Владельцы агроусадьбы на Россонщине: хотим, чтобы отдых обогощал человека духовно и физически

Гаспадары аграсядзібы на Расоншчыне Сяргей і Валянціна Антаневічы: «Хочам, каб адпачынак абагачаў чалавека духоўна і фізічна»

Сяргей і Валянціна Антаневічы — гаспадары аграсядзібы на Расоншчыне, у глыбінцы, у мядзведжым кутку, і ім канкурыраваць з шыкоўнымі атэлямі паблізу сталіцы ці нават Віцебска ў плане прываблівання гасцей няпроста. Таму яны згодны з меркаваннем Прэзідэнта наконт падзялення аб’ектаў агратурызму, якія ён выказаў на нарадзе з Урадам, дзе ў тым ліку абмяркоўваліся ўдасканаленне прадпрымальніцкай дзейнасці і развіццё аграэкатурызму.

Прынцып гаспадара

Экалогія і прапаганда здаровага ладу жыцця — тыя фішкі, на якіх акцэнтуюць увагу гаспадары аграсядзібы з Расонскага раёна.

— Як наконт карпаратываў? Кажуць, ад іх неблагі бывае прыбытак у казну сядзібы, — пытаюся ў сваіх суразмоўцаў.

— Магчыма, але тут прынцып, — тлумачыць Сяргей. — Наглядзеўся гэтых карпаратываў, калі на турбазе працаваў. Хачу, каб адпачынак абагачаў чалавека духоўна, развіваў фізічна. Адсюль і нашы падарожжы па турысцкіх сцежках, паездкі па гістарычных мясцінах. Ад Рудні недалёка Полацк. У нас з гэтай нагоды распрацаваны маршрут. Усе ведаюць, што Расоны звязаны з імем Пятра Міронавіча Машэрава. У райцэнтры працаваў музей баявой садружнасці, дзе шмат захоўвалася матэрыялу пра баявое мінулае гэтага вялікага чалавека. Музей закрылі на рэканструкцыю, і доўжыцца яна дзесьці каля пяці год. А ён запатрабаваны. І маімі гасцямі таксама.

Сяргей прызнаецца, што любіць сустракаць гасцей. Цераз жывых людзей, а не толькі са сродкаў інфармацыі даведвацца пра жыццё розных рэгіёнаў краіны. Мой суразмоўца канстатуе новыя тэндэнцыі ў развіцці агратурызму. Беларусы сталі больш цікавіцца жыццём сельскай глыбінкі. Магчыма, гэта звязана і з абмежаваннем замежных ваяжаў з-за кавіду. Не было б шчасця, як кажуць, дык ня­шчасце дапамагло. 

Пра бізнес у мядзведжых кутках

— Нядаўна прапанавана ўдасканаліць заканадаўства аб прадпрымальніцкай справе. І гэта вельмі своечасова, — дзеліцца гаспадар аграсядзібы. — Вось і адказ вам наконт карпаратываў.
Прэзідэнт справядліва лічыць, што адна справа развіваць свой бізнес каля буйных гарадоў, на бойкіх месцах пад выглядам аграсядзіб арганізоўваць гасцініцы і рэстараны, другая — аграсядзібы ў мя­дзведжых кутках. Накшталт нашага. Тут плануюцца розныя падыходы з боку дзяржавы. Перш-наперш у плане падаткаабкладання.
Уладанні сям’і Антаневічаў можна лёгка акінуць вокам. На плошчы ў адзін гектар цяжка арганізаваць сапраўдны севазварот, і ўсё ж тут у цесным суседстве месцяцца культуры, неабходныя для вядзення той самай натуральнай, экалагічна чыстай гаспадаркі. Бульба, збожжавыя, грэчка як рэверанс пчолам. Сёлета добра ўрадзіла пшаніца, скасіць якую традыцыйна дапамагло мясцовае сельгаспрадпрыемства. 

— Ну і з дранікамі будзем, — гаспадар спадзяваецца на добры ўраджай бульбы.— Гародніна, вядома ж, уся свая…

Павага да спадчыны

— Звежжа — ад слова «звер» («звеж»). Ёсць такое ў стараславянскай лексіцы. Але не ўсё так сумна, — з лёгкім жартам Сяргей Антаневіч трактуе назву сваёй аграсядзібы. — Побач рэчка Звярынка. Сапраўды, відаць, у даўнія часы звера тут было шмат. Сёння захаваліся некаторыя экзэмпляры, але не ў такой колькасці. Архаічная ж назва — наша даніна мінуламу.

Павага да спадчыны і ў самім каларыце сядзібы, накірунку яе жыццёвага ўкладу. Калі ідэя толькі нараджалася ў думках гаспадароў, бясспрэчнай падавалася стаўка на вытворчасць экалагічна чыстых прадуктаў для будучых пастаяльцаў. 


— З належнага харчавання пачынаецца здаровы лад жыцця, — разважае Сяргей Мікалаевіч. Мой суразмоўца ведае, аб чым гаворыць. Ён у «аздараўленчай» справе спецыяліст са стажам: пачынаў на Расоншчыне інструктарам-фізкультурнікам у санаторыі-прафілакторыі «Лясное». Прыехалі сюды з жонкай Валянцінай з Краснапольскага раёна. Пакінуўшы зону адсялення са статусам чарнобыльцаў, аселі ў новых для іх мясцінах. Атрымалі катэдж, нарадзілі сыноў. Або­два ўжо дарослыя, кожны сваёй справай заняты, але бацькоў наведваюць часцяком. Па-першае, аграсядзіба — іх агульная ідэя. Па-другое, яе трэба было нейкім чынам увасабляць. Не толькі галавой, але і рукамі. Прыкупілі суседні дом, сталі прыстасоўваць яго пад пражыванне гасцей. Заняліся камфортам навакольнага асяроддзя.

Злавілі момант

Ландшафт каля Рудні сапраўды ўражвае сваёй сціплай прыгажосцю. Лес, рака і аблокі — так у трох словах Сяргей абмалёўвае каларыт тутэйшых ваколіц. Лес грыбны і ягадны. Гаспадар «Звежжа» туды і сам часта наведваецца. З сушаных баравікоў у аграсядзібе гатуюць поліўку — страву, вельмі папулярную ў гасцей. Хоць сёлета доўгачаканы грыбны сезон пакуль так і не наступіў, Сяргей і Валянціна здолелі злавіць адзін яго вокамгненны момант: баравікоў насушылі. Тая самая Звярынка, рэчка з «пагрозлівай» назвай, а па сутнасці рахманая і лагодная, як утаймаванае сабачаня, дастаткова прыстасаваная сваім норавам пад густы аматараў воднай стыхіі. Як і возера Якаўскае. І тут і там госці сядзібы могуць пусціцца ў загадкавае падарожжа на лодцы ці катамаране. А загадкавае таму, што гаспадары ў сваёй скарбонцы зносін, прызначанай для гасцявой аўдыторыі, назапасілі безліч легенд і паданняў, звязаных менавіта з гэтымі мясцінамі.


Меню тут не абмяжоўваецца адной поліўкай: у арсенале повара і гастранамічныя спакусы ў выглядзе традыцыйных дранікаў і калдуноў, тых самых «пальцам піханых» каўбас. 

Цэлы свет адкрыццяў

— Мы прыстасоўвалі пад прыём пастаяльцаў гасцявы дом і адначасова здзяйснялі галоўную мару: займаліся хатняй гаспадаркай, — дзеліцца Сяргей. — Справа зусім не новая ні для мяне, ні для Валянціны. Абодва ў вёсцы раслі. Ужо калі працавалі ў Рудні (я ў прафілакторыі, яна настаўніцай беларускай мовы і літаратуры), трымалі на падвор’і карову. Вядома, давялося ўключыць генную памяць, калі рашылі завесці парасят, птушку, а затым і трусоў. Затое мы не крывячы душой маглі сцвярджаць, што прадукты з нашай гаспадаркі свежыя, без хіміі, і гэту акалічнасць, безумоўна, ацанілі нашы госці.


— Клопатная справа?

— Ну так. Але і ўдзячная. Важны тут не толькі гастранамічны аспект. Паколькі стаўку робім на сямейны адпачынак, асноўны наш кантынгент — бацькі і дзеці. Уявіце, што прыязджаюць малыя, якія ў вочы тое парася не бачылі. Козачкі для іх нейкія экзатычныя жывёліны, рыбак назіралі толькі ў акварыуме. А мы прапануем дзіцяці цэлы свет адкрыццяў. Ёсць штучны вадаём, які акультурылі, зарыбілі. Цяпер госці маюць падчас адпачынку захапляючы занятак — рыбалоўства.

Пчолатэрапія на вышках

Гаспадарка немалая, але дапамогі ў чужых Антаневічы не просяць. Спраўляюцца сваёй сям’ёй. Тым больш і Сяргей яшчэ працуе інструктарам на спорткомплексе, і Валянціна кіруе народным тэатрам у Доме культуры суседняй з аграсядзібай вёскі. Вось гэта звыклы ўклад жыцця сялянскай сям’і. Калі перасякаюцца і асабісты, і грамадскі інтарэс. І скрыжаванне гэта нікому не шкодзіць, а, наадварот, выліваецца ва ўсеагульную карысць. 

— Хаця, — Сяргей Мікалаевіч імкнецца быць шчырым, — памочнікаў сабе часта знаходзім сярод гасцей. Хтосьці навучыўся касіць на бацькоўскай сядзібе, імкнецца ўспомніць навуку, аднавіць уражанні, а хтосьці проста спасцігнуць увогуле нескладаную сялянскую справу.

Вось нядаўна пастаяльцы дапамаглі гаспадару збудаваць вышкі для сена: памост з драўляных жэрдак шчыльна набілі высушанай травой. І не проста дзеля спартыўнага інтарэсу. На ім можна спаць, ловячы духмяны водар прырэчных лугоў, і слухаць меладычнае дзынканне пчол. Дыхаць мёдам, атрымоўваючы тую самую пчолатэрапію, якая ўдала дапаўняе ўсе астатнія аздараўленчыя функцыі аграсядзібы.

Менавіта такі падыход да развіцця аграэкатурызму і будзе падтрымліваць дзяржава.

Марыя КУЗАЎКІНА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter