Якія падарункі перед святамi спрабуюць незаконна пераслаць у міжнародных пасылках

Гульня ў хованкi

Перад Калядамі і Новым годам традыцыйна ўзрастае колькасць міжнародных паштовых адпраўленняў. Як спраўляецца з патокам падарункаў з-за мяжы Мінская рэгіянальная мытня?

Паштовыя адпраўленні не разукамплектоўваюць — з-за забароненага віскі ўся пасылка адправіцца назад

— У краіне ёсць два месцы міжнароднага паштовага абмену: «Мінская пошта» і Нацыянальны аэрапорт «Мінск». У аэрапорце апрацоўваюць пасылкі, якія прыбылі да нас паветраным шляхам. Тыя, што прыязджаюць на аўтамабілях і чыгункай, паступаюць сюды, — Андрэй Лапо, намеснік начальніка аддзела мытных аперацый і кантролю № 2 («Мінская пошта») Мінскай рэгіянальнай мытні паказвае рабочыя месцы сваіх супрацоўнікаў. — Мытнікі цесна супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі нацыянальнага  аператара «Белпошта». 

Пасля таго як супрацоўнікі пошты выгружаюць і прымаюць пасылкі, за працу бярэцца кіналагічная група МРМ, створаная пры аддзеле па барацьбе з кантрабандай. Дакладней, для хвастатых «мытнікаў» Фандзі і Асі гэта хутчэй не праца, а займальная гульня, у якой трэба вынюхаць наркотыкі ці псіхатропныя рэчывы і атрымаць прыз — любімы ласунак. Пасля іх агляду аператары сувязі рыхтуюць звесткі для мытні: паштовыя накладныя з інфармацыяй аб вазе, заяўленай каштоўнасці, улажэннях і дэкларацыі, калі такія маюцца.

Рэнтгенаапарат дазваляе ўбачыць, што ўнутры каробак.

Для кантролю змесціва бандэролі мытнікі часта прымяняюць рэнтгенаапарат, які дазваляе ў агульных рысах убачыць тое, што ўнутры. 

Вось увагу прыцягвае невялікая пасылка, у якой, мяркуючы па абрысах, змяшчаецца бутэлька. Між тым спіртное забаронена для перасылкі. Значыць, паштовае адпраўленне давядзецца ўскрываць для больш дэталёвай праверкі. Зрэшты, там можа быць і нешта іншае, напрыклад аліўкавы алей. Але не: у руках Андрэя Лапо ўсё ж аказваецца бутэлька віскі. Значыць, гэтая пасылка адправіцца назад, адрасат не атрымае моцны напітак, а адпраўшчыку давядзецца двойчы аплаціць перасылку.

Калядным падарункам нязменна выступае шакалад

— Зброя, алкаголь, замежная валюта, тытунёвыя вырабы, — пералічвае Андрэй Эдуардавіч рэчы, якія забаронены да перасылкі рашэннем камісіі Мытнага саюза, але даволі часта сустракаюцца ў паштовых адпраўленнях. — А таксама сродкі сакрэтнага атрымання інфармацыі, архіўныя дакументы, культурныя каштоўнасці. Самая вялікая наша праблема — зброя і вырабы, да яе канструктыўна падобныя. Грамадзяне лічаць, што калі ножык прадаецца ў любым магазіне, то яго можна заказаць па пошце з Кітая. Але любы нож мае тронкі, клінок. Пасылка з ім адправіцца на ручны паглыблены агляд. Аператар сувязі, у абавязкі якога ўваходзіць ускрыццё абалонкі пасылкі, прадставіць гэту рэч інспектару мытнай службы, якому і давядзецца прымаць рашэнне. У любым выпадку будзе прызначана экспертыза. 

Падчас нашай размовы ўскрыта яшчэ адна бандэроль. Інтуіцыя мытнікаў не падвяла — у руках аператара бачым некалькі купюр па 50 еўра. 

Невядомыя таблеткі абавязкова адправяцца на экспертызу

— Можна перасылаць поштай да 200 долараў, але для гэтага існуе асобны від адпраўленняў — пісьмы з аб'яўленай каштоўнасцю, — каменціруе Андрэй Лапо. — Іх трэба дэклараваць у падатковай інспекцыі. Людзі спрабуюць абысці гэта правіла, але дарэмна — грошы будуць канфіскаваны.

Над сталом, дзе даследуюць змесціва ўскрытых пасылак, усталяваны некалькі камер відэаназірання. Гэта дазваляе пазбегнуць мноства канфліктных сітуацый. Адрасаты, пакрыўджаныя патрабаваннем заплаціць мытную пошліну, нярэдка спрабуюць абвінаваціць супрацоўнікаў пошты і мытні ў крадзяжах. Таму ўвесь працэс, які пачынаецца ўскрыццём, працягваецца аглядам і завяршаецца паўторнай упакоўкай спецыяльным скотчам з абавязковай пастаноўкай штампа «Ускрыта па патрабаванні мытні», фіксуецца на відэа. 

Для хвастатай «мытніцы» Асі даследаванне пасылак — цікавая гульня

— Бывае, што сапраўды не хапае некаторых рэчаў, заяўленых у апісанні змесціва, — зазначае Уладзімір Гайдукевіч, начальнік аддзела мытных аперацый і кантролю № 2 МРМ. — Тады складаем акт, спрабуем прасачыць, на якім этапе перасылкі яны згубіліся. Часцей за ўсё іх забываюцца пакласці адпраўшчыкі. 

Большасць пасылак сёння прыйшлі з Германіі. А ў іх — навагоднія падарункі: разнастайныя цукеркі, шакалад, кофе, гарбата, калядныя кексы, мяккія цацкі, біжутэрыя, дробная бытавая тэхніка накшталт фена. Галоўнае, каб кошт пасылкі не перавышаў 22 еўра, а вага — 10 кг. Інакш адрасату давядзецца заплаціць 5 еўра за мытнае афармленне і 30% кошту ў частцы перавышэння, але не менш 4 еўра за кілаграм. Сума атрымліваецца не вельмі вялікая, але людзі настроены атрымаць менавіта падарунак, вось і крыўдзяцца, а бывае, нават адмаўляюцца ад яго. 


— Вось мара інспектара, — Андрэй Лапо паказвае невялікі пакецік. — Брошка, а пры ёй дакумент, які пацвярджае кошт. Так робяць магазіны, якія паважаюць сябе і нас. 

Сапраўдны ажыятаж выклікае празрысты мяшочак з падазронымі таблеткамі — белымі, з невядомай маркіроўкай. Гэта з аднолькавай верагоднасцю могуць быць і цукеркі, і экстэзі. Яны абавязкова адправяцца на экспертызу.

За 9 месяцаў праз «Мінскую пошту» прайшло 4,9 мільёна пасылак з рэчавымі ўлажэннямі. Трэць гэтай колькасці прыпадае на часы пік — калядныя, навагоднія і велікодныя святы. Праўда, у апошні час з развіццём гандлю праз інтэрнэт сумаваць мытнікам і аператарам сувязі не выпадае і ў іншыя дні.

nevmer@mail.ru

Фота Мінскай рэгіянальнай мытні і Аляксандра СТАДУБА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter