Николай Агафонов уверенно держит эстафету управления СПК «Федорский» Столинского района

Дырэктар СВК «Фядорскі» Столінскага раёна Мікалай Агафонаў: «Мой жыццёвы прынцып — заставацца ў любой сітуацыі чалавекам»

За амаль чатыры дзесяцігоддзі працы ў СВК «Фядорскі» многае змянілася ў характары сённяшняга старшыні Мікалая АГАФОНАВА. Памяняліся нават звычкі. Акрамя адзінай, перанятай на генетычным узроўні, — прачынацца на досвітку, калі ўсё навокал яшчэ ў салодкай дрымоце. З далёкага дзяцінства памятае, як рана падымаліся бацькі, каб перад працоўным днём паспець управіцца па гаспадарцы. Запаў у яго сэрца пераезд сям'і з таежных мясцін Пермскага краю на поўдзень Расіі. Любіў назіраць, як на бязмежных хлебных нівах Прыдоння працавалі трактары, камбайны. Юнацкай мары не здрадзіў — атрымаў дыплом інжынера па сельгасмашынах. Пэўна, лёсам было наканавана маладому спецыялісту прыехаць пагасцяваць да сваякоў маці ў пінскую вёску Табулкі. У мясцовай газеце прачытаў пра будаўніцтва на абноўленых землях саўгаса «Бярэжцы». У той час засваенне палескіх балот было аб'яўлена Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй. Загарэўся жаданнем працаваць у новай гаспадарцы, рэарганізаванай пазней у СВК «Фядорскі».

За дзесяцігоддзі кіравання інжынернай службай атрымаў багатую практычную школу гаспадарання ў вядомага на ўсю рэспубліку старшыні Рыгора Аляксеевіча Дзямко. На пачатку мінулага года Мікалай Іванавіч пераняў ад яго эстафету кіравання калектывам. Гаспадарка ўпэўнена развіваецца, нарошчвае аб'ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі. Тут самая высокая ў краіне шчыльнасць буйной рагатай жывёлы: амаль 200 галоў на сто гектараў сельгасугоддзяў. Штогод дзяржаве пастаўляецца амаль 6 тысяч тон ялавічыны і звыш 19 тысяч тон малака. Па асноўных эканамічных паказчыках сельгаспрадпрыемства стабільна замацавалася сярод лідараў, неаднаразова заносілася на Рэспубліканскую дошку гонару.

Руплівасць Мікалая Іванавіча адзначана ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мінсельгасхарчу, Рэспубліканскага аграпрамысловага саюза, Брэсцкага аблвыканкама. На рэспубліканскіх і абласных святах-кірмашах «Дажынкі» ён неаднаразова атрымліваў дыпломы пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва.


Свой жыццёвы выбар Мікалай Агафонаў цвёрда вызначыў у дзяцінстве. За шчасце хлопчыку было зазірнуць у кабіну трактара, патрымаць рукамі запаветнае стырно. Зайздросціў сябрам, бацькі якіх працавалі механізатарамі. У юнацтве цікавасць да тэхнікі ўзмацнілася. Пасля заканчэння сярэдняй школы адслужыў у арміі і адразу паступіў на інжынерны факультэт Зернаградскага сельгасінстытута Растоўскай вобласці Расіі.

— З лёсам не паспрачаешся, — рэзюміруе Мікалай Агафонаў. — Як і з тым, што збіраўся на заслужаны адпачынак, а стаў старшынёй СВК «Фядорскі». На пачатку 1985 года створаны на базе былога калгаса імя Шчарбакова новы саўгас «Бярэжцы» ўзначаліў выпускнік Беларускай сельгасакадэміі Рыгор Дзямко. А праз чатыры месяцы пачаўся і мой працоўны шлях у гэтай гаспадарцы. Абжыўся і з Растоўскай вобласці перавёз у Фядоры нашу сям'ю. Бацькі да выхаду на заслужаны адпачынак працавалі на ферме. Калектыў жывёлаводаў папоўніла і сястра Раіса. А брат Андрэй сеў за руль трактара. Другой радзімай стаў гэты палескі куток. Тут нарадзіліся дзеці. Для васьмігадовага ўнука Мішы вялікая радасць, калі бяру з сабой праехаць па гаспадарцы. Усё яго цікавіць. Захапляюць поле, луг. Палеткі нашы шырокія, вокам не акінуць. Збожжавы клін зай­мае звыш 2500 гектараў. Дзесяць камбайнаў за два тыдні справіліся са жнівом. Амаль па паўсотні цэнтнераў збожжа даў кожны гектар. У былыя гады атрымлівалі і большую ўраджайнасць. Уборка збожжавых — самая простая справа для хлебароба. Пры сучаснай тэхніцы абмалаціць збожжавыя нескладана. Узнікла праблема з уборкай мокрай пасля навальніц саломы. На пераўвільготненыя палі немагчыма заехаць тэхнікай. Застаецца чакаць, пакуль усё навокал падсохне. Вялікія спадзяванні сёлета на ўраджай кукурузы і сеяных траў. Завяршылі трэці ўкос люцэрны, чакаем чацвёрты. Будзе і пяты. Скошаную масу правяльваем і закладваем сянаж. Зараз на чарзе ўборка кукурузы на сілас. Нашы лугі і палі мяжуюць з поймай рэк Прыпяць і Стыр. Пасля далучэння суседняй заняпалай гаспадаркі агульная плошча сельгасугоддзяў перавысіла 10 тысяч гектараў, што складае чацвёртую частку ворыўных плошчаў раёна. Асноўныя ўгоддзі — на меліяраваных землях. Пастаянна займаемся рамонтам меліярацыйных сістэм. Укладваем уласныя сродкі і на мадэрнізацыю жывёлагадоўчых комплексаў. Іх у нас некалькі. Спраў хапае, толькі паспявай.

— Вашу гаспадарку неаднаразова наведваў Прэзідэнт, сустракаўся з працаўнікамі. Пэўна, і сёння яго парады дапамагаюць калектыву трымаць марку…

— Двойчы Аляксандр Рыгоравіч быў у нас. З цікавасцю аглядаў гаспадарку. Вытворчыя паказчыкі сведчылі пра ўзровень дзейнасці. Канешне, рыхтаваліся да яго візіту. Хачу адзначыць, што на жывёлагадоўчых комплексах і на машынна-трактарным двары заўжды ідэальны парадак. Чысціня ў нас не паказушная. Прэзідэнт пасля агляду мехдвара пахваліў механізатараў за адносіны да тэхнікі. Зернеўборачныя і корманарыхтоўчыя камбайны захоўваем у спецыяльных боксах. Пасля завяршэння сезона рамантуем і падфарбоўваем іх. Эксплуатацыя іх разлічана на дзесяць гадоў. У нас самаму старому зернеўборачнаму камбайну амаль чвэрць стагоддзя. Сёлета без паломак ён адпрацаваў на жніве. І іншым камбайнам больш за дзесяць гадоў. Усяго ў нас звыш 180 трактароў і аўтамашын, а з сельгасагрэгатамі перавышае тры сотні. Летась у лізінг набылі восем МАЗаў. Задзейнічаны яны былі на перавозцы збажыны з поля на зерняток. У перапынку паміж сельгаскампаніямі на іх дастаўляем з Мікашэвіч адсеў і падсыпаем палявыя дарогі. Нядаўна тэхнічны арсенал папоўніў агрэгат расійскай вытворчасці для аўтаматызаванай падсцілкі жывёлы. Салома падаецца з дапамогай бакавога транспарцёра. Ёсць і машына для ўборкі тэрыторыі. У перыяд працы галоўным інжынерам пераканаў старшыню купіць яе. З дапамогай такой машыны трымаем ідэальны парадак на мехдвары. Даручаем гэтую работу механізатарам, якія падвозяць на комплекс фураж. Уперамежку паміж кармленнем жывёлы, калі большая частка тэхнікі на выездзе, на гэтай машыне яны ўбіраюць тэрыторыю. Аўтамабільны парк папоўнілі тры фуры. Па сто тон загружаем адначасова на кожную. Атрымліваецца эканомія паліва. Ганарымся, што наш машынна-трактарны двор — адзін з эталонных у рэспубліцы.

— Мікалай Іванавіч, за гэты кароткі час адчулі ўвесь цяжар старшынёўства?

— Прызвычаены да працы ставіцца адказна. Кіраванне на працягу трыццаці гадоў такой магутнай інжынернай службай — гэта як на перадавой. Для нашых механізатараў стала нормай без перабояў забяспечваць фуражом 20-тысячны статак. А калі што здаралася не так, трымалі адказ. Ад зладжанай работы машынна-трактарнага парка залежаць справы ў жывёлагадоўлі. Калі ўзначаліў гаспадарку, адразу адчуў глыбіню адказнасці. На працягу дня не змаўкае тэлефон. Галоўнае ў вытворчым працэсе — трымацца тэхналогіі. Там усё распісана. Падначаленых прашу не пакідаць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння. Калі хоць нешта не так зрабіў у вытворчым працэсе, адчувальна адаб'ецца на выніку.

— Па адукацыі вы інжынер, а кіраўнік павінен разбірацца ва ўсіх дробязях гаспадарчай дзейнасці. Як з гэтым спраўляецеся?

— Гаспадарка да драбніц знаёмая. Для паспяховага развіцця вытворчага працэсу неабходна зладжаная дзейнасць галоўных спецыялістаў. У тонкія матэрыі кіраўніку неабавязкова ўнікаць. Важна наладзіць эфектыўнае кіраванне звеннямі, быць арганізатарам. Пасля вопытнага старшыні Рыгора Аляксеевіча Дзямко складана было ўтрымаць планку дасягнутых высокіх паказчыкаў. Паступова крочым далей. За мінулы год ад кожнай  каровы ( а іх у статку 2600) атрымалі па 7500 кілаграмаў малака. Сёлета чакаецца прырост. Пашыраем магутнасці малочна-таварных комплексаў. Побач з МТК «Паніжжа» ўласнымі сіламі спілавалі сасновы лес, выкарчавалі пянькі і расчысцілі пля­цоўку для новых жывёла­гадоўчых карпусоў. Будаўнікі Столінскай ПМК-24 узво­дзяць два кароўнікі на 800 галоў і даільны блок. Побач паўстане радзільнае аддзяленне і памяшканне для ўтрымання маладняку, два прафілакторыі для цялятак пасля ацёлу. Агульны кошт будоўлі амаль дзевятнаццаць з паловай мільёнаў рублёў. Узялі банкаўскі крэдыт, часткова дзяржава выдзеліла сродкі. З увядзеннем у эксплуатацыю гэтых памяшканняў на 3 тысячы галоў прырасце грамадскі статак. Паўтара месяца таму прывезлі з Германіі 193 цялушкі чорна-пярэстай пароды. У маіх задумах — на ўзгорку, што паміж вёскамі Аўсямірава і Кострава, пабудаваць яшчэ адзін малочна-таварны комплекс. Гэтымі планамі нядаўна падзяліўся з маладым намеснікам Алегам Германовічам. Пасля атрымання дыплома інжынера ён вярнуўся на Століншчыну. Бачу ў ім перспектыўнага кіраўніка. Такім працягваць справу.

— У гэтым годзе, аб'яўленым на дзяржаў­ным узроўні Годам міру і стварэння, гаспадарка поўніцца значнымі здзяйснен­нямі. На што робіце стаўку?

— На далейшае развіц­цё жывёлагадоўчай галіны. Пла­нуем павялічыць пага­лоўе на малочна-таварных комплексах «Фядоры-1» і «Фядоры-2». Там зараз завяршаем будаўніцтва дадатковых фуражных траншэй, заліваем пляцоўку для кароўніка на 400 галоў. Да канца года настроены пракласці ўнутраную бетанаваную дарогу паміж гэтымі комплексамі.

Год міру і стварэння для кожнага важны. Вялікае шчасце, што жывём пад мірным небам. Увесь свет чакае развязкі ўкраінскага канфлікту. Нацысцкі кіеўскі рэжым адвяргае мірныя перамовы. З абодвух бакоў гінуць людзі, пераважна маладыя. Захад зацікаўлены ў эскалацыі вайны. Неспакойна ў свеце. Побач з землямі гаспадаркі — Дзяржаўная мяжа краіны. Стваральнай працай заняты вяскоўцы. Дзе пануе мір, там і справы ла­дзяцца. Лічу, калі ўзнікаюць непаразуменні, складанасці ва ўзаемаадносінах, лепшы варыянт — вырашаць іх тварам у твар. Імкнуся жыць бесканфліктна. Кожную раніцу сусракаюся з калегамі. Разумею, што ад майго настрою залежыць іх працоўны настрой. Імкнуся ўсё асабістае адсоўваць на другі план. Здараецца, што не ўстрымаешся, павысіш голас, а потым няёмка становіцца. Калі хто з падначаленых нешта не так зрабіў, то караю так, каб чалавек зразумеў сваю віну і больш не трапляўся.

— А ці часта на працы даводзіцца ісці на рызыку?

— Пасля праліўных дажджоў ад раённага кіраўніцтва паступіў загад выводзіць камбайны на палі і завяршаць жніво. У нас засталіся няўбраныя на нізінах лапікі, куды немагчыма заехаць тэхніцы. Збажына там пераўвільготненая і палеглая. Прынялі рашэнне пачакаць, каб падсохла. Праз дзень завяршылі ўборку... Быў загад — пачынаць касіць кукурузу на сілас. А яна яшчэ набірае зялёную масу. Мне прымаць рашэнне. І гэта свайго роду адказная рызыка. Старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі давярае кіраўнікам гаспадарак, дае магчымасць на месцы самастойна прымаць рашэнні.

— Ад чаго ў сваёй працы больш за ўсё стамляецеся?

— Ад пражытых гадоў. Да справы прывык ставіцца адказна. Самастойнасці прывучыў нас Рыгор Аляксеевіч Дзямко. Кожны спецыяліст ведае свае абавязкі і строга іх выконвае. Вось па палявой дарозе, па якой едзем, толькі што прайшоў грэйдар. Тут курсіруе велікагрузная тэхніка, і дарогі трымаем у належным стане. Пастаянны парадак на жывёлагадоўчых комплексах і машынным двары. У зеляніне дрэў патанае аграгарадок Фядоры. Цэнтральную частку ўпрыгожыў чырванакаменны храм з залатымі купаламі. Побач са святыняй неабдумана забудавалі катэджамі вуліцы: не правялі цэнтральную каналізацыю, газ і водаправод. Нязвыкла ў ХХІ стагоддзі атапляць дамы цвёрдым палівам. Гэта недапрацоўка мяне хвалюе, і яна патрабуе неадкладнага вырашэння.

— Ці адразу прымаеце важныя рашэнні?

— На тое яны і важныя, каб грунтоўна ўсё абдумаць. За вынікі мне як старшыні адказваць. Галоўныя спецыялісты выказваюць меркаванні, падмацоўваюць іх фактамі. Пры спрэчнай сітуацыі выязджаем на месца і толькі потым прымаем канчатковае рашэнне. У нашым калектыве звыш 400 працаўнікоў. У кожнага свой нораў. Больш прафесійным механізатарам давяраем новую тэхніку, менш вопытныя працуюць на старых трактарах і агрэгатах. Як толькі стварыўся саўгас, адразу паступіла шмат новай тэхнікі. Вызначылі пляцоўку для новага машынна-трактарнага двара. Пабудавалі прасторную рамонтную майстэрню. А тую, што засталася ад калгаса, адрамантавалі і размясцілі ў ёй мантажны цэх. За дзесяцігоддзі склаўся дружны калектыў механізатараў. Ад аднаго з іх пачуў: «Будзь чоловіком, і ўсі вакол тэбэ будуць люды». Запала ў сэрца гэта выказванне. Яно стала маім жыццёвым прынцыпам — заставацца ў любой сітуацыі чалавекам.

— А да вас за вопытам прыязджаюць?

— Нам ёсць чым падзяліцца. Прыязджаюць спецыялісты з іншых гаспадарак раёна. Старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі прапанаваў азнаёміцца з нашым вопытам утрымання жывёлы. На малочна-таварных комплексах летась зладзілі з тэнтаў два прасторныя памяшканні-прафілакторыі, дзе ўтрымліваем маладняк ад нараджэння да двух месяцаў. У перспектыве плануем колькасць іх павялічыць. Затраты нязначныя, а эфект адчувальны. Галоўны эканаміст Алена Гаўрыльчык пільна сочыць за вытворчымі паказчыкамі. Ад яе паступіла прапанова перапрафіляваць старую жывёлагадоўчую ферму, дзе ўтрымліваецца 250 кароў. Перавядзём іх на новы малочна-таварны комплекс, а гэтыя памяшканні запоўнім маладняком. Знізяцца затраты на атрыманне прадукцыі. У новыя памяшканні плануем перавесці 350 кормнікаў са старой фермы ў вёсцы Аўсямірава. З-за аддаленасці неэфектыўна падвозіць туды кармы. Ды і памяшканні старыя і прызначаны пад знос. У гэтай аддаленай вёсцы за сродкі гаспадаркі адрамантавалі ФАП, дапамаглі вернікам прывесці ў парадак праваслаўную царкву. Прыкра, што пустуе ў вёсцы двухпавярховы будынак закрытай сярэдняй школы. Планавалася размясціць у ім сацыяльны прыют для адзінокіх састарэлых, але пакуль пытанне не вырашана.

— Мікалай Іванавіч, а якое ў вас галоўнае правіла ў жыцці?

— Калі за што бярэшся, выконвай так, каб не было сорамна. Ганаруся, што за поспехі ў працы ў складзе дэлегацыі гаспадаркі неаднаразова прымаў удзел у рэспубліканскіх святах-кірмашах «Дажынкі». Запом­ні­лася, як у 2011 годзе ў Маладзечне мяне першым выклікалі на сцэну і Прэзідэнт павітаўся, паціснуў руку і ўручыў дыплом пераможцы спаборніцтва. Настрою прыдала тая памятная сустрэча.

— Дзе любіце бавіць вольны час?

— У мяне яго амаль няма. Жыццё прайшло ў асноўным на мехдвары. Жонка папракала, што прыходжу дамоў з бруднымі рукамі. Вось іншыя інжынеры не лезуць у мазут. І так пастаянна дакарала. Не вытрымаў гэтага, і рассталіся. Сустрэў Валянціну, ужо дваццаць гадоў жывём разам, і аніякіх папрокаў. Для мяне сям'я і праца — аснова жыцця. Ніяк не знаходжу магчымасці, каб павандраваць. За мяжой нідзе не быў, ні адной візы не адкрываў. Мару з'ездзіць у Растоўскую вобласць, пахадзіць па тых сцежках-дарожках, дзе ўпершыню закахаўся, дзе правёў студэнцкія гады.

— А што больш за ўсё помніцца з тых далёкіх часоў?

— Сябры, з якімі пасля заканчэння інстытута так і не бачыўся. Ведаю, што амаль ніхто з іх не працуе ў сельскай гаспадарцы. Лічу сябе шчаслівым, што выпала трапіць у такі цудоўны калектыў, працаваць пад кіраўніцтвам вопытнага аграрыя Рыгора Аляксеевіча Дзямко. На маіх вачах магутнай стала гаспадарка. Бацькі мае былі задаволены пераездам у Фядоры. Бацька Іван Кліменцьевіч рос сіратою ў шматдзетнай сям'і пад Ленінградам. Расказваў, як яго бацька ў фінскую вайну пайшоў ваяваць і не вярнуўся. Маці засталася з малымі дзецьмі. Старэйшы брат з першых дзён вайны пайшоў на фронт. У блакаду палова сям'і загінула. Лю­дзей знішчаў холад і голад. На ўсё жыццё ў бацькі застаўся страх быць галодным. Запомніўся яго ўспамін, як галодныя людзі разрывалі на кавалкі забітага каня. Каб выжыць, елі ўсё, што трапляла ў рукі. Да апошніх дзён кожную крошку хлеба бацька ашчадна збіраў, ніколі ў талерцы ежу не пакідаў. Гэта перадалося і мне. Цаню хлеб і ганаруся, што жыццё прысвяціў працы на зямлі. Хлебароб — самая важная і патрэбная прафесія.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter