Кітайцы ў часы калектывізацыі стварылі пад Віцебскам калгас, і ён грымеў на ўсю краіну

«І намеснік тожа на яго пахожы»

На віцебскіх землях, дзе ў мінулым стагоддзі Сін Су-Дзі стварыў кітайскі калгас, яго суайчыннікі маюць намер арганізаваць высокатэхналагічнае сельгаспрадпрыемства
Шмат кітайскіх эмігрантаў з’явілася ў Беларусі пасля рэвалюцыйных падзей пачатку ХХ стагоддзя. Ад галечы і прыгнёту яны беглі з Паднябеснай, каб знайсці шчасце на зямлі Саветаў. У даваенныя часы пад Віцебскам ў вёсцы Марковічы існаваў нават кітайскі калгас. Як склаўся лёс яго заснавальнікаў і іх нашчадкаў, высвятляў карэспандэнт “СГ”.
Сін СУ-ДЗІ з жонкай Ганнай Сяменаўнай, сынам Пятром (стаіць справа) і дачкой Любоўю.

Гісторыкі адзначаюць, што ідэя стварэння і падтрымкі “нацыянальных” калгасаў на хвалі масавай калектывізацыі для нашай краіны з’ява распаўсюджаная. У БССР пасля 1929 года існавала 227 яўрэйскіх, 12 польскіх, два латышскіх, адзін цыганскі і адзін кітайскі калгас. Апошні выклікаў асаблівую цікавасць. Газетныя артыкулы пра тое, як кітайцы будавалі светлую будучыню ў прыдзвінскай глыбінцы, у архівах Нацыянальнай бібліятэкі знайшоў захавальнік фондаў Віцебскага раённага краязнаўчага музея Сяргей Марціновіч. Ён і падзяліўся падрабязнасцямі таго, як яно ўсё некалі было:

— Кітаец Сін Су-Дзі апынуўся за межамі радзімы яшчэ ў часы царскай Расіі. У Кітаі яго вялікая сям’я апрацоўвала маленькі надзел зямлі і жыла ў галечы, вымушаная плаціць землеўладальніку непасільную рэнту. Калі ў чарговы раз прыйшоў паліцэйскі і падняў руку на састарэлага бацьку, 19-гадовы юнак яго абараніў і пакінуў межы Кітая.

У 1914 годзе лёс занёс вандроўніка ў Барысаў, дзе ён уладкаваўся на дрэваапрацоўчы завод і захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі. У 1919-м запісаўся добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Дайшоў да Варшавы, быў паранены.

Кітайскага чырвонаармейца адправілі ў тыл, у Віцебск. Тут ён ажаніўся з беларускай дзяўчынай  Ганнай. На той час у горадзе жыло шмат суайчыннікаў Сін Су-Дзі, і яны, перасяленцы, звярнуліся да ўлады, каб атрымаць зямлю для вя- дзення сельскай гаспадаркі. Так пад Віцебскам з’явіўся першы кітайскі калгас “Кантонская камуна” — так перасяленцы вырашылі ўвекавечыць паўстанне рабочых і сялян Гуанчжоў, якое было жорстка задушана. Вырошчвалі пераважна гародніну, збіралі багатыя ўраджаі яблыкаў, здавалі дзяржаве жыта. Першыя гады былі цяжкімі, не хапала рыштунку, але дзякуючы працавітасці людзей гаспадарка развівалася.

Сяргей Марцiновіч прыводзіць цікавыя факты:

— У пачатку 1930-х, калі і ў наваколлі за працадзень атрымлівалі драбок збожжа, у Маркавічах калгаснікам давалі яго 750 грамаў, 1,4 кілаграма бульбы, паўкіло гародніны і 1 рубель 57 капеек. Калгаснікі мелі млын, даход таксама прыносіў продаж гародніны і садавіны.

Гледзячы на гаспадарчыя поспехі кітайцаў, да іх сталі прасіцца сяляне з суседніх вёсак. Іх у калгас прымалі, але лынды біць не дазвалялі, выганялі без апошняга кітайскага папярэджання.

Пазней было вырашана аб’яднаць “Кантонскую камуну” і суседнюю гаспадарку “Перамога”. Так утварыўся новы калгас — імя Гікала, які стаў інтэрнацыянальным. Побач з кітайскімі і беларускімі сялянамі працавалі латышы і палякі. Узначаліў новую гаспадарку Сямён Гайдукоў, а яго намеснікам стаў Сін Су-Дзі. Пра поспехі калгаснікаў пісалі многія журналісты. Гераіняй аднаго з артыкулаў стала мясцовая працаўніца Леаніда Маркоўская. Яна складала песні, хоць запісваць іх не магла, была непісьменная. Твор таленавітай сялянкі пра жыццё ў калгасе таксама быў надрукаваны:

У калгасе імя Гікала

жыццё добрае настала.

Скрозь у нас дастаткі —

 і ў полі, і ў хатах.

Наш старшыня новы,

хоць крыху і суровы,

Але вельмі слаўны,

усюды ён спраўны.

Кожну дробязь бачыць,

пра ўсё растлумачыць.

І намеснік тожа

на яго пахожы.

Чалавек трудзяшчы,

вельмі рабацяшчы.

Адна ў іх рада;

так яно і нада.

І брыгадзір талковы,

малады, здаровы.

Узяўся ён за справу

і вядзе на славу.

Лі-вун-лін — гароднік —

харошы работнік.

Як вясна настане

і сонца прыгляне —

Заўжды за работай

з вялікай ахвотай.

Правіць ён гароды

для нашай выгоды.

У нашым калектыве

мы жывём шчасліва.
Лёс кітайскіх калгаснікаў пасля вайны не прасочваецца. Вядома, што яны ваявалі на фронце і ў партызанскіх атрадах. Вяскоўцы, якіх пашкадавала вайна, яшчэ доўга ўспаміналі кітайскіх сяброў і паплечнікаў.

Рамонт сельгасінвентару.
Фота з часопіса  «Чырвоная Беларусь», 1932 год

Сін Су-Дзі з вайны не вярнуўся. Сёння ў Віцебску жыве яго дачка — 78-гадовая Любоў Рыбакова, якая рана згубіла маці і доўгі час пра мінулае сваёй сям’і нічога не ведала. Яе ўнучка, праўнучка Сін Су-Дзі, Адрыяна Якаўлева распавядае мне:

— Бабуля Люба — самая малодшая з дзяцей Сін Су-Дзі. З усёй сям’і пасля вайны выжылi толькі яна і самы старэйшы брат Пеця. Яны выхоўваліся ў дзіцячым доме. Бацькоў амаль не помняць: засталіся сіротамі яшчэ зусім малымі. Калі бабуля пакідала дзіцячы дом, ёй вярнулі сямейны фотаздымак, на якім яна разам з бацькамі і братам. Бабуля і не спадзявалася даведацца пра родных, пакуль выпадкова не прачытала ў мясцовай газеце артыкул пра кітайскі калгас. На старым архіўным здымку, дзе два калгаснікі збіралі яблыкі, яна пазнала бацьку. Параўнала з сямейным фота і ўпэўнілася: гэта ён.

Адрыяна пачала вывучаць свой радавод яшчэ падчас вучобы на гістарычным факультэце Віцебскага дзяржуніверсітэта. З дапамогай супрацоўнікаў раённага гісторыка-краязнаўчага музея сабрала багаты матэрыял пра кітайскі калгас, адным з заснавальнікаў якога быў яе прадзед. Гэтай тэме прысвяціла дыпломную работу. Праца Адрыяны, дарэчы, была ацэнена найвышэйшым балам. Дзяўчыну так паглынула вывучэнне тэмы, што нават вырашыла вывучыць кітайскую мову.

Дарэчы, сёння на землях былога кітайскага калгаса адно з самых наватарскіх сельгаспрадпрыемстваў — “Мазалавагаз". І Віцебшчына ў апошнія гады выклікае ўсё большую цікавасць у кітайскіх інвестараў, у тым ліку па лініі АПК. На ўзроўні аблвыканкама ёсць дамоўленасць аб стварэнні на тэрыторыі двух раёнаў найбуйнейшага высокатэхналагічнага малочна-таварнага комплексу, прадукцыя якога будзе арыентавана на еўрапейскі рынак.

andryxxxz@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter