Арцём Фамін — адзіны ў Прыдзвінні ганчар, які займаецца ўзнаўленнем некалі папулярнага ў раёне промыслу

Глыбоцкія вішні на фоне ветразяў надзеі

Гліняная ваза, увенчаная галінкай цёмна-вішнёвых буйных ягад, найбольш пасуе зместу творчасці Арцёма ФАМІНА, глыбоцкага ганчара з яшчэ не вельмі багатай творчай біяграфіяй. Вішанька, традыцыйная ягада беларускіх садоў, — своеасаблівы сімвал рэгіёна ўжо колькі год запар, брэнд вішнёвага фестывалю, які атрымаў шырокую вядомасць нават за межамі краіны. І на адной з яго шматлікіх пляцовак выстаўляе свае вырабы ганчар Арцём Фамін.


 У фондах Глыбоцкага гісторыка-этнаграфіч­нага музея захоўваюцца вырабы мясцовых ганчароў, што стваралі калісьці каларытны інтэр’ер сялянскіх хат, — распавядае галоўны захавальнік фондаў музея Вольга Бахір. — Збаночкі, невялікія гаршочкі-спарышы, спаяныя адной ручкай, бабачнікі…

Сёння Вользе Аляксандраўне даводзіцца тлумачыць сэнс большасці назваў керамікі, калісьці шырока распаўсюджанай у рэгіёне. Напрыклад, бабачнік — пасудзіна для выпечкі булак. Смятаннікі — ёмістасці для адстою малака, выдалення з яго тлустых вяршкоў, якія гаспадыні тым даўнім часам выкарыстоўвалі ў працэсе прыгатавання масла. Арцём Фамін узяў гэтыя старадаўнія прадметы за ўзор для сучаснага промыслу. Ён правёў поўную рэканструкцыю таго ж самага смятанніка і цяпер выстаўляе яго ў сваёй калекцыі як блізкі да арыгінала выраб. Увогуле, традыцыйная адметнасць глыбоцкага ганчарства — яго прыкладны характар. Цяжка ўявіць сабе рамесніка, які б бавіў час на розныя «дзівосы», не думаючы, як яны будуць выкарыстоўвацца ў тагачасным сялянскім быце. Прыгажосць як катэгорыя ў людзей, занятых ручной працай, тады асацыіравалася са зручнасцю, практычнай вартасцю прадмета. Гэту плынь народнага промыслу Арцём глыбока вывучае па розных крыніцах, у тым ліку на мясцовым матэрыяле.


Мой суразмоўца ў прафесіі не самавучка. У свой час скончыў Віцебскі тэхналагічны каледж менавіта па спецыялізацыі «ке­раміка». З дыпломам мастака-педагога атрымаў накіраванне ў ААТ «Белмастацкераміка». Было месца ганчара на канвееры. «Паставілі на паток» — менавіта так, з адценнем лёгкага жарту, характарызуе першае рабочае месца. Аб творчасці там, вядома, гаворкі не было. На патоку — посуд масавага ўжытку, ужо спраектаваны дызайнерамі. Але спакваля набываліся навыкі стасункаў з загатоўкамі, выпрацоўвалася хуткасць, пасці­галася сутнасць якасцей прыроднага матэрыялу — усё гэта пасля спатрэбілася ў самастойнай працы і вылілася ў канкрэтнае адчуванне той самай «набітай рукі». 

З такім адчуваннем і нарадзілася цяга да рэалізацыі ўласнага патэнцыялу, які смела можна назваць клічам далёкіх продкаў. На малой радзіме, у глыбоцкім Доме майстроў, Арцём заняўся вывучэннем ганчарнай спадчыны рэгіёна і асноў рамесніцтва, звязаных з індывідуальнай тэхнікай выканання задуманых работ.

Аснова асноў — гліна.

— Цяпер матэрыял прапаноў­ваюць інтэрнэт-магазіны, я таксама карыстаюся іх паслугамі, — распавядае майстар. — Спрасаваны ў формы па дваццаць пяць кіло, ён нагадвае пластылін, мае адпаведную клейкасць і цалкам гатовы для ўжытку. Але спачатку… 

Спачатку Арцём сам для сябе, для ўласнага самаўдасканалення, прайшоў курс маладога ганчара, які прадугледжвае працу са спаконвечным зыходным матэрыялам, дазваляе, урэшце, адчуць яго прыроднае гучанне. Для першых самастойных вырабаў майстра выкарыстоўваў цёмна-карычневую гліну (яе хапае ў ваколіцах Глыбокага). Працэс падрыхтоўкі зыходнага матэрыялу даволі працаёмкі. Гліна сушыцца на сонцы, пасля разводзіцца з вадой, прапускаецца цераз сіта. Застаецца маса, якая абагачаецца адпаведнымі дабаўкамі, затым зноў прасушваецца на гіпсавых паддонах.

— Як бачыце, шлях да ганчарнага кола патрабуе пэўнай практыкі ад выканаўцы, — Арцём завязвае тасёмкі прагумаванага фартуха з наліплай на ім карычневай глінай, бярэ ў рукі шналік (так называецца прылада, з дапамогай якой надаецца форма вільготнаму кавалку). Сёння гэта будзе звычайны збанок, такіх многа ў калекцыі ганчара. Вырабы розныя па форме, памеры, але ўсе традыцыйна характэрныя для колішніх сялянскіх сяліб Глыбоччыны. Адна з такіх калекцый пабывала на выставе «Гліна спявае», арганізаванай у рамках леташняга «Славянскага базару» ў Віцебску.

…Станцаваўшы на коле фуэтэ, збан адпраўляецца на абпальванне ў так званую муфельную печ, трапляючы ў асяроддзе сапраўднай домны.

Жонка Арцёма Фаміна Таццяна ў вольны час размалёўвае керамічныя вырабы.

— Пасля астывання змяшчаю збан у камеру з тэмпературай да 1300 градусаў, — каменціруе працэс Арцём. — Затым кераміка акунаецца ў звычайнае малако, пакрываецца разагрэтым пчаліным воскам — каб забяспечыць поўную ўстойлівасць ад пранікнення вільгаці. 

Не ўсе этапы працэсу ўдаецца ўбачыць ужывую, таму наяўнасці некаторых застаецца верыць на слова, назіраючы ўжо іх канчатковы вынік. 

Вось гэтыя вішанькі на вазе вылеплены з гліны ўручную, а затым пакрыты спецыяльнай палівай. І гэта ўжо новы віток творчага шляху майстра. Аддаючы даніну павагі традыцыям продкаў, Арцём адначасова паглыбляецца ва ўласны пошук, шліфуючы мастацкі почырк на фоне адметнага каларыту духоўнага фону роднага краю. Менавіта тут, у цесным перапляценні рэалій і вымыслу, існуюць рарытэты стогадовай даўнасці, якім Глыбоччына надае сакральны сэнс. І гэта не толькі сляды беларускага да Вінчы — Язэпа Драздовіча — мастака, пісьменніка, фалькларыста, пратаптаныя ім і ў літаральным, і ў пераносным сэнсе на гэтай зямлі… Гэта сусветна вядомы Мосар з касцёлам Святой Ганны. Гэта магіла Мюнхаўзена. Таго самага барона ці не? Пошукі адказу на гэтае пытанне ўжо колькі часу даюць глебу для роздуму мясцовым краязнаўцам. Глыбокае — гэта помнік земляку Паўлу Сухому, вядомаму авіяканструктару, трыумфальная калона ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай на мясцовых могілках. На ёй штогод селяцца буслы, яна стала адным з каларытных экспанатаў калекцыі ганчарных вырабаў Арцёма Фаміна.



Цесная сувязь у мастака з родным краем. Тут, у Глыбокім, нарадзіўся, на музейным матэрыяле вывучаў яго гісторыю, атрымаў падтрымку блізкіх і родных з нагоды свайго занятку, унікальнага для Глыбоччыны. І не толькі маральную. Жонка Таццяна ў вольны час бярэ ў рукі акрылавыя фарбы і наносіць на керамічныя вырабы роспісы-ўзоры: валошкі, рамонкі, званочкі, вішнёвую замяць… Адпаведна са сваім разуменнем прыгажосці родных ваколіц.

У калекцыі Арцёма — аўтарскія экспанаты, якія ўражваюць прыметным падабенствам з арыгіналам. Упарты баран. Конь, гатовы пусціцца ў галоп, насцярожаны зубр…

— Мае ідэі, — тлумачыць майстар. — Каня, напрыклад, я вырабляў у Копысі, на міжнародным пленэры. А вось гэта мой эксперымент — паруснікі.

Караблі з гліны… Вам даводзілася калі-небудзь бачыць такі мастацкі цуд? Сама аснова керамічная, мачты — з дрэва, ветразь — з тканіны, як і належыць. Палатно, шоўк, бязь…У калекцыі знайшоў прапіску нават «Лятучы Галандзец» як увасабленне дзіцячай мары пра далёкія краіны, таго, што не збылося, але заўсёды трымае душу ў палоне летуценняў і надзей…



А што наконт пунсовых ветразяў? 

— Будуць!... — Арцём трымае ў руках толькі што вырабленую загатоўку ў выглядзе мройнага карабліка далёкага дзяцінства.

Марыя КУЗАЎКІНА — спецыяльна для «СГ».

Фота з архіва Арцёма Фаміна.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter