсць любімы паэт?

–    Нават некалькі! Барыс Пастэрнак, Марына Цвятаева, Ганна Ахматава, іспанскі паэт Гарсія Лорка, нашыя Рыгор Барадулін, Паўлюк Трус. Захапляе тое, як яны валодаюць словам, іх майстэрства, вобразнасць, якая прысутнічае ў творах. Асабліва Рыгор Барадулін. Мяне вельмі ўражвае яго валоданне мовай, якія незвычайныя беларускія словы ён ужывае ў сваіх творах. Гэта проста шыкоўна.

–    А з прозы што-небудзь чытаеш?

–    Вельмі падабаецца “Дзікае паляванне караля Стаха” Караткевіча.


–    З якімі вядомымі беларускімі аўтарамі ты сустракалася?

–    Я многа працавала з Міколам Шабовічам, ён рэдактар майго зборніка, з Андрэем Хадановічам, калі вучылася ў яго Школе маладога літаратара “W/ Rights”. Таксама мела зносіны з Міхасём Пазняковым і Вальжынай Морт.

–    Раней ты ўзгадала піцерскую паэтку Стэфанію Данілаву. Яна з’яўляецца адной з тваіх блізкіх сябровак і аўтарам прадмовы да твайго зборніка. Раскажы, як адбылося вашае знаёмства.

–    Са Стэфаніяй мы пазнаёміліся праз сацсеткі. Мне вельмі падабаліся яе вершы, я пачала перакладаць іх на беларускую мову. Стэф гэта заўважыла, ацаніла і запрасіла паўдзельнічаць у Міжнародным дні паэзіі, які арганізоўвала ў Мінску. З таго часу мы сталі больш мець зносіны, нават працавалі над адным праектам, які, на жаль, не выйшаў, але стаў добрым падмуркам да моцнага сяброўства.


–    Пагаворым пра такую не зусім прыемную рэч як крытыка. Ці заўсёды яна была канструктыўнай?

–    Я рэдка сутыкалася з неканструктыўнай крытыкай і ўвогуле лічу лепш не звяртаць на яе ўвагі. А вось адэкватная крытыка вельмі карысная: яна дапамагае мне палепшыць сваю творчасць, дае нейкі штрушок да развіцця і самаўдасканальвання. Калі я чытаю свае старыя вершы, то бачу наколькі я вырасла, пасталела, як палепшыліся мае навыкі і як яны працягваюць расці і рабіцца яшчэ лепш. Гэта вельмі радуе.

–    Акрамя паэзіі чым ты яшчэ захапляешся?

–    Маляваннем. Я вучылася ў Віцебскай мастацкай школе, і зараз малюю ў жанрах ілюстрацыі і партрэта. Калі паэзія адлюстроўвае мой унутраны свет словамі, то маляванне дапамагае надаць ім больш канкрэтную яркую карціну.

–    Чаго чакаць тваім чытачам у будучыні?

–    Я ўжо рыхтую другую кнігу вершаў. Назву пакуль трымаю ў сакрэце, але ідэя ёсць і засталося толькі яе рэалізаваць. Сама я многа і актыўна працую над зборнікам, і спадзяюся, што хутка ён зможа ўбачыць свет.



Фота з асабістых архіваў Вольгі Нікіценка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter