У сям'і Пракурат адно хобі на дваіх: жонка вышывае ручнікі, муж — карціны

Іголка нібы пэндзаль, а ніткі замест фарбы

Ніводная машына не зможа ўкласці ў вышываны выраб столькі, колькі чалавечыя рукі, лічаць Анатоль і Валянціна Пракурат з аграгарадка Боркі Бярозаўскага раёна. Муж з жонкай даўно захапляюцца адной справай — вышыўкай. Прыйшлі доўгія зімовыя вечары, значыць, самы час сесці на канапу, узяць у рукі іголку, ніткі і пачаць працу над новым творам.


Пракураты — пенсіянеры. Анатоль Рыгоравіч працаваў у ААТ «Боркаўскае» на розных пасадах, таксама ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Валянціна Рыгораўна — у дзіцячым садку аграгарадка загадчыцай. 

Пытаюся, адкуль такое хобі — вышыўка? Ці знойдзеш дзе яшчэ вясковага мужыка, які захапляецца жаночай справай?

Анатоль Рыгоравіч не згаджаецца:

— І хто толькі такое прыдумаў — жаночая, мужчынская? Жанчыны пілатуюць самалёты, жанчыну ўбачыш за стырном фуры. Не дзіва ўжо такое...



Валянціна Рыгораўна ўсё ж тлумачыць:

— У Анатоля мама добра вышывала. А ў школе ён на ўроках працы вучыўся не толькі сталярнай справе, але і вышыўцы крыжыкам. Прычым, заўважце, ён у мяне ляўша! 

На сценах кватэры Пракуратаў якіх толькі карцін не ўбачыш. Снегіры, качкі, пастаральныя пейзажы... Анатоль Рыгоравіч вышыў каля паўсотні карцін, многія з якіх вісяць у кватэрах дзяцей, у сяброў. Ён свае работы толькі дорыць, не прадае ні ў якім разе.



Майстар успомніў, што іголку з ніткай узяў у рукі 30 гадоў таму, задумаўшы вышыць карціну «Ісус і дванаццаць апосталаў»:

— Купіў канву, ніткі, часопісы са схемамі. Але цяжка ішла праца. Схема няпростая, іншы раз не хапала магутнасці акуляраў, дык браў яшчэ і лупу. Ажно тры месяцы вышываў. А калі ж вышыў, адчуў, што гэтая карціна (дарэчы, памерам 110 на 80 сантыметраў. — Прым. аўт.) — абярэг для нашай сям'і і што не трэба кідаць нітку з іголкай.

Цярплівасці Анатоля Рыгоравіча можна пазайздросціць. Калі што не так пойдзе — без жалю раскідвае карціну.

— Калі вышываю, уяўляю сябе мастаком, — расказвае майстар, узяўшы ў рукі пачатую работу па матывах казкі пра сястрыцу Алёнушку і братку Іванку. — Іголка нібы пэндзаль, а ніткі — фарба. Бывае няпроста падабраць патрэбныя па колеры ніткі, калі нешта ідзе не так — распускаю.


Валянціна Рыгораўна таксама зімовымі вечарамі не сядзіць без справы — вышывае на пару з мужам ручнікі, якія аздабляе карункамі. Пракураты называюць вышыўку зімовым хобі, бо летам хапае работы ў агародзе. 

— Вышылі ручнікі на вяселле пяцярым унукам, вышываем праўнукам. А можа, і нам спатрэбіцца які? — звяртаецца жонка да мужа, усміхаючыся. — Мы ж 47 гадоў у шлюбе, на носе залатое вяселле.

Пытаюся, чым яшчэ можна заняцца ў вёсцы на пенсіі, акрамя вышыўкі, кніг і тэлевізара? Анатоль Рыгоравіч — рыбак, любіць пася­дзець з вудай. Родам ён са Спорава, таму ўсе спораўскія фішкі прыжыліся на сямейнай кухні — і сушаныя ў печы карасі, і квашаніна з лінёў. А Валянціна Рыгораўна спявае ў хоры пры царкве Святога Мікалая ў вёсцы Чарнякава.
— Радуемся, што дзеці нашы хоць і жывуць у гора­дзе — у Бярозе, але любяць вёску. Адрамантавалі ў Пешках мой бацькоўскі дом, гэта побач з Боркамі, і летам там жывуць, — распавяла Валянціна Рыгораўна.



kozlovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter