Чем удивляет «Груца» — народный клуб национальной кухни Радюковского сельского Дома культуры

«Груца» гатуе, гуляе і спявае

«Нам хвароба ніпачом, стаўчом кашу таўкачом» — калі пачуеце гэты спеў на якім-небудзь падворку Шаркаўшчынскага раёна, дык ведайце: сюды завітала «Груца» — народны клуб нацыянальнай кухні Радзюкоўскага сельскага Дома культуры. 

Рэгіна ГембIцкая, Ганна IванкIн і Альдона ПАПКО.

Назву клубу дала традыцыйная беларуская страва, некалі даволі папулярная ў нашых гаспадынь, бо на прыгатаванне не патрабаваліся якія-небудзь значныя выдаткі. Рэгіна Гембіцкая, былы кіраўнік калектыву, называе самы просты рэцэпт:

— Намачылі гарох папалам з ячневымі крупамі, залілі кіпенем — і ў печ. Хтосьці сушаныя грыбы дабаўляе, нехта прыправы розныя, нават кавалачкі мяса. І парыцца там страва, набірае гушчыню…

— І ўсё ж, Рэгіна Мікалаеўна, адкуль ёсць і пайшла «Груца»?

З полымя, з жару

— Ад «Вячорак». Сёння ўжо мала хто памятае, што першыя «Вячоркі» ў Віцебскім рэгіёне, а магчыма і ва ўсёй краіне, наладзіліся ў Радзюках. Гэта было на пачатку 1971 года. Сабралі жанчыны з усёй ваколіцы ў клубе ткацкія станкі, калаўроты — тое, што ад бабуль ды матуль засталося ў спадчыну. Запусцілі кросны, калаўроты — прадзецца кудзелька, слізгае чаўнок, песні спяваюцца. Ды такія даўнія, жаласлівыя, пра долю жаночую, любоў няўдалую… На вяселлях іх калісьці пелі. Пасля падумалі: вось песні мы захаваем, але ёсць у нас яшчэ адзін скарб — наша сялянская кухня. Вось ім бы падзяліцца, каб і дзеці нашы, і дзеці дзяцей запомнілі. Першай стравай, якую ўсе нагадалі, і была тая самая груца.

Паколькі печы сваёй клуб не меў, стравы рыхтавалі па хатах. Ах, печачка-печачка… З топкай, якая спакваля наталяе гарачынёй усё паднябенне, паступова збаўляючы градусы. Хутка патухне полымя, застанецца толькі жар, мільгаючы пералівам вогненнага світанку. Вось туды і ставіцца чыгунок з загадзя падрыхтаванымі стравамі, на чапяле ўладкоўваюцца патэльні з традыцыйнымі дранікамі ці мучнымі блінамі, разведзенымі на заквасцы… Колькі рэцэптаў захавала «Груца» ў сваёй скарбонцы — не злічыць!

Песні могуць забыцца, а кухня вечная, кажуць удзельнікі народнага калектыву. Хто спрабаваў засмажаны ў печы кумпяк? Хто запіваў яго раўгеняй — напіткам, прыгатаваным на аржаной муцэ, папярэдне прыпушчанай у той самай печы?..

Пераемнікі

Дзякуючы «Груцы» даўніх страў продкаў паспрабавалі ўсе жыхары Шаркаўшчынскага і акаляючых яго раёнаў. Для выезду ў населеныя пункты рыхтавалася цэлая канцэртная праграма. Яе ідэйным натхняльнікам была Ларыса Іванаўна Шпак. Гэта яна разам з дачкой Людмілай, колішнім дырэктарам клуба, і стаяла ля вытокаў народнага клуба нацыянальнай кухні. Ларыса Іванаўна стварала сцэнарыі на аснове сваіх прыродных здольнасцяў да вершаскладання. Нядаўна на 93-м годзе жыцця яна адышла ў вечнасць, пакінуўшы пасля сябе не толькі багатую і самабытную песенную творчасць, але і цэлую плеяду пераемнікаў. Валянціна Абрамава, Валянціна Лазарэц, Тэрэса Странчэўская, Ганна Ермакова… Адны з гэтых жанчын на пенсіі, іншыя працуюць у мясцовых установах культуры, сельвыкан­каме. Яны спяшаюцца пацешыць традыцыйнымі нацыяналь­нымі стравамі аднавяскоўцаў і жыхароў далёкіх ад гарадка паселішчаў. Нясуць ім багатую фальклорную і бытавую культуру.

Тэрэса Странчэўская.

Пячом бліны на калодзе

Гэта ад «Груцы» рас­паўсюдзіўся па рэгіёнах адмысловы звычай прыгатавання бліноў на калодзе. Упершыню ўдзельнікі клуба прадэманстравалі яго на раённым яблычным фэсце ў мемарыяльным музеі садоўніка-селекцыянера Івана Сікоры. 

«Мы гуляем на прыродзе, пячом бліны на калодзе»… Гэта з рэпертуару «Груцы», калі там яшчэ была задзейнічана Ларыса Шпак.

— Калода як прымус, — дзеліцца нестандартнай тэхналогіяй выпечкі бліноў Людміла Лазавік, дачка Ларысы Іванаўны. — Рассякаем калоду на шэсць частак, на кожную кладзём каменьчыкі, пад ніз — смалякі. Падпальваем. Патэльню ста­вім наверх…

Тэарэтычна зразумела, а на практыцы не шкодзіла б паспрабаваць. Вось такімі блінамі, спечанымі па адноўленай старадаўняй тэхналогіі, радуюць гасцей удзельнікі клуба.

Акрамя традыцыйных наведванняў сялянскіх падвор’яў, «Груца» пра­водзіць і іншую насычаную асветніцкую работу. Пастаянна ўдзельнічае ў большасці абласных і ва ўсіх раённых святах. Мае дыплом за папулярызацыю страў беларускай нацыянальнай кухні свайго рэгіёна на тэму «Здаровае харчаванне — сучасны стыль жыцця», дыплом лаўрэата II ступені ў конкурсе сярод кухань вобласці. Цікава, што некаторыя нацыянальныя стравы Шаркаўшчыны ўвайшлі ў зборнік рэцэптаў кулінарнай кнігі Валян­ціны Мацвіенка, кіраўніка Савета Федэрацыі Дзяр­жаўнай думы Расіі.

«А мы ідзём, ідзём пад багаты дом. Дзень добры таму, хто ў гэтым даму» — з такіх добрых зычэнняў і пачынаецца дыялог з гаспадарамі сялібы, дзе галоўным атрыбутам святочнага стала пазначана груца — страва, якая знітавала памяць продкаў з сённяшняй рэчаіснасцю нашчадкаў. 

Марыя КУЗАЎКІНА — спецыяльна для «СГ».
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter