Пасля далучэння суседняга сельгаспрадпрыемства «Кушляны» памеры гаспадаркі пашырыліся да 10 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, палова з якіх — ворыва. Корманарыхтоўчы атрад поўнасцю забяспечвае ўласным фуражом амаль дзесяцітысячны грамадскі статак. Гадавы надой на кожную з 2673 кароў перавышае 9200 кілаграмаў малака. Штодзённа на перапрацоўку адпраўляецца звыш 56 тон прадукта ў асноўным класам экстра. Па валавой вытворчасці малака сельгаспрадпрыемства ўваходзіць у дзясятку лепшых калектываў Гродзеншчыны. Рэнтабельнасць вытворчасці яго перавысіла 50 працэнтаў.
За вытворчыя дасягненні і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё сельгаспрадпрыемства дырэктар уганаравана медалём «За працоўныя заслугі», званнем «Заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі», нагрудным знакам Мінсельгасхарча «За заслугі ў сельскай гаспадарцы», Ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Мінсельгасхарча, Гродзенскага аблвыканкама, тытулавана «Чалавекам года» на Гродзеншчыне і «Ганаровым грамадзянінам горада Смаргоні і Смаргонскага раёна». Неаднаразова кіраўнік гаспадаркі адзначалася ганаровымі дыпломамі на абласных і раённых святах-кірмашах «Дажынкі». Вольга Іванаўна — член цэнтральнага праўлення Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі сялянскі савет».
Праз шырокія вокны светлага кабінета дырэктара КСУП «АграСолы» Вольгі Лук'яненкі аграгарадок Солы бачны як на далоні. Па-над шчыльна прымыкаючымі адзін да аднаго белакаменнымі мурамі вартавым узвышаецца змураваны з валуноў векавы касцёл. Ад плошчы, цэнтр якой упрыгожвае дагледжаны сквер, у чатыры бакі разыходзяцца заасфальтаваныя вуліцы, забудаваныя прыгожымі дамамі. У аграгарадку дзейнічаюць сярэдняя школа, дзіцячы садзік, спарткомплекс, бальніца, кафэ, некалькі магазінаў. Сацыяльныя стандарты тут не ўступаюць гарадскім. Побач з паселішчам пралягае электрыфікаваная чыгунка, што вядзе ў літоўскую сталіцу. На працягу дня часта праз аграгарадок курсіруюць маршруткі ў суседнія Смаргонь, Астравец, Маладзечна і сталіцу.
— Краявіды ў нас зачароўваюць сваёй непаўторнасцю, — з гонарам кажа Вольга Іванаўна. — На тэрыторыі гаспадаркі чатыры рэчкі, вадасховішча, лясы і лугі. У мінулыя вякі тут былі панскія сядзібы. Захаваліся толькі некаторыя будынкі — стайня, рэшткі падмуркаў. Плануем аднавіць некаторыя пабудовы і выкарыстоўваць іх для арганізацыі агратурызму. Мясціны нашы багатыя на гістарычныя падзеі. Хочацца, каб моладзь тут асядала, працягвала справу бацькоў. Каб горад не спакушаў тутэйшых. Усё складаней вытрымліваць канкурэнцыю. Будуем жыллё, каб маладыя сем'і пускалі карані. На балансе ў гаспадарцы звыш 120 дыхтоўных дамоў, дзе жывуць сем'і працаўнікоў. Тыпавымі катэджамі забудаваны маладзёжны пасёлак. Дбаем і пра спрыяльныя ўмовы працы і адпачынку. Пастаянна нарошчваем аб'ёмы сельгаспрадукцыі і сродкі, атрыманыя ад яе рэалізацыі, накіроўваем на развіццё вытворчасці і паляпшэнне сацыяльных умоў працаўнікоў. Сярэднямесячны заробак дасягнуў дзвюх тысяч рублёў. Імкнёмся прытрымлівацца пяцідзённага працоўнага тыдня. Выпускнікі сярэдніх і вышэйшых аграрных навучальных устаноў штогод папаўняюць наш калектыў. Падтрымліваю думку Прэзідэнта адносна падрыхтоўкі аграрных спецыялістаў па мэтавых накіраваннях. Гэта дазволіць у пэўнай ступені абнаўляць кадры. Праблема важная і патрабуе вырашэння на дзяржаўным узроўні.
— Вольга Іванаўна, да таго, як стаць дырэктарам гаспадаркі, вы ўзначальвалі агранамічную службу раёна. Цяжка было перастройвацца?
— Не было калі пра гэта думаць. З першых дзён дырэктарства адчула вялікую адказнасць за калектыў. Не хапала вопыту работы з людзьмі. Пасля агляду жывёлагадоўчых ферм, мехдвара ўсхвалявалася: ці змагу справіцца? Не было каму працаваць. Не хапала тэхнікі. Дваццацігадовыя трактары часта псаваліся, камбайны патрабавалі замены. Маладых спецыялістаў не было чым заахвоціць на працу ў гаспадарку. Пачала з таго, што ўгаварыла вярнуцца ў калектыў былога галоўнага заатэхніка Вікторыю Мікадзімаўну Клемята. Разам наводзілі парадак на фермах. Бывала і такое, што самі паілі і даілі кароў. Паступова наладзілі сярод жывёлаводаў працоўную дысцыпліну. Вярнулася ў гаспадарку і аграном Надзея Мікалаеўна Кірдык. Аб'ехалі з ёю палі і сенажаці, дэталёва абмеркавалі, колькі і чаго сеяць. Сустракаліся і гутарылі з механізатарамі. Справы сталі наладжвацца. Галоўнае было настроіць людзей на працоўны лад. Згуртаваўся касцяк аднадумцаў. Сталі строіць планы на будучае. А тут паступіла прапанова далучыць суседні заняпалы СВК «Кушляны». Па памерах гэта гаспадарка значна большая, чым наша. Але і даўгоў у яе было шмат.
— Вытрымалі такое далучэнне?
— Плошча сельгасугоддзяў падвоілася, значна павялічыўся грамадскі статак. Дадалося клопатаў: неабходна было разлічвацца з атрыманымі ў спадчыну даўгамі. Гэта сапраўдны стрэс. Усё трэба было пачынаць з пачатку. Некалькі гадоў змагаліся, каб выйсці з такога складанага становішча. Давялося мяняць прынцыпы арганізацыі працы, ствараць каманду аднадумцаў. З галоўнымі спецыялістамі разважалі не пра перспектыву, а як забяспечыць штодзённы вытворчы працэс. Калі заробкі сталі павышацца, людзі паверылі ў поспех. Зарплаты выплачвалі своечасова, дзень у дзень.
Вызначылі галоўны накірунак дзейнасці сельгаспрадпрыемства — развіваць малочную галіну. Вырашылі заняцца і развядзеннем мясной аберцін-ангускай пароды кароў. Некалькі гадоў таму закупілі маладняк. Цяпер у статку тры сотні пародзістых жывёл. Закупляюць іх у нас гаспадаркі з розных рэгіёнаў рэспублікі. Дзякуючы гэтаму занятку сельгаспрадпрыемства атрымала статус племяннога.Летась пры ўдзеле Банка развіцця ўзведзены МТК на 1080 кароў. За ўласныя сродкі пабудаваны кармацэх, што адразу паўплывала на зніжэнне затрат на вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Побач з вёскай Кавалі ўзводзім малочнатаварную ферму. Плануем запусціць у эксплуатацыю цэх па перапрацоўцы насення рапса. Будуем чатыры сянажныя траншэі. Увесь малочны статак утрымліваецца на новых комплексах па новых тэхналогіях з даільнымі заламі. Раней на нашых фермах кароў даілі сто даярак, цяпер такой неабходнасці няма: 20 аператараў машыннага даення спраўляюцца. Дзень яны працуюць, на наступны адпачываюць. Выраслі надоі, павысілася прадукцыйнасць працы. Аб'ёмы вытворчасці значна выраслі. Чысты прыбытак ад рэалізацыі малака, ялавічыны, збожжа, тэхнічных культур летась перавысіў 7 мільёнаў 750 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць продажаў дасягнула амаль 15 працэнтаў. Гэта лепшы паказчык сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. Менавіта рэалізацыя малака дае пераважную частку фінансавых паступленняў.
За ўласныя сродкі і ў лізінг абнаўляем машынна-трактарны парк. Летась набылі два гомельскія зернеўборачныя камбайны. Усяго на жніве будуць працаваць 12 экіпажаў. З пачатку лета не спыняюць работу чатыры корманарыхтоўчыя камбайны.
— Засуха кранула і вашы землі. Напэўна, раней звычайнага пачняце жніво?
— У нас усё гатова да ўборкі збожжавых. Канешне, такога ўраджаю, як у мінулыя гады, не чакаем. Балюча глядзець на патрэсканую ад працяглай засухі зямлю. На ўзвышшах збожжавыя ледзьве вытрымалі такое выпрабаванне. Колас слаба наліўся зернем. Прымяненне сучасных тэхналогій на палях усё ж адчувальна ўратавала пасевы ад недахопу вільгаці. Пасля завяршэння касавіцы траў падкармілі сенажаці і разлічваем на наступныя ўкосы. Не варта адчайвацца. Памятаю, як у першы год майго дырэктарства ўсё на палях вымакла. Сёлета, наадварот, два месяцы не было дажджоў. Толькі на гэтым тыдні зямля атрымала крыху вільгаці. Прырода да нас не такая міласцівая, як хочацца. Год на год не прыходзіцца. Будзем рабіць усё магчымае, каб неяк выйсці са складанай сітуацыі. Летась атрымалі амаль па 60 цэнтнераў збожжа з гектара, а сёлета пабачым, што будзе. У нас страхавы запас зроблены па збожжы і па кармах.Хлебароб пастаянна заняты стваральнай працай. Трэба дзякаваць, што ёсць занятак. У складаныя перыяды кожнаму неабходна больш старацца. Ад гэтага залежыць агульная моц краіны. У маёй роднай вёсцы Семянкі, што непадалёку ад мяжы Смаргонскага і Мядзельскага раёнаў, заўжды цанілі працу. Бацька быў адным з лепшых вадзіцеляў у калгасе. Дваццаць гадоў таму яго не стала. Але ён паспеў парадавацца майму дыплому вучонага агранома і нашаму вяселлю. Аўдавелую маці Яніну Міхайлаўну забралі да сябе. Адчуваю сябе дачкою. У свае 87 гадоў мама цікавіцца справамі ў гаспадарцы. Ад бацькоў мне перадалося многае і ў першую чаргу любоў да працы. Памятаю і бабулю. Дома з маленства мяне вучылі цаніць хлеб, не цурацца аніякай працы, паважаць людзей. І ў школе так выхоўвалі. Кожныя летнія канікулы ўсім класам дапамагалі калгасу. Працавалі на збожжатаку, у полі.
— Аб чым марылася ў тыя светлыя гады юнацтва?
— Памятаю, у дзявятым класе пісала ў сачыненні, кім бачу сябе ў будучым. Марыла пра прафесіі ўрача, геолага, археолага і нават хацела стаць старшынёю калгаса. І ўсё ж пасля атрымання атэстата сталасці падала дакументы ў гродзенскі медінстытут. Не хапіла балаў для паступлення.
— Не шкадуеце, што не сталі ўрачом?
— Жыццё ўсе расставіла на свае месцы. Лічу, што ўрачом павінен быць больш здольны да гэтага занятку чалавек, каб выконваў сваю справу без памылак. У маёй працы на зямлі можна выправіць нешта не так зробленае, а ў медыцыне гэта больш складана. У той год, як не паступіла ў медінстытут, пайшла вучыцца ў вілейскае прафтэхвучылішча. Так здарылася, што захварэла і, гледзячы на работу медыкаў, вырашыла для сябе, што гэта не мая прафесія. Паступіла на аграфак Белсельгасакадэміі. У Горках пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Родам ён з Гомельшчыны. Вучыўся на інжынерным факультэце. Адчула ў ім сур'ёзнага чалавека. Пасля заканчэння вучобы збіраліся ехаць працаваць у Хойніцкі раён. Але выбухнуў Чарнобыль, і нашы планы памяняліся. Працоўную дзейнасць пачалі ў смаргонскім калгасе «Савецкая Беларусь». Потым Рыгор Аляксандравіч працаваў галоўным інжынерам у суседняй гаспадарцы, кіраваў гароднінасушыльным заводам у Солах, а зараз — мой намеснік па вытворчасці.
— На працы вы дырэктар, а дома хто кіруе?
— Пераканана, што жанчына не зможа быць паспяховым кіраўніком і захаваць сям'ю, калі яе не разумее і не падтрымлівае перш за ўсё муж. Мы з ім на роўных і ў гаспадарцы, і дома. Калі неабходна, раімся, аналізуем сітуацыю і прымаем рашэнні. У нашай сям'і пытанне: хто галоўны — нават не можа стаяць. Амаль 40 гадоў разам, і паміж намі пануе ўзаемаразуменне. Для нас жыццёвай справай стала праца на зямлі. Памятаю, як у дзяцінстве была ўражана працай старшыні калгаса. Таму і загарэлася жаданнем стаць кіраўніком. Цяпер я адзіная ў раёне жанчына — дырэктар сельгаспрадпрыемства. У той час, калі паступіла прапанова ўзначаліць КСУП «АграСолы», муж першым падтрымаў мяне і пераканаў, што ўсё атрымаецца. У нас з ім розныя характары, але за гады сумеснага жыцця навучыліся разумець адзін аднаго. Прыйшоў сямейны вопыт, мудрасць. Запомніліся радкі з жаночага часопіса: калі хочаш з чалавекам жыць, шукай у ім лепшыя якасці, а да недахопаў адносся цярпіма, бо іх хапае ў кожнага. Так і імкнуся крочыць па жыцці. Выхавалі дачку Юлію і сына Дзмітрыя. Калі мяне прызначылі дырэктарам гаспадаркі, Юля вучылася ў сталічным каледжы, Дзіма заканчваў сярэднюю школу і на ім была ўся хатняя гаспадарка. Паспяваў упраўляцца з садам, агародам, нават навучыўся варыць варэнне, закручваць слоікі з агуркамі і памідорамі. Незаўважна дзеці выраслі, атрымалі адукацыю і знайшлі сябе ў жыцці. Юлія стала праграмістам, а Дзмітрый пайшоў па слядах бацькі — інжынера-механіка. Кожнае лета сын працуе на зернесушыльным комплексе гаспадаркі. У нас падрастаюць унукі. Часта збіраемся разам, адзначаем святы, разам адпачываем.
— Неяк жартам вы сказалі, што ваша фірменная страва — бульба ў мундзірах. Ці так гэта?
— Як выдаецца вольны час, люблю пакухарыць. На жаль, рэдка выпадае праяўляць свае кулінарныя здольнасці, таму і атрымліваецца бульба ў мундзірах. Між іншым яна карысная для здароўя. Кухня — мая слабінка. З задавальненнем пяку пірагі на святы, умею гатаваць розныя прысмакі. Як толькі ўнукі пераступаюць парог нашага дома, адразу пытаюць, чым смачным буду іх частаваць. Як у гаспадыні ў мяне ўсё на кухні атрымліваецца выдатна. Захапляюся вязаннем, макрамэ, пляценнем розных сувеніраў. Многае ўмею. З дзяцінства гэтаму мяне навучылі. Спадзяюся, што настане такі час, калі змагу наталіць душу любімымі заняткамі. У кожнага ёсць магчымасць праявіць свае здольнасці ў хатніх справах. Для гэтага зараз няма межаў: адкрывай інтэрнэт і займайся тым, чаго душа прагне.
— Што для вас значыць быць багатай?
— Для чалавека самае галоўнае багацце — хлеб на стале. Калі ён ёсць, будзе і ўсё астатняе. Бясцэннае багацце, калі душа спакойная, не ірвуцца бомбы і неба чыстае над галавою ды не ведаюць слёз нашы дзеці і ўнукі. Толькі ў мірнай краіне ёсць будучыня. Для гэтага неабходна мець моцную эканоміку. А яшчэ багацце, калі пануе радасць у тваім доме. У мяне зараз самы шчаслівы час жыцця: нас з мужам сустракае дома матуля, пастаянна наведваюцца дзеці і ўнукі, не забываюць родныя і сябры. Прыемна крочыць па родных Солах і вітацца з землякамі. Часта чую ад іх словы падзякі. Дзеля гэтага варта жыць і працаваць.
— Два дзесяцігоддзі вы кіруеце калектывам. Ваша асноўнае правіла ў працы?
— Імкнуцца быць справядлівай да кожнага ў калектыве, стрымліваць сябе ў складаных сітуацыях, цаніць людзей за іх старанне і адданасць справе. Ад кіраўніка многае залежыць у згуртаванасці каманды аднадумцаў. Лічу, што сакрэт поспеху нашага працавітага калектыву — у моцнай камандзе, у адказнасці кожнага і накіраванасці на паспяховы вынік.
— У якіх слабасцях вы сабе не адмаўляеце?
— Напэўна, у жаданні жыць. Усё чалавеку павінна прыносіць задавальненне, асабліва праца. Хлебароб ведае тыя каштоўнасці, якія яму дадзены: зямля, магчымасць працаваць на ёй пад мірным небам. Сваім стараннем, поспехамі мы мацуем усё тое, што нам дадзена. Як кіраўнік, многае дарую тым, хто не так, як мне хацелася б, да мяне ставіцца. У складаныя моманты важна асэнсаваць, што ты не маеш рацыі і своечасова выправіць становішча. Чалавек не робат і можа памыляцца. Заўжды адчуваю адказнасць перад калектывам. У кожнага працаўніка сям'я, і ты за яе ў адказе. Разумею, што ад мяне, як дырэктара, многае залежыць у падначаленых. Кагосьці даводзіцца выхоўваць, а некага ў поўным сэнсе ратаваць. І такое не аднойчы бывала. Прымалі ўсемагчымыя меры, каб захаваць сем'і, у якіх раслі дзеці. Прыемна было потым адчуваць, што яны знайшлі сябе ў жыцці. Вядома, як да людзей ставішся, так яны і адгукаюцца, у працы сябе праяўляюць. За нядбалым кіраўніком мала хто пойдзе.
— Дзе б вам хацелася пабываць?
— Мяне не вабяць марскія курорты, пляжы. Больш захапляюць падарожжы па гістарычных мясцінах. Люблю вандраваць па роднай Беларусі. У нас столькі цікавага ёсць: ад Белавежы да старажытных Полацка, Мсціслаўля, Турава. А колькі музеяў і іншых культурных устаноў у нашай сталіцы. Часта бываю ў Мінску і выкройваю магчымасць культурна адпачыць. Запалі ў сэрца паездкі ў складзе дэлегацыі Беларускага сялянскага савета на замежныя аграрныя выставы, да фермераў Італіі, Германіі, Польшчы. Цікавіліся іх справамі, вывучалі вопыт. Параўновалі, як ідуць справы ў нас і ў іх. Скажу шчыра: што тычыцца нашай гаспадаркі, па прымяненні сучасных тэхналогій мы на сусветным узроўні. А па некаторых параметрах у нас ёсць чаму і павучыцца. Прымяняем на палях і фермах усё самае сучаснае, што ёсць у свеце. Адпаведна і маем паспяховыя вынікі. На базе нашай гаспадаркі ладзяцца раённыя і абласныя семінары.
— Па жыцці вы аптыміст?
— Лічу сябе пазітыўным аптымістам. Ведаю: што б ні адбылося, раніцай узыдзе сонца і новы дзень падорыць новыя пачуцці, на палях вырасце хлеб. А цяжкасці, што сустракаюцца ў жыцці, гартуюць нас. Чым менш маем спрыяльных для працы ўмоў, тым больш прыкладаем мужнасці і вынаходлівасці, каб выйсці са складанага становішча. Кожны новы дзень нясе новыя магчымасці і радасці. Вялікае шчасце — радавацца кожнаму новаму дню!
subbat50@mail.ru