Тысячы беларусаў, сядаючы зранку ў аўто, настройваюць радыёхвалю на 105,1, каб пачаць дзень бадзёра і весела. А інакш і не можа быць — як кажуць, праверана на сабе. З 7 да 10 гадзін раніцы на радыё “Сталіца” вяшчаюць Ала Рыжэвіч і Валерый Кандрацьеў — вядучыя шоу “Ранак робiм разам”, дзе ёсць месца і тонкаму гумару, і нечаканым гісторыям, і карыснай інфармацыі… І ўсё гэта на беларускай мове. Дарэчы, беларускамоўнае вяшчанне не перашкодзіла дзяржаўнай радыёстанцыі стаць годным канкурэнтам прыватным. Мы пагутарылі з вядучай шоу, загадчыкам аддзела інфармацыйных праграм радыё “Сталіца” Алай Рыжэвіч пра тое, чаго чакаюць беларусы зранку, якімі эфектамі валодае беларуская мова і як змянілася радыё за апошнія дзесяцігоддзі
— Ала, раскажыце, як вы звязалі свой лёс з радыё?
— Я прыйшла на радыё “Сталіца” ў 1993 годзе. Гэта быў вельмі свядомы прафесійны выбар. Справа ў тым, што ў той час радыё адыгрывала зусім іншую ролю, чым цяпер. Гэта быў вельмі важны элемент камунікацыйных зносін. Я апынулася ў палоне яго містыкі. І праз 25 гадоў працы на радыё магу ўпэўнена сказаць, што сваё месца ў журналістыцы знайшла правільна. Радыё, можна сказаць, дапамагло мне і ў асабістым жыцці. Я тут пазнаёмілася са сваім цяперашнім мужам, які прыйшоў на “Сталіцу” даваць рэкламу. Гэта таксама было даўно, у 1990-я. Сёння ў нас ужо двое дарослых сыноў.
— Мяркуючы па вашых эфірах, радыё — ваша стыхія. А па жыцці вы таксама “лапатушка”?
— Можна і так сказаць. Я сапраўды вельмі эмацыянальны чалавек. Можа, не такі, як у эфіры. Бо радыё прымушае і хутка думаць, і хутка казаць. Але наша жыццё ўвогуле надта хуткае. Таму калейдаскоп інфармацыі, музыкі, забаў у эфіры зараз успрымаецца вельмі арганічна. Гэта прыкмета нашага часу.
— Наколькі змянілася радыё з таго часу, калі вы прыйшлі на яго працаваць?
— Кардынальна. Па-першае, адбыўся значны скачок у тэхнічным развіцці. Памятаю, як хадзілі на запісы яшчэ з бабіннымі “Рэпарцёрамі”. Зараз працаваць вельмі зручна, журналісты моцна тэхнічна ўзброены. А па-другое, вырас наш слухач, ён стаў вельмі патрабавальным. І мы мусім ісці за ім. Таму прасоўваем радыё ў інтэрнэт-прасторы, развіваемся ў сацыяльных сетках. Гэта цікава. Магчыма, хутка радыё наогул знікне з эфіру, а пойдзе ў інтэрнэт. І я не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Ведаю, моладзь адмаўляецца сёння ад тэлевізараў, глядзіць перадачы праз інтэрнэт. Чаму такім шляхам не можа пайсці радыё? Гэта адпавядае патрабаванням часу.
— Заўсёды вяшчалі па-беларуску?
— Так, гэта фішка радыё “Сталіца”. Гэта падмурак, на якім мы грунтуем сваю працу, і гэта тое, што вылучае нас сярод іншых радыёстанцый.
— А калі вы самі пачалі ўспрымаць беларускую мову як родную?
— Сама я вырасла ў Магілёве, беларускую мову чула толькі ў школе. І як след далучыцца да яе ў мяне атрымалася толькі ў студэнцкія гады. У нас на журфаку былі выдатныя выкладчыкі, якія заразілі нас любоўю да мовы. Зразумела, што асабіста мой пераход да мовы адбыўся, калі пачалі сніцца сны па-беларуску.
— А сёння адчуваеце цікавасць у нашым грамадстве да беларускай мовы?
— Адчуваю. Мой малодшы сын зараз вучыцца ў БДУІР. І разам з іншымі студэнтамі стараецца размаўляць менавіта па-беларуску. Не ведаю, што імі кіруе, унутраная патрэба ці жаданне адпавядаць часу, але гэта здорава. Просіць, каб і я камунікавала з ім выключна па-беларуску. Сама ў паўсядзённым жыцці звычайна размаўляю на той мове, якой карыстаецца мой субяседнік. Так прасцей. Але ў эфіры гэта правіла не працуе. Мы размаўляем толькі па-беларуску, а субяседнікі могуць гаварыць і па-руску, калі гэта ім больш зручна.
— Сапраўды ўсё больш і больш людзей пачынаюць карыстацца беларускай мовай. Вось толькі размаўляюць усе неяк па-рознаму. Скажам, адны ўжываюць працэнты, другія — адсоткі, адны п’юць чай, другія — толькі гарбату… Як вы адносіцеся да такой варыятыўнасці?
— Вельмі станоўча. Людзі стараюцца гаварыць на беларускай мове, і гэта вельмі добра. Адзін вельмі паважаны мною чалавек неяк сказаў: “Калі не ведаеш правільнай слоўнікавай беларускай мовы, лупі на трасянцы. Лепей так, чым ніяк”. Калі мой сын толькі перайшоў на беларускую мову, ён таксама выкарыстоўваў недакладныя словы. Памятаю, накладвае на талерку ежу, я кажу: “Гэта вельмі шмат, ты столькі не з’ясі”. А ён мне: “З’ясу”. Але ж стараўся! Трэба ж з нечага пачынаць.
— А якога правіла вы прытрымліваецеся ў эфіры — слухаць голас вуліцы, ужываючы нейкія модныя словы, або арыентавацца на слоўнікі і даведнікі?
— Мы частка сур’ёзнай арганізацыі — Белтэлерадыёкампаніі, таму карыстаемся літаратурнай, выверанай, слоўнікавай беларускай мовай. Але радыёэфір — гэта жывы эфір. Ён таксама прадугледжвае выкарыстанне той лексікі, якая ўжываецца на вуліцы. А прысутнасць у мове нейкіх модных, свежых слоў сведчыць пра тое, што яна жывая, што яна развіваецца.
— Ці ёсць у вас любімыя беларускія словы?
— Любімых слоў у мяне многа, напрыклад “каханне” — вельмі добрае, прыгожае і ўзнёслае. Падабаецца “краіна” і сінонімы “радзіма”, “айчына”, “зямля”, “Беларусь”. Цудоўныя словы — “знічка”, “прытуліцца”, “карункі”, “журавіны”, “сяліба”, “абшар”. Гэта даволі простыя словы, але ў іх я адчуваю вялікі сэнс і своеасаблівую мелодыю. Наогул беларуская мова вельмі сакавітая. Шмат прыгожых, дзіўных слоў, якія адразу чапляюць вуха і знаходзяць водгук у сэрцы.
— Вы аўтар і вядучая ранішняга шоу. Што, на ваш погляд, патрэбна беларусам зранку?
— Рэцэпт ранішняга шоу быў прыдуманы некалькі дзесяцігоддзяў таму. Ранішні час які? Самы мітуслівы, актыўны і насычаны. Таму патрэбна больш інфармацыі, пазітыўнай гутаркі, музыкі, забаў. Ніякіх Амерык мы тут не адкрываем. Адзінае, у радыё “Сталіцы” — свой асаблівы голас. Абраны намі рок-фармат вызначае сур’ёзны тон размовы і стыль падачы інфармацыі. Многія слухачы адзначаюць, што нас адрознівае інтэлігентная манера падачы інфармацыі, няма залішняй пустаты, размовы ні аб чым. Мы не падстройваемся пад слухача і не глядзім на яго зверху, але вядзём гутарку, як роўныя. І такі стыль радыё “Сталіца” знайшоў водгук.
— Хто вашы слухачы?
— У нас дакладна адметная аўдыторыя. Праводзілі яе аналіз і склалі партрэт сярэднестатыстычнага слухача “Сталіцы”. Атрымалася, што гэта чалавек гадоў 30, самадастатковы, які вызначыўся па жыцці, мае свае жыццёвыя прынцыпы. Больш маладыя людзі нас таксама слухаюць — бачым гэта па водгуках, допісах у сацыяльных сетках. І радуе, што нашы слухачы стараюцца камунікаваць з намі таксама на беларускай мове.
ХІТРЫК АД АЛЫ РЫЖЭВІЧ:mila@sb.by
— Беларуская мова валодае не толькі заспакаяльным, але і псіхатэрапеўтычным эфектамі. Калі сутыкнуліся ў жыцці з нейкай праблемай, выкажыце яе па-беларуску. У вас напэўна з’явіцца зусім іншы погляд на праблему і, магчыма, знойдзецца нейкае выйсце. Псіхатэрапеўты рэкамендуюць выкарыстоўваць мову, якой вы не карыстаецеся штодня. Можна, напрыклад, англійскую або нямецкую. Але мне больш падабаецца наша, родная.
Фота з асабістага архіва і БЕЛТА