У красавiку 2019 года Прэзiдэнт падпiсаў указ аб будаўнiцтве Нацыянальнага дзiцячага тэхнапарка. Ён узводзiцца ў Першамайскiм раёне Мiнска на скрыжаваннi праспекта Незалежнасцi з МКАД па ўзоры адукацыйнага цэнтра «Сiрыус» у Сочы. У iнфраструктуру тэхнапарка ўваходзяць вучэбна-лабараторны корпус з сучасным абсталяваннем, iнтэрнат для пражывання навучэнцаў. Дарэчы, навучанне i пражыванне юных вундэркiндаў — выключна за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Мэта высакародная — выяўленне i развiццё ў школьнiкаў здольнасцi да навукова-даследчай i вынаходнiцкай дзейнасцi. Навучанне ва ўстанове праводзiцца па трох напрамках: «зялёная хiмiя», «робататэхнiка» i «iнфармацыйныя i камп’ютарныя тэхналогii». Рэалiзуюцца яны на базе БДУ, БНТУ i БДУIР адпаведна. 1 студзеня Нацыянальны дзiцячы тэхнапарк прыняў першую змену адораных рабят. Карэспандэнт «Р» пабывала на адным з лабараторных заняткаў i даведалася пра падрабязнасцi.
Новы праект адкрывае вялікія магчымасці перад школьнікамі.
Першы — пайшоў!
Дзесяць адораных навучэнцаў 9—11-х класаў з Брэсцкай, Гродзенскай, Мiнскай i Магiлёўскай абласцей i Мiнска атрымалi ўнiкальную магчымасць прайсцi падрыхтоўку па напрамку «зялёная хiмiя» на хiмiчным факультэце БДУ. На працягу трох тыдняў старшакласнiкi асвойваюць навыкi хiмiчнага эксперыменту, знаёмяцца з напрамкам «зялёная хiмiя» i вывучаюць бяспечныя спосабы сiнтэзу.
Нацыянальны дзiцячы тэхнапарк створаны 1 студзеня гэтага года.
— Мы падрыхтавалi два адукацыйныя палi — атрыманне бiяраскладальнай ядомай упакоўкi i ачыстка вады, — уводзiць у курс справы намеснiк дэкана хiмiчнага факультэта БДУ па навуковай рабоце Таццяна Савiцкая. — Абодва напрамкi маюць актуальную экала-гiчную накiраванасць. У аснове ляжаць метады «зялёнай хiмii». Яны не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, паколькi пасля сiнтэзу не застаецца таксiчных прадуктаў рэакцыi, якiя трэба ўтылiзаваць. Мы хочам паказаць рабятам, што побач з iмi iснуе сапраўдная навука, якая дазваляе ствараць высокатэхналагiчныя прадукты.
За час навучання школьнікаў пазнаёмілі з асновамі хімічнага эксперыменту.
— Працэс атрымання ядомых плёнак блiзкi да папулярнага сёння напрамку «малекулярная кулiнарыя». Адзiн з навучальных дзён быў прысвечаны вырабу прадуктаў з арганiчных палiмераў. Мы атрымлiвалi чорную i чырвоную iкру, апельсiнавыя спагецi i кандытарскую памадку. Адным словам, рабяты далi волю творчай фантазii.
...Адбор для навучання ў Нацыянальным дзiцячым тэхнапарку праводзiўся ў тры этапы. Школьнiкi прадстаўлялi даследчы праект, прайшлi тэсцiраванне i сумоўе. Дзесяцiкласнiк Мiкiта Жгельскi з горада Горкi стаў адным з дзесяцi шчаслiўчыкаў, каму ўдалося трапiць у першы набор:
— Трапiў сюды дзякуючы сваёй навуковай працы па бiялогii. Яна тычылася рэгулятараў росту морквы. На вобласцi ўзяў трэцяе месца. Потым быў другi адборачны этап. Мы пiсалi тэст, якi больш нагадваў IQ-тэст...
Мiкiта навучаннем задаволены. Кажа, што больш за ўсё спадабалася працаваць з палiмернымi плёнкамi. Забягаючы наперад, адзначу, што гэты напрамак прыйшоўся даспадобы большасцi ўдзельнiкаў праекта. Не выключана, што хтосьцi з iх у будучым прыдумае сваю тэхналогiю вытворчасцi бяспечных i экалагiчных упаковак.
Навучанне тут заматывуе да выбару будучай прафесіі ў сферы навукі і высокіх тэхналогій.
Навука на будучыню
Сёння па раскладзе — праверка вады на чысцiню i змяшчэнне iонаў. Рабяты заняты справай: звiняць шкляныя прабiркi, з адной ёмiстасцi ў iншую пералiваюцца вадкасцi i на ўсю моц працуюць прыборы, аб прызначэннi якiх мне як гуманiтарыю застаецца толькi здагадвацца. На секунду адцягваю Станiслава Андруцэвiча з г.п. Сапоцкiн Гродзенскай вобласцi ад працы i засыпаю пытаннямi. Малады чалавек захоплена распавядае аб праекце, прысвечаным уплыву ўгнаенняў на розныя сельскагаспадарчыя культуры, дзякуючы якому i трапiў у тэхнапарк. Станiслаў ужо вызначыўся i з выпускным праектам. Разам з Мiкiтам яны вырашылi рабiць харчовую плёнку з рознымi смакамi i дадаткамi. Затым напарнiкi правераць сваю распрацоўку на ядомасць.
Мужчынскую кампанiю юных навукоўцаў разбаўляе Дар’я Ляшук. Гэтая 11-класнiца з Пiнска разбурае ўсе стэрэатыпы пра бландзiнак. Яна перамагла на абласной навуковай канферэнцыi па хiмii. Яе праца тычылася катыён-радыкалаў. Тых самых, што ўплываюць на працэсы старэння. Пра iх Даша ведае ўсё, ну цi амаль усё. Дзяўчына ўжо цвёрда вырашыла паступаць у медунiверсiтэт i ахвотна скарысталася магчымасцю вывучыць метады «зялёнай хiмii» ў БДУ.
За час навучання школьнiкаў пазнаёмiлi з асновамi хiмiчнага эксперыменту, таму што без гэтых ведаў немагчыма выканаць сур’ёзны даследчы праект.
З дзецьмi працуюць выкладчыкi хiмiчнага факультэта i супрацоўнiкi навукова-даследчых лабараторый НДI фiзiка-хiмiчных праблем, размешчанага ў адным будынку з хiмiчным факультэтам. Непасрэдна ў лабараторыi старшакласнiкаў курыруюць студэнты другiх-чацвёртых курсаў факультэта, магiстранты i аспiранты.
Усе, з кiм мы сёння пагутарылi, сышлiся ў меркаваннi, што стварэнне Нацыянальнага дзiцячага тэхнапарка — гэта рэальная дзяржаўная падтрымка адораных навучэнцаў для развiцця iх здольнасцей, тэхнiчнай творчасцi, фармiравання цiкавасцi да навукова-тэхнiчнай i iнавацыйнай дзейнасцi. Плануецца, што дзiцячы тэхнапарк будзе працаваць круглы год i пазменна, а навучанне ў iм заматывуе школьнiкаў да выбару будучай прафесii ў сферы навукi i высокiх тэхналогiй.
Дэкан хiмiчнага факультэта БДУ Дзмiтрый Свiрыдаў — аб праведзенай працы i тых магчымасцях, якiя новы праект адкрывае перад школьнiкамi:
— Мы хочам, каб у рабят сфармiравалася ўяўленне пра тое, як сучасная навука стварае новыя матэрыялы i новыя тэхналогii. Атрыманыя тут веды спатрэбяцца iм у любой сферы, якую б ВНУ яны ні выбралi ў будучым. Спадзяёмся, што мы паспрыяем далучэнню гэтых таленавiтых дзяцей да высокатэхналагiчнай будучынi нашай краiны.