Вясна — гэта, вядома ж, і аднаўленне свету, і натхненне, і паэзія. Цяпер штогод паводле рашэння сесіі ЮНЕСКА (1999 г.) 21 сакавіка праводзіцца Сусветны дзень паэзіі. А ў нас, у aбласной бібліятэцы для юнацтва, ладзіліся “Паэтычныя вячоркі” з удзелам Cвятланы Новік, пісьменніцы з беларускімі родавымі каранямі. Актывісты гарадской грамадскай арганізацыі “Беларускае нацыянальна-культурнае таварыства “Сябры” святкавалі Дзень паэзіі з навучэнцамі прафтэхвучылішча. Бібліятэкар Вольга Кастэнка правяла экскурсію для гасцей, расказала, чаму ў друкаванай кнігі ёсць будучыня, хоць і электронныя ўжо наступаюць. Яна ж раздала фармуляры, запрасіла навучэнцаў папоўніць шэрагі чытачоў.
Старшыня суполкі Галіна Варажбіт расказала, што за экспанаты прадстаўлены на выставе беларускага выяўленчага мастацтва, пра 15-я ўгодкі суполкі “Сябры”, яе справы. Далей слова мела Святлана Новік, аўтар сямі раманаў, многіх філасофска-псіхалагічных і лірычных вершаў. Трохі расказала, як няпроста бывае працаваць на ніве прыгожага пісьменства. З цікавасцю слухалі хлопцы і дзяўчаты яе аповед пра тое, чаму ў беларускі цяпер дзве радзімы: Беларусь і Украіна. Калі ж пачулі, што раман “Праклён белага лебедзя” прынёс ёй ды Украіне перамогу ў Сусветным літаратурным конкурсе (Германія), то ўзнагародзілі пісьменніцу апладысментамі. Дарэчы, апавядаецца ў рамане пра лёс чарнігаўскага палкоўніка, графа Васіля Дуніна-Баркоўскага: ён быў наказным гетманам Левабярэжнай Украіны ў 1687 годзе.
Актывісты суполкі чыталі вершы беларускіх і ўкраінскіх паэтаў. Прайшлі віктарыны на веданне гістарычных падзей Беларусі. “Паэтычныя вячоркі” ў Чарнігаве атрымаліся — з беларускім каларытам.
Голас Радзімы № 12 (3564), чацвер, 29 сакавіка, 2018 у PDF
Суполка “Сябры” зладзіла “Паэтычныя вячоркі” ў Чарнігаўскай aбласной бібліятэцы для юнацтва
Дзень паэзіі ў Чарнігаве
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.