Сакральный смысл архаичного обряда Вождения и похорон стрелы с выходом в озимое поле

Ідзе страла ды ўздоўж сяла

На ўсходзе Беларусі і ў некаторых іншых раёнах да нашага часу адбываецца вельмі архаічны абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы» з выхадам у азімае поле. Такія рытуальныя дзеянні асабліва характэрны для некаторых вёсак Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці. Жанчыны во­дзяць карагоды, качаюцца па жыце і закопваюць ляльку ці нейкую рэч накшталт пярсцёнка ці грэбня.

Фота з архіва «СБ»

Абрад мае ў сваёй аснове засцерагальную магію, скіраваную на максімаль­ную ўрадлівасць і абарону ад грамавых стрэл і пажараў. У сівыя часы практыкаваліся нават чалавечыя ахвяра­прынашэнні. Сёння такую ахвяру замяняюць сімва­лічнымі прадметамі.

Непарушную сувязь з продкамі, дзякуючы аўтэнтыч­наму абраду, падтрымліваюць сёння ў аграгарадку Стаўбун Веткаўскага раёна. У дзень Ушэсця Хрыстова, якое святкуюць на саракавы дзень пасля Вялікадня, жанчыны збіраюцца ў вялікі гурт і накіроўваюцца на поле. Каб прыняць удзел у абра­дзе, у Стаўбун прыязджаюць аматары народных звычаяў з розных рэгіёнаў. Найперш, каб адчуць святочную атмасферу і на свае вочы ўбачыць тое самае пахавання стралы. Як гэта адбываецца?

Удзельнікі з песнямі ідуць праз вёску на жытняе поле, дзе закопваюць у зямлю металічныя прадметы з просьбамі аб дабрабыце, дажджы і багатым ураджаі. Гэта, па павер’ях, можа абараніць родную зямлю ад розных нягод.

Асаблівая ўвага — да так званых стрэльных песень. Яны нечым нагадваюць кліч-маленне. З іх дапамогай вяскоўцы пасылаюць увысь просьбу, каб наваль­ніцы з дажджамі і агністымі стрэламі маланак не нашкодзілі гаспадарам, каб абараніць дамы, пасевы і каб ураджай быў шчодры. «Ідзе страла ды ўздоўж сяла...» — адна з такіх песень, якую заводзяць у карагодзе.

Яшчэ адно абавязковае дзейства — качанне ў жыце. Па ўяўленнях продкаў, гэта дапаможа здабыць здароўе ад матухны-зямлі. Кульмінацыя абраду — само «пахаванне стралы». Удзельнікі закопваюць каласкі ў зямлю з пажаданнямі захавання дома і маёмасці. Таксама прыкопваюць ля карэньчыкаў жыта дробныя прадметы: гузікі, шпількі, манеты.

Наогул, паняцце «страла» — гэта і нябесная маланка, і пажар, і вайна, і хваробы. Прычым удзельніцы старажытнага звычаю не проста спяваюць стрэльныя песні, а яшчэ і абавязкова вераць, што іх замовы чутны нават Богу. Інакш як растлумачыць такія з’явы? Ледзь жаночая частка вёскі пасля службы ў царкве і хроснага ходу пачынае прасіць неба аб добрым ураджаі — праз імгненне можа пайсці лівень!

АД ПРАДЗЕДАЎ

Цікавая асаблівасць: у абрадзе прымаюць удзел толькі жанчыны. Даследчыкі лічаць, што гэта сведчанне эпохі матрыярхату. Дарэчы, каля вёскі Стаўбун Веткаўскага раёна археолагі выявілі сляды знаходжання чалавека, якія адносяцца да перыяду аж 11-тысячагадовай даўнасці. Хто ведае, магчыма, з той пары і бярэ карані даўні звычай, які засцерагае зямлю беларусаў ад усякай бяды.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter