Германавічы: сучаснымі сцяжынкамі «вечнага вандроўніка» Драздовіча

Помнікамі пісьменства мінуўшчыны пра першапачатковае фарміраванне славянскіх паселішчаў сталі старажытны летапіс «Аповесць мінулых гадоў» і яго працяг у Лаўрэнцьеўскім, Іпацьеўскім і іншых архіўных зводах. Пры апісанні падзей мінулага ў пісьмовых помніках узгадваюцца многія беларускія паселішчы.

У дакументах Вялікага Княства Літоўскага 1563 года ўпершыню адзначаецца сяло Германавічы як уласнасць Сапегаў на мяжы Віленскага і Полацкага ваяводстваў.

У 1739 годзе Юзаф Станіслаў Сапега прадаў маёнтак Яну фон Экель Гілзену. Германавічы сталі цэнтрам асобнага маёнтка, да якога далучаліся навакольныя вёскі Атокі, Белы Двор, Марыямпаль, Перамены, Пузаны, Рэчкі, Юзафоў. Чарговым гаспадаром Германавіч стаў род Шырынаў. Яны заснавалі тут касцёл і капліцу.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка апынулася ў Дзісненскім павеце Віленскай губерні Расійскай імперыі. Пазней яно стала цэнтрам воласці. Пачалі дзейнічаць вінакурны завод, вадзяны млын, крама, карчма.


З 1921 па 1939 год Германавічы, згодна з Рыжскім мірным дагаворам, былі цэнтрам гміны Дзісненскага павета Віленскага ваяводства буржуазнай Польшчы. У 1927 годзе адкрылася школа.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР статус паселішча паніжаны да вёскі. З 1940 года Германавічы — цэнтр сельсавета і калгаса, рэфармаванага ў ААТ «Княж».

З 2008-га — аграгарадок Шаркаўшчынскага раёна. Тут дзейнічаюць два музеі і Цэнтр ганчарства.

Старэйшына аграгарадка Вялікае Сяло Таццяна ПУГАЎКА, намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс» Марына ХАДАНЁНАК і старшыня сельвыканкама Мая ЯКІМОВІЧ віншуюць Уладзіміра БРУЙКО.

Хутка праімчалі па аўтамагістралі праз падобную на Швейцарыю перакацістую Лагойшчыну. У акружаным густым сасновым борам Бягомлі звярнулі на Докшыцы. На зялёных шатах прыдарожных дрэў там-сям прыкметны першыя фарбы надыходзячай восені. Перад уездам у Глыбокае на пастаменце застыў хуткакрылы Су, стваральнік якога выбітны савецкі авіяканструктар Павел Сухой нарадзіўся ў гэтым горадзе. Далей за райцэнтрам у некалькі кіламетрах ад магістралі мястэчка Мосар, якое называюць беларускім Версалем. Наш шлях ляжаў у шаркаўшчынскі аграгарадок Германавічы. Асфальтаваная стужка дарогі перасякае схаваны ў садах аграгарадок Вялікае Сяло, выцягнутую ў адну вуліцу вёску Шышкі.

Высока ў залітым сонечнымі промнямі небе над Германавічамі кружылі буслы. Белакрылыя птахі павольна ўзялі курс на поўдзень.

Механізатар Віктар ХАДАНЁНАК і дырэктар ААТ «Княж» Уладзімір БУДА.

Напоўненая крынічнымі во­дамі рака Дзісна, што ўпадае ў Заходнюю Дзвіну, падзяляе аграгарадок на дзве часткі. На высокім пагорку ўпіраецца ў неба крыжамі пабудаваны ў стылі віленскага барока касцёл Пра­абражэння Гасподняга. На другім беразе паўстаў праваслаўны Свята-Успенскі храм. Аднавіла дзейнасць і стараверская царква. Цудоўна захаваўся класічны палац Шырынаў.

Знаёмства з Германа­вічамі пачалося з культуры.

Дырэктар Мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча Людміла НАВІЦКАЯ, экскурсавод Таццяна КАТОВІЧ і супрацоўнік Алена МОЛАКАВА.

Са старшынёй сельвыканкама Маяй Якімовіч завіталі ў размешчаны ў шыкоўным будынку Мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча. Экспазіцыйныя залы размешчаны на двух паверхах. Палову палаца займае дзіцячы садзік. Плануецца яго перавесці ў школу і ў вызваленых памяшканнях пашырыць экспазіцыі.

Дырэктар музея Людміла Навіцкая задаволена, што круглы год едуць у Германавічы турысты. І ў гэты дзень чакалі групу сталічных гасцей. Летась адзначалася 130-годдзе з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Звыш тысячы экскурсантаў наведалі музей.

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму» Ада РАЙЧОНАК.

З Людмілай Навіцкай, наву­ковымі супрацоўнікамі Таццянай Катовіч і Аленай Молакавай прайшлі па багатых на экспанаты залах. У двух пакоях першага паверха ўражваюць прадметы сялянскага побыту. Шмат вырабаў кавалёў, бондараў, ткачоў, ганчароў, майстроў пляцення.

Экспазіцыя другога паверха расказвае пра жыццё і дзейнасць «вечнага вандроўніка» Язэпа Драздовіча. Дзяцінства яго прайшло ў засценку Пунькі, які існаваў непадалёку ад Германавіч. З малых гадоў праявіліся здольнасці сялянскага сына. Яго малюнкамі аздоблены вокладкі «Першага беларускага календара на 1910 год» і кнігі Канстанцыі Буйло «Курганная кветка».

Ксёндз Ян ПУГАЧОЎ.

Пасля службы ў царскай арміі ў 1917 годзе Драздовіч вярнуўся ў родныя мясціны. Жыў у сваякоў на хутары Лявонаўка, што побач з Германавічамі. Пра турботы землякоў-хлебаробаў Драздовіч расказваў у матэрыялах, якія друкаваліся ў газеце «Наша Ніва».

У трыццатыя гады мінулага стагоддзя, калі мясцовасць апынулася пад панскай Польшчай, ён разам з Міхасём Машарам і Янкам Пачопкам стварылі ў Германавічах культурны асяродак.

Сям’я ганчароў Ганны і Сяргея РЫМДЗЁНКАЎ.

У Язэпа Нарцызавіча было шырокае кола інтарэсаў: гісторыя, археалогія, этнаграфія, літаратура, астраномія. Ванд­руючы па вёсках Прыдзвіння і Палесся, запісваў і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку. Пісаў вершы, вёў дзённікі. У час адной з вандровак Драздовіча па Віцебшчыне сяляне знайшлі яго беспрытомным. Даставілі ў бальніцу. Але ўратаваць не ўдалося. На яго магіле каля глыбоцкай вёскі Малыя Давыдкі ўсталяваны барэльеф, у райцэнтры Глыбокае — бюст, а ў Траецкім прадмесці сталіцы — помнік «вечнаму вандроўніку». Нацыянальны музей Беларусі ладзіў выставу «Сусвет Язэпа Драздовіча». У гонар народнага мастака названы вуліцы ў сталічным мікрараёне Лошыца, у Оршы, Маладзечне, Глыбокім, Шаркаўшчыне, Радашковічах, Навагрудку. Творы яго захоўваюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным музеі Літвы, у іншых музеях і бібліятэках.

У вытокаў стварэння ў Германавічах Мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча стаяла педагог Ада Райчонак. Без яе асобы гісторыя Германавіч была бы няпоўная, таму наступнае маё знаёмства — з гэтай аматаркай гісторыі і культуры. Стварэнне музеяў — яе стыхія. Былы вязень Віцебскага гета Ада Эльеўна ўзначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму». У мірны час скончыла Полацкае педвучылішча і настаўнічала ў шаркаўшчынскай вёсцы Малыя Алашкі — на радзіме вядомага селекцыянера Івана Сікоры. Ада Эльеўна завочна вучылася ў Пскоўскім педінстытуце. Карысталася кнігамі з багатай бібліятэкі Сікоры. Па ініцыятыве настаўніцы ў Малых Алашках створаны музей слыннага вучонага.

Выпускнiкi Германавiцкай СШ 1976 года выпуску: Вера Зуй, Анатолiй Удобкiн, Галiна Гарлуковiч (РымдзЁнак), Аляксандр Пяткевiч, Ада Туронак (Рэдзько), Стэфан Катовiч.

Пасля замужжа Ада Эльеўна пераехала з сям’ёй у Германавічы. Тут старшыняваў у калгасе яе муж Алег Георгіевіч. Стварыла настаўніца і карцінную галерэю, якая носіць імя яе пакойнага сына Міхася. Адна з залаў прысвечана Халакосту. Гаспадыня галерэі ладзіць пленэры для мастакоў Беларусі і суседніх краін. Экспазіцыя папаўняецца новымі палотнамі.

Цікавай выдалася сустрэча і з ганчарамі Ганнай і Сяргеем Рымдзёнкамі. Былую млячарню гаспадаркі яны пераабсталявалі пад майстэрню. Кіраўнік яе Сяргей Леанідавіч — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Сваім вопытам дзеліцца з юнымі ганчарамі. За вырабам глінянага посуду засталі юнага Дзмітрыя Смолікава. На электрычным ганчарным крузе камяк гліны пад спрытнымі рукамі падлетка набываў форму вазачкі. Абпальваюць посуд у спецыяльнай электрапечы. Паліцы ўпрыгожваюць вазачкі, кубкі, статуэткі, свістулькі, сувеніры.

Шматдзетная сям’я Людмілы і Аляксандра АБРАМЧЫКАЎ.

Сяргей Леанідавіч, адчуўшы мой інтарэс да справы, патлумачыў, што не ўсялякая гліна падыходзіць для ганчарства. Адшукалі спецыяльнае радовішча непадалёку ад Германавіч. Дзейнічае тут і гурток ткацтва. У вопытнай Ганны Рымдзёнак дзяўчынкі пераймаюць уменне ткаць прыгожыя посцілкі, сурвэткі, ручнікі, ходнікі, дываны. Попытам карыстаюцца вырабы майстроў на кірмашах, святах, імпрэзах.

Летась Сяргей Рымдзёнак прызнаны лепшым у намінацыі «Народнае дэкаратыўна-пракладное мастацтва» рэспубліканскага конкурсу «Чалавек года ў сферы культуры». Дзмітрый Смолікаў на «Славянскім базары» ў Віцебску атрымаў спецыяльны прыз «Свістулька лепшага гучання».

Ганаровае званне народнага прысвоена самадзейнаму музычнаму калектыву «Гармонія» Цэнтра культуры і народных традыцый. Папулярны ў вясковых гледачоў «Вялікасельскія вячоркі». Штогадова ў чэрвені стала традыцыяй ладзіць свята аграгарадка. Летась урачыстасць прысвячалася 455-годдзю Германавіч.

Вадзіцель ААТ «Княж» Арцём МІШУТА.

Старажылы памятаюць цудоўнае гучанне касцельнага аргана. У часы масавага атэізму храм пераўтварылі ў калгасны склад. Унікальны музычны інструмент знішчылі. З усіх святароў Германавіч давялося сустрэцца ў той дзень толькі з ксёндзам Янам Пугачовым. Ён спадзяецца, што адновіцца арган.

Трэцяе стагоддзе адлічвае святыня. Столькі ж вякоў і двухпавярховаму палацу Шырынаў, акружанаму цяністым паркам. Паміж гэтымі архітэктурнымі помнікамі ўзвышаецца трохпавярховы будынак сярэдняй школы. Напрыканцы лета тут сустракаліся выпускнікі 1976 года. У той год атэстаты сталасці атрымалі 64 выхаванцы з двух класаў.

А сёлета школьны парог пераступяць толькі пяць першакласнікаў. Сярод іх і Ілья Абрамчык са шматдзетнай сям’і. Усё гатова ў яго да школы, як і ў старэйшых — брата Кірыла і сястры Надзеі. Самай малодшай у сям’і Еве няма яшчэ і года. У маляўнічым кутку аграгарадка стаіць дом Абрамчыкаў. Купілі яго з дзяржаўнай дапамогай. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці банкаўскі крэдыт спісалі.

З гаспадарамі прайшліся па прасторным падворку. Перад агародам заліты падмурак пад лазню. Аляксандр Фёдаравіч у вольны ад працы ў лясніцтве час складае зруб. Хапае клопатаў па хатняй гаспадарцы ў Людмілы Станіславаўны. Амаль дваццаць сотак бульбы на прысядзібным участку трэба выкапаць.

У дзень маёй каман­дзіроўкі ў Германавічы ў сельсавеце выпаў слынны юбілей яго жыхара. На сустрэчу з Уладзімірам Бруйко з Вялікага Сяла я спяшаўся разам з Маяй Якімовіч, старэйшынай аграгарадка Таццянай Пугаўка і намеснікам дырэктара па вытворчасці ААТ «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс» Марынай Хаданёнак. На парозе нас сустрэла сацыяльны работнік Таццяна Гарачка. Гаспадару Уладзіміру Васільевічу Бруйко споўнілася 95 гадоў!

Педагог Іна ПУЧЫНСКАЯ з выхаванцамі на дзіцячай пляцоўцы.

У гэты час ля падворка спыніўся легкавік, і з яго вый­шла жанчына з чамаданам. Лёля Уладзіміраўна, дачка юбіляра, прыехала з расійскага горада Твер. Больш як паўвека жыве там. На маё пытанне, ці не забыла родную мову, адпарыравала: мову, як і бацькоў, забыць немагчыма. Кранальнай была яе сустрэча з бацькам. Перад юбілеем амаль месяц правёў з ім сын Уладзімір Уладзіміравіч, які жыве на Камчатцы.

Адзінаццаць гадоў жыве адзін у доме аўдавелы гаспадар. Юнацкія гады яго выпалі на ваеннае ліхалецце. Сямнаццацігадовым фашысты забралі яго ў рабства. Працаваў у Нямеччыне на ваенным заводзе, а потым у швейцарскага фермера, у якога было дванаццаць дачок. Узгадаў Уладзімір Васільевіч, як швейцарац прапанаваў яму на любой з іх жаніцца. Душа юнака ірвалася да родных мясцін. Пасля вайны вярнуўся дамоў, займеў сям’ю. З жонкай да выхаду на пенсію працавалі ў калгасе.

На тэрыторыі сельсавета тры гаспадаркі. Германавічы — цэнтральная сядзіба ААТ «Княж». У той дзень механізатары завяршалі ўборку збожжавых. Пра асаблівасці жніва мы паразмаўлялі з дырэктарам сельгаспрадпрыемства Уладзімірам Будай. Ураджайнасцю хлебнай нівы кіраўнік задаволены. З кожнага з 1200 гектараў намалочана амаль па 28 цэнтнераў зерня. Пяць збожжаўборачных камбайнаў працавалі ў полі. Лепшым прызнаны Віктар Хаданёнак. Мы паехалі да яго на мехдвор. Дзясяты сезон ён убіраў збожжавыя на камбайне «Палессе DS-12». Пасля завяршэння жніва перасеў на магутны трактар з глебаапрацоўчымі агрэгатамі.

Механізатар Юрый Мятла абмалочвае збожжавыя на прысядзібных участках, агульная плошча якіх 140 гектараў. Многія жыхары сельсавета засяваюць надзелы збожжавымі, каб забяспечыць асабістую жывёлу фуражом. Больш як трыста кароў на падворках сельсавета. Дзве каровы ў Франца Шышко, з якім сустрэліся на вуліцы ў вёсцы Шышкі. Столькі ж трымаюць суседзі Ванда і Іван Шышко. Малако прадаюць індывідуальнаму прадпрымальніку. Закупляюць нарыхтоўшчыкі ў вяскоўцаў садавіну, гародніну. Ад усыпаных пладоў долу гнуцца галіны яблынь у шышкоўскіх садах. Чамусьці ў суседнім аграгарадку Вялікае Сяло сёлета сады адпачываюць. А бульбяныя палеткі радуюць добрым ураджаем.

Свежы ветрык урываўся ў кабіну аўтамашыны, на якой з шафёрам Арцёмам Мішутай імчалі з Германавіч у Шаркаўшчыну. Ад яго даведаўся, што пасля сярэдняй школы з чатырнаццаці аднакласнікаў трое выбралі працу на зямлі. Ён з Аляксандрам Фёдаравым і Данілам Гаўрыловічам скончылі Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж і працуюць у гаспадарцы. З дыпломам механіка вярнуўся дамоў і загадвае майстэрняй Вадзім Радкевіч. Пасля заканчэння Белдзяржсельгасакадэміі ўзначаліў інжынерную службу Дзмітрый Мацюш.

Пэўна, будучае Германавіч за такімі гаспадарамі.
Уладзімір ШПЕЦ, старшыня Шаркаўшчынскага райсавета дэпутатаў:


— Германавічы можна, без перабольшвання, назваць культурным і духоўным цэнтрам раёна. Паток турыстаў сюды штогод па­вялічваецца. З пачатку года аграгарадок прыняў іх больш як паўтары тысячы. Плануецца развіваць турыстычны сэрвіс. Адкрыта пешаходная і веласіпедная сцежкі па мясцінах Язэпа Драздовіча. Пасля рэканструкцыі палаца Шырынаў павялічыцца плошча экспазіцыйных залаў Музея імя Язэпа Драздовіча.

Для стварэння працоўных месцаў плануецца наладзіць вытворчасць пелетаў і павялічыць аб’ёмы дрэваапрацоўкі на прыватным прадпрыемстве.
Шаркаўшчынскі раён.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter