Поэтесса Ольга Никитенко в 18 лет получила Национальную литературную премию в номинации «Дебют»

Эверэст Вольгі Нікіценкі

Студэнтка-другакурсніца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Вольга НІКІЦЕНКА яшчэ не ўваходзіць у склад Саюза пісьменнікаў Беларусі, бо ёй ледзь споўнілася васямнаццаць. Падзея ўступлення ў творчую суполку адбудзецца неўзабаве, а пакуль — не менш прыемная і ўрачыстая. Вольга на бялыніцкай зямлі падчас святкавання Дня беларускага пісьменства атрымае Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Дэбют» за паэтычны зборнік «Сузор’е птушкі», выдадзены напрыканцы 2019-га ў серыі «Мінскія маладыя галасы» пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі.

— Гэта мая першая кніга. Шчыра кажучы, калі рыхтавала яе да выхаду ў свет, то ведала пра намінацыю сярод пачынаючых аўтараў і моцна хацела ў ёй перамагчы. Таму Нацыянальная літаратурная прэмія для мяне не стала вялікай неспадзяванкай, бо я імкнулася да гэтага, старалася, і ўсё ўдалося. Творы прайшлі сур’ёзную рэдактуру, а мудрым настаўнікам і ідэйным натхняльнікам выступіў выкладчык Белдзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка, паэт, аўтар многіх кніг Мікола Шабовіч.


МІКОЛА Віктаравіч здаўна зарэкамендаваў сябе памочнікам і таварышам маладых парасткаў беларускай нівы. На адной з паэтычных вечарын, дзе са сваімі вершамі выступала і Вольга Нікіценка, вопытны паэт заўважыў яе здольнасці і, нібыта хросны бацька, прывёў пагрэцца да палымянага літаратурнага вогнішча. Так, як і калісьці аўтара гэтых радкоў, у Дом літаратара.

Вольга Нікіценка апраўдала давер, аказалася стараннай і здольнай. Нацыянальная літаратурная прэмія не першая, але самая высокая прыступка яе Эверэста. Дагэтуль перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Першацвет» сярод маладых аўтараў, дзе сур’ёзнае і бескампраміснае журы між соцень прац выбірае самыя-самыя. А летась у дзяўчыны Гран-пры ў конкурсе «Брама мар», што праводзіўся на факультэце журналістыкі БДУ. У 2018-м нанесла творчы візіт у Санкт-Пецярбург на тамтэйшы фестываль, дзе таксама стала лаўрэатам.

Асвойвае перакладчыцкую прафесію, вывучае англійскую і іспанскую мовы. А да роднай беларускай прызвычаілася змалку. Дзевяцікласніцай нечакана для сябе адолела ўсе этапы алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, на ўзроўні рэспублікі атрымала пахвальны водзыў. І пасля гэтага захацела самастойна пісаць творы. Некаторыя з так званых спроб пяра ўвайшлі ва ўшанаваны літпрэміяй зборнік. «Ні дня без радка» — гэтым дэвізам карыстаецца маладая паэтка. Піша не толькі вершы, але і нататкі пра жыццё, дзе выражае ўласныя досведы і перажыванні. З часам такія «цыдулькі», так гэты жанр называецца на сучасным слэнгу, перарастаюць у паэзію.

— Удасканальваю, дапісваю, рэдагую, бо не лічу сябе такой геніяльнай. Прызнанне галаву пакуль не ўскружыла, таму цвёрда трымаюся на нагах, а свое­часовая разумная дапрацоўка толькі палепшыць справу, — перабірае праўкі Вольга.

Так, яе творы маюць прызнанне, расійскія мовазнаўцы іх перакладаюць на нямецкую і рускую мовы. Дзяўчына ў гэтым рэчышчы спрабуе сябе і сама. З-пад яе пяра іспанская, англійская, нямецкая паэзія гучаць па-беларуску. Лаўлю сябе на думцы, што вельмі пасуе перакладчыку ведаць замежныя мовы, каб працаваць не з падрадкоўнікам (механічным узнаўленнем тэксту), а з арыгіналам. Як старанны лінгвіст, Вольга Нікіценка дзейнічае менавіта так. У аўтарскіх вершах не імкнецца адпавядаць новым павевам часу, а разам з імі нестандартным формам, між тым спрабуе сябе ў розных стылях, каб выпрацаваць свой — непаўторны. Раўняецца на Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча.

Вольга Нікіценка праз 15 гадоў — якая яна? Адказвае без роздуму:

— Падобная на сябе, з уласным почыркам, маю каля дзясятка кніг, перакладаю вершы і прозу. У мяне многа чытачоў, якія тое, што пішу, любяць. Выступаю, працягваю весці суполкі «УКантакце» і Instagram, дзе публікую свае допісы, расказваю гісторыі, якія за імі стаяць.

Можна падумаць: юнацкія мары, напоўненыя максімалізмам. Або ружовыя акуляры, якія паб’юцца скрозь час. Ды гледзячы на гэтую паэтку, чытаючы яе радкі, слухаючы не па ўзросце мудрыя развагі, я, як і яе выкладчыкі, сябры, радня, пераканана: марам суджана збыцца. Бо за імі стаіць цвёрдае разуменне, што ўсё грунтуецца на працы, самаўдасканаленні і рашучым імкненні наперад.

— Калі эпідэміялагічная абстаноўка канчаткова палепшыцца, буду, як і раней, сустракацца з чытачамі ў школах, бібліятэках, на вялікіх пляцоўках. Упэўнена: калі аўтара пачуюць і палюбяць, то абавязкова захочуць узяць у рукі і яго кнігу. Да таго ж вялікая моц — інтэрнэт. Чаму б яго не скарыстоўваць для папулярызацыі творчасці? Асабістае ў яднанні з грамадскім дае непадробны і чаканы эфект. І больш увагі рэспубліканскім літаратурным часопісам і газетам! Напрыклад, у нашым універсітэце на кафедры філалогіі сталі літаральна настольнымі «Маладосць», «ЛіМ», «Дзеяслоў», у якіх можна многаму павучыцца. Разам з аднакашнікамі абмяркоўваем навінкі — цудоўна, каб такая практыка замацавалася ва ўсіх установах адукацыі, і не толькі вышэйшага звяна.

Крышку перафразую знаёмую прымаўку: творчая асоба — творчая ва ўсім. І гэта таксама пра Вольгу Нікіценку. Малюе не толькі словам, але і пэндзлем, сама зрабіла ілюстрацыі да сваёй кнігі. І калі ў другім выпадку спрыяюць фарбы, то ў вершаскладанні — цікавыя параўнанні, метафары, форма, рыфма і рытміка. Вольга прывыкла своеасабліва бачыць свет, заўважаць прыгажосць у самым звычайным і перадаваць гэта праз прызму ўласнага адчування. Родам дзяўчына з Віцебска, таму часта апявае прыдзвінскія краявіды. У маладой асобы няпростая задача — выйсці на шырэйшую дарогу, заваяваць вядомасць і прызнанне між суайчыннікаў, зарабляць на кнігах і выдаваць іх шматтысячнымі тыражамі. 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter