Ужасы Озаричского концлагеря: свидетели вспоминают, через какие страдания им пришлось пройти и выжить

Дзяцiнства, апаленае болем успамiнаў

У Танюш, дзяўчынак з вёскi Красноўкi былога Парыцкага (зараз Светлагорскага) раёна, дзяцiнства адабрала нямецка-фашысцкая набрыдзень, якая загнала iх у азарыцкае пекла. З тым дзiкiм холадам, голадам, болем i страхам, якiя ўрэзалiся ў iх памяць на ўсё жыццё так моцна, што i зараз не-не ды i выцiскаюць слёзы.

Фото Александра Кулевского

Дзве Таццяны

Таццяне Мiхайлаўне Курыловiч (да замужжа — Фiлiпчык) сёння 86 гадоў, а Таццяне Iванаўне Куццiной (Какоўка) — на год меней. Абедзве з’явiлiся на свет у простых сялянскiх сем’ях, якiя мелi прысядзiбныя ўчасткi з сякой-такой жыўнасцю ды працавалi на калгасных гонях. Не скажаш, што жыццё было заможным, але радавала тое, што з кожным годам яно паляпшалася.

— У нашай сям’i да вайны, — распавядае Таццяна Мiхайлаўна, — было трое дзяцей: Маня, я i Валодзя, якi нарадзiўся ў 1940 годзе. Бацьку Мiхаiла Трафiмавiча пры­звалi ў армiю, i ён вярнуўся дадому з баявымi ўзнагародамi. А мацi Iрына Iванаўна заставалася ў вёсцы разам з намi.

Дзве Таццяны сёння.

— Тое самае было i ў нашай сям’i, — працягвае яе расказ Таццяна Iванаўна, — акрамя таго што дзецьмi ў ёй былi мой старэйшы брат Саша ды я. А бацька Iван Дзянiсавiч атрымаў два цяжкiя раненнi на вайне. Ён доўгi час, знаходзячыся на фронце, не ведаў, што напрыканцы 1941 года нарадзiўся яго сынок Ваня.

Таццяна Мiхайлаўна i Таццяна Iванаўна рассказваюць, што ў адзiн з лютаўскiх цi сакавiцкiх дзён 1944 года фашысты са сваiмi паслугачамi-палiцаямi сiлком выганялi жанчын, старых i дзяцей з хат на сход, дзе iм было аб’яўлена, што iх збiраюцца пераправiць у бяс­печнае месца: маўляў, каб яны не трапiлi пад кулi i снарады.

Як след сабрацца ў дарогу (а куды павязуць, нiхто не ведаў) часу не было, i таму людзi прыхапiлi з сабой толькi сякiя-такiя пажыткi ды што-нiшто з прадуктаў харчавання. Павезлi, нягледзячы на плач i просьбы вяскоўцаў пакiнуць iх тут. Спачатку ў нейкi перасыльны лагер, а потым, як высветлiлася, у ваколiцы гарадскога пасёлка Азарычы. Грузавiкоў, крытых брызентам, якiя павольна рухалiся па бездарожжы, было шмат. Яны часта буксавалi, i тады няшчасныя па снезе, гразi цi лужынах плялiся наперад. Тых, хто адставаў, тут жа прыстрэльвалi. Здаралася i так, што нявольнiкаў жыўцом кiдалi пад колы машын, каб тэхнiка працягвала маршрут.

Азарыцкае пекла

I вось рэдкалессе, абгароджанае калючым дротам у два рады. Чатыры вышкi з кулямётнай вартай. Нiводнага збудавання, нават прыбiральнi няма. Наскрозь гола, адкрыта, калi не лiчыць сякога-такога кустоўя ды некалькiх дзясяткаў сасонак. Надвор’е — самая сапраўдная расхлябiца: то снег, то дождж, то мароз, то вецер. Схавацца i пагрэцца няма дзе. Пад пагрозай расстрэлу забаранялася разводзiць вогнiшчы. Сухога месца для таго, каб прысесцi цi паляжаць, не знайсцi. Даводзiлася садзiцца цi класцiся проста на снег цi на целы памерлых, якiх пасля кожнай ночы заставалiся дзясяткi, а можа i сотнi. Iх доўга не прыбiралi, а пасля складвалi штабялямi.

Фото архивное

Невялiкiя запасы пра­дуктаў харчавання ў людзей хутка скончылiся, а пра тое, што чалавек не можа пражыць без ежы, фашысты i думаць не хацелi. Праўда, iншым ра­зам з грузавiка праз калючую агароджу нацысты кiдалi хлеб, як высветлiлася пазней, заражаны тыфам, i тады вязнi натоўпам беглi туды, а нелюдзi дзеля забавы страчылi па iх з кулямётаў i аўтаматаў.

— Нашы мацi, — гавораць Таццяны, — у такiх выпадках не адпускалi нас ад сябе.

Не было i чыстай пiтной вады, i вязнi абыходзiлiся то снегам, то жыжай балацянак. У лагеры фашысты штучна распаўсюджвалi тыф не толькi для ўмярцвення нявольнiкаў, але i для таго, каб падчас вызвалення заражаць чырвонаармейцаў. Выратавацца ў такiх нечалавечых умовах, калi адольвалi голад, холад i хваробы, было надзвычай цяжка, але людзi настойлiва шукалi выйсце. Фiлiпчыкi i Какоўкi, напрыклад, здзiралi з соснаў кару i смалу, збiралi iглiцу i пускалi ўсё гэта ў ход. А мацi, каб сагрэць дзяцей, седзячы на снезе, скрозь якi праступала вада, прыхiналi iх да сябе, прыкрываючы нейкiмi лахманамi. У такiх вось умовах трохгадовы Валодзя Фiлiпчык памёр, а ў яго сястры Танi нага прагнiла да самай косцi. У Каковак таксама былi страты: загiнулi маленькi Ваня i яго дзядуля i бабуля. Таццянам пашанцавала: яны выжылi.

Збавенне

— Не толькi мы, а ўсе вязнi канцлагера праз два-тры днi апынулiся б на нябёсах, — зноў у адзiн голас кажуць Таццяна Мiхайлаўна i Таццяна Iва­наўна, — калi б 19 сакавiка 1944 года не прыйшлi чырвонаармейцы. Фашысты замiнiравалi ўсе падыходы да лагера: давялося некалькi дзён абясшкоджваць гэту тэрыторыю. Калi нашы вызвалiцелi ўбачылi, у якiм стане былi нявольнiкi, многiя плакалi разам з намi. Нямала было смяротных выпадкаў сярод вязняў, калi яны самастойна спрабавалi хутчэй вярнуцца дадому, не ведаючы пра тыя замiнiраваннi. А пасля, як нам стала вядома, сярод вызвалiцеляў пачалася эпiдэмiя сыпнога тыфу.

ФОТО ИЗ СЕМЕЙНОГО АЛЬБОМА ВЕРЫ СОЛОНОВИЧ
Людзей пачалi развозiць па тых населеных пунктах, дзе ацалелi хаты. Фiлiпчыкi трапiлi ў вёску Астрагляды, а Какоўкi — у Дудзiчы. Не маючы нi кала нi двара, яны фактычна ператварылiся ў бежанцаў, якiх чакала цяжкая доля. Iх дзецi з жабрацкiмi торбачкамi ў руках пайшлi па блiзкiх i далёкiх вёсках, спадзеючыся, што чым-небудзь разжывуцца. Адны нешта давалi, другiя толькi разводзiлi рукамi: самi сядзiм у голадзе.

Потым было вяртанне дадому, у Красноўку. Адступаючы, гiтлераўцы пусцiлi на дым нямала хат, у тым лiку Какоўкi i дзвюх цётак Таццяны Фiлiпчык. Добра, што радня, суседзi i знаёмыя былi спагадлiвымi, дапамагалi неяк уладкоўвацца ды ад талакi не адмаўлялiся, каб у бядоты з’явiлася жытло.

Калi з вайны вярнулiся бацькi, стала i лягчэй, i весялей. Працы хапала ўсiм, у тым лiку i падлеткам. Дзве Танi, як i iншыя дзецi, i па гаспадарцы былi заняты, i мацi сваiм у калгасных справах дапамагалi, i пра вучобу не забывалi. Пасля заканчэння школы змянiлi месца жыхарства, пераехаўшы ў Гомель, дзе атрымалi рабочыя прафесii, выйшлi замуж, нарадзiлi дзяцей. Таццяна Фiлiпчык стала Курыловiч i 37 гадоў адпрацавала на кандытарскай фабрыцы «Спартак», а Таццяна Какоўка — Куццiной, яна сваё прафесiйнае майстэрства токара, фрэзероўшчыка i шлiфоўшчыка дэманстравала не некалькiх прадпрыемствах абласнога цэнтра. Партрэты абедзвюх змяшчалiся на дошках гонару.

Сяброўства Таццяны Мiхай­лаўны i Таццяны Iванаўны як пачалося з дзяцiнства, так працягваецца i зараз. Збiраючыся ра­зам i ў кампанii, яны вельмi любяць спяваць. А ўспамiнаючы пра жахi i пакуты Азарыцкага канцлагера, кажуць, што падобнае не павiнна паўтарыцца. Нiколi i нi з кiм.

КАМЕНТАРЫЙ

Iнайда САЎЧЫЦ, старшыня Гомельскай гарадской грамадскай арганiзацыi «Дзецi вайны»:

— Наша арганiзацыя iснуе ўжо 31 год. Яна абараняе законныя правы i iнтарэсы былых непаўналетнiх вязняў нацызму, паляпшае якасць iх жыцця. Сярод нас ёсць тыя, хто па стане здароўя не выходзiць з дому, але нiхто з iх не застаецца без увагi — дзякуючы таму, што мы працуем па гуманiтарнай праграме «Месца сустрэчы: дыялог». У Беларусi ў рамках яе дзейнiчаюць дзясяткi праектаў.

Фото архивное

Трыццаць пяць валанцёраў i актывiстаў нашай арганiзацыi наведваюць тых вязняў, якiя маюць патрэбу ў апецы. Сярод iх i школьнiкi, якiя дапамагаюць вязням авалодаць камп’ютарнай граматай. З’яўляючыся апошнiмi сведкамi злачынстваў нацызму супраць чалавецтва, мы наладжваем сустрэчы з моладдзю, стараючыся данесцi да яе, што такое вайна, якое гора яна прыносiць, як важны мiр на Зямлi. Бадай што ў горадзе няма нiводнай навучальнай установы, дзе б не пабывалi члены нашай арганiзацыi. Спасылаючыся на свой асабiсты вопыт, яны растлумачваюць моладзi сутнасць сапраўдных каштоўнасцей жыцця. Разам з настаўнiкамi i работнiкамi iнспекцый па справах непаўналетнiх удзельнiчаюць у перавыхаваннi цяжкiх пад­леткаў, праводзяць iншую карысную работу. Так, у арганiзацыi дзейнiчаюць гурткi па iнтарэсах. Нашы карцiны i iконы, вышытыя бiсерам, як i карцiны мастака-вязня Фелiкса Аляксеевiча Казлоўскага, дэманструюцца на розных выставах горада.

Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter