Азербайджанская компания Socar в марте увеличит объем поставок нефти в нашу страну

Дыверсіфікацыя дае плён

Учора з турэцкага порта Джэйхан выйшаў першы танкер з азербайджанскай нафтай маркі Azeri Light для Мазырскага НПЗ. Аб’ём пастаўкі — 90 000 тон. Сыравіна будзе дастаўлена ва ўкраінскі порт Адэса, адкуль яе далей пераваляць на Мазырскі НПЗ па трубаправодзе Адэса — Броды. Раней было заключана пагадненне з дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Азербай­джана Socar аб пастаўках у сакавіку дзвюх партый нафты танкерамі з агульным аб’ёмам каля 170 000 тон. Але, як стала вядома, аб’ём паставак павялічыўся, паведаміў афіцыйны прадстаўнік канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка.

Прыкладна 20 сакавіка плануецца выхад другога танкера.
pixabay.com

— Аб’ём паставак ад Socar на сакавік павялічыўся, будзе трэці танкер. Агульны аб’ём складзе каля 250 000 тон нафты. Гэта не крайнія танкеры, якія плануюцца для нашых заводаў. З тэрыторыі Украіны сыравіна бу­дзе дастаўляцца па нафтаправодзе Адэса — Броды. Гэты нафтаправод гатовы да працы з такой нафтай.

Прыкладна 20 сакавіка плануецца выхад другога танкера з азербайджанскай нафтай, але ўжо з грузінскага порта Супса. Дарэчы, з дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Азербайджана Socar наша краіна мае вялікую гісторыю працы на нафтавым рынку. Рэспубліка купляла ў гэтай кампаніі нафту ў 2011 і 2016 гадах, азербайджанскі бок купляе беларускія нафтапрадукты. Нагадаем, на мінулым тыдні ва Урадзе прайшлі прадметныя перагаворы з Socar і дасягнута дамоўленасць аб нарошчванні аб’ёмаў паставак нафты ў краіну. Сёлета, як чакаецца, яны дасягнуць 1 млн тон. Усё будзе вызначацца кожны месяц зыходзячы з эканамічных, лагістычных складальнікаў і г.д. І што важна, дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве на пастаяннай аснове на будучыню.

Адзначым, актыўна ідзе дыверсіфікацыя паставак чорнага золата не толькі па паўднёвым напрамку. На гэтым тыдні ў літоўскі порт Клайпеда прыбыў першы з двух танкераў з расійскай нафтай ад трэйдараў, якая будзе перапрацоўвацца ў ААТ «Нафтан». І стала вядома, што пачалася пастаўка ў краіну па чыгунцы. Як паведамлялася, у студзені ў гэты порт прыйшло судна з 86 000 тон нарвежскай нафты. Сыравіна гатунку Johan Sverdrup таксама была прызначана для перапрацоўкі ў ААТ «Нафтан».

— Што тычыцца паўночнага напрамку паставак, балтыйскіх партоў, то два сакавіцкія танкеры не крайнія, пастаўкі па гэтай лагістычнай схеме плануецца працягнуць. Наступныя танкеры могуць прыйсці, хутчэй за ўсё, у красавіку, — растлумачыў Аляксандр Цішчанка. — Мы выйшлі з зоны камфорту, працуем з альтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі, дыверсіфікацыя працягваецца. Нафта, якая павінна была пастаўляцца па трубе, зараз выкінута на рынак трэйдарамі. І сёння з трэйдарамі, як паказвае практыка, працаваць можна, гэта дастаткова гнуткая і аператыўная сістэма. Галоўнае, каб характарыстыкі нафты супадалі з тэхнічнымі параметрамі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Акрамя гэтага, у сакавіку нафту без прэміі будуць пастаўляць шэсць расійскіх кампаній, сярод якіх «Сафмар» і пяць новых для краіны пастаўшчыкоў. У канцэрне «Белнафтахім» падкрэсліваюць: заяўлены раней аб’ём паставак нафты ў сакавіку на НПЗ у раёне 1 млн тон можа атрымацца большым. Усё залежыць ад хуткасці пастаўкі. Да прыкладу, умовы надвор’я ў студзені затрымалі танкер з нарвежскай нафтай, ён павінен быў зайсці ў порт крыху раней. Нагадаем, у студзені і лютым беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працавалі на палове загрузкі і перапрацавалі каля 1,8 мільёна тон нафты. 

sichevich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter