Дзяржаўнаму лiтаратурнаму музею Янкi Купалы 80 гадоў — тут самыя багатыя калекцыi, прысвечаныя класiку
У зборы найкаштоўнейшае — рукапiсы першага народнага паэта Беларусi, прыжыццёвыя выданнi яго твораў, дакументы i асабiстыя рэчы, арыгiнальныя фотаздымкi. Сабраць фонд, якi складаецца з 22 калекцый i налiчвае звыш 42 тысяч адзiнак захавання, аказалася не так проста: дом пiсьменнiка з багатым архiвам i бiблiятэкай згарэў падчас бамбардзiроўкi ў 1941 годзе. Інiцыятар стварэння музея i першы яго дырэктар, жонка Янкi Купалы Уладзiслава Луцэвiч, у свой час сабрала большую частку ўнiкальных рарытэтаў. Гэтыя знаходкi сталi асновай экспазiцыi «Шляхi» ў галаўным музеi ў Мiнску i чатырох фiлiялах — у Вязынцы, Акопах, Яхiмоўшчыне i Ляўках.
Сюды прыходзяць тысячы гасцей
У 1944 годзе Савет народных камiсараў БССР падпiсаў пастанову аб заснаваннi Лiтаратурнага музея Янкi Купалы ў складзе Акадэмii навук. Першая экспазiцыя размясцiлася ў Доме прафсаюзаў. Пазней на папялiшчы Купалавай сядзiбы пабудавалi асобны будынак. Цяпер гэта не проста музей, а вялiкi культурны цэнтр па даследаваннi спадчыны Песняра i яе папулярызацыi ў самым розным фармаце. Так, у юбiлейны год супрацоўнiкi запусцiлi праект «Музыка ў музеi» сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэмiяй музыкi.
— Штомесяц запрашаем да сябе студэнтаў i расказваем iм пра значныя даты ў гiсторыi нашай установы, — паведамляе дырэктар Ганна Галiнская. — Так, нядаўнюю сустрэчу прысвяцiлi першай замежнай выставе пра Янку Купалу, якая была адкрыта ў Пекiне ў 1957 годзе. Выхаванцы з Кiтая, якiя вучацца ў Акадэмii музыкi, з гэтай нагоды нават заспявалi па‑беларуску.
Для школьнiкаў ладзiм iнтэрактыўныя праграмы i квесты, разам з Аршанскiм iльнокамбiнатам прыдумалi музейна‑педагагiчны занятак «Ой, лянок, лянок мой чысты» па вершы Янкi Купалы. Разам з фiлiяламi ў нас больш за 70 тысяч наведвальнiкаў за год.
Супрацоўнiкi Купалавага дома плённа ўзаемадзейнiчаюць з рэгiянальнымi i замежнымi калегамi. Сёлета створана сумесная выстава «Два музеi. Два юбiлеi» з Мiнскiм абласным краязнаўчым музеем, якi святкуе 65‑годдзе. Завiталi купалаўцы i ў культурную сталiцу Беларусi — Бялынiчы, дзе экспануецца выстава «Янка Купала ў маiм сэрцы», прысвечаная памяцi пляменнiка паэта, мастака‑графiка Янкi Раманоўскага. Па яго ўспамiнах адноўлена знакамiтая «беларуская хатка над Дняпром» — дача класiка ў Купалаўскiм мемарыяльным запаведнiку «Ляўкi».
— Абменьваемся праектамi з Музеем Янкi Купалы ў Пячышчах у Рэспублiцы Татарстан, — расказвае Ганна Галiнская. — Летась аднавiлi дамовы аб супрацоўнiцтве з Калiнiнградскiм абласным гiсторыка‑мастацкiм музеем, адкрылi выставу «Мазаiка ўражанняў», якая пазнаёмiла мiнчан i гасцей сталiцы з маляўнiчымi куточкамi Калiнiнградскай вобласцi. А сёлета разам з Дзяржаўным лiтаратурна‑мемарыяльным музеем Якуба Коласа задумалi сумесны праект «Янка Купала i Якуб Колас: шляхамi сяброўства», якi рэалiзавалi ў гасцях у Калiнiнградзе. Супрацоўнiчаем з Усерасiйскiм музеем Пушкiна ў Санкт‑Пецярбургу, Ульянаўскiм абласным краязнаўчым музеем iмя Ганчарова, дзе на верасень запланавалi выставу, прысвечаную Купалу i рускiм пiсьменнiкам.
Кубак, пояс i акно з дома на Васiльеўскiм востраве
У музеi судакранаемся з класiкам, яго жыццём i творчасцю. Тут можна нават пачуць, як ён сваiм барытонам чытае вершы. Бачым макет драўлянага аднапавярховага Купалавага дома, дзе да вайны жыў паэт з жонкай, яго мама, сястра з мужам i пяцёра пляменнiкаў. У гэтым «Доме пад таполяй», як называлi яго сябры Купалы, былi заўсёды адчынены дзверы для гасцей. Маладыя творцы‑студэнты ведалi, што тут атрымаюць пачастунак i прафесiйную параду ад дзядзькi Янкi.
— Бачым унiкальныя рэчы, знойдзеныя на папялiшчы Купалавага дома, — акцэнтуе ўвагу загадчык аддзела навукова‑экспазiцыйнай i выставачнай работы Марыя Барткова. — Нягледзячы на бамбёжку, ацалеў маленькi кубак, з якога паэт пiў каву i частаваў гасцей, а таксама сподак i лыжка. Некаторыя рэчы захавалiся, бо паэт узяў iх з сабой у эвакуацыю. Вось гэты тканы на нiту пояс, як i вышываную кашулю, якая зберагаецца ў фондах, Купала насiў з класiчным англiйскiм гарнiтурам.
У экспазiцыi фотаздымкi Янкi Купалы розных гадоў. Многiя, хто бачыў выявы паэта толькi ў сталым ўзросце, са здзiўленнем i захапленнем узiраюцца ў аблiчча яго маладога.
Усе фота i ўспамiны сучаснiкаў сведчаць: Купала быў вельмi прыгожы, элегантны. Вядома, i гэта пацвярджаюць асабiстыя рэчы паэта, што ён меў рост 1,76 метра. А рэцэпт стройнасцi просты — верхавая язда i танцы. У маладосцi, каб модна апранацца, паэт падпрацоўваў у вiленскай прыватнай бiблiятэцы‑чытальнi Барыса Данiловiча. У музеi экспануецца калекцыя кнiг з гэтай бiблiятэкi.
— Побач раздзел, прысвечаны часу, якi Янка Купала правёў у Санкт‑Пецярбургу, — удакладняе Марыя Барткова. — Унiкальны экспанат ансамбля — акно з дома на Васiльеўскiм востраве, дзе знаходзiлася кватэра знакамiтага прафесара Бранiслава Эпiмаха‑Шыпiлы. У яго паэт жыў, сталаваўся, атрымлiваў грошы на культурную праграму — музеi i спектаклi, а самае галоўнае — на навучанне на агульна‑адукацыйных курсах прафесара Чарняева, дзе сiстэматызаваў набытыя самастойна веды. Эпiмах‑Шыпiла стаў хросным бацькам першага паэтычнага зборнiка Янкi Купалы «Жалейка».
Інсталяцыя вядзе ў неба
Маленькiх наведвальнiкаў i iх бацькоў натхняе касмiчная iнтэрактыўная прастора, тэма якой выбрана невыпадкова. У 1935 годзе Купала напiсаў верш «Хлопчык i лётчык», якi ў дзяцiнстве вельмi любiў першы касманаўт Юрый Гагарын. На экране — розныя звесткi, звязаныя з палётамi. Таксама дзецi могуць убачыць, як выглядае рэальны парашут, зрабiць сэлфi ў яго стропах над шкляной падлогай.
— У рэканструяваным iнтэр’еры кабiнета паэта — аксамiтныя крэслы, дзе рэальна сядзелi Янка Купала i Уладзiслава Францаўна, калi бывалi ў гасцях у сябра, мастака Канстанцiна Елiсеева, — расказвае Марыя Барткова. — А вось макет дачы ў Ляўках. Купала ўпершыню прыехаў у гэтую прыгожую мясцiну на высокiм беразе Дняпра ў 1935 годзе падчас творчай камандзiроўкi. Захапiўся краявiдамi i захацеў пабудаваць тут дачу, планiроўку якой прыдумаў сам.
Самы сумны раздзел — iнсталяцыя, прысвечаная таямнiцы трагiчнай смерцi Янкi Купалы. У Маскве ў 2004 годзе вырашылi разабраць гасцiнiцу «Масква», дзе прайшлi апошнiя дзесяць дзён жыцця паэта.
У музей былi прывезены дзверы ад яго нумара 414, дзверы ў ванны пакой, акно i нямыя сведкi трагедыi — парэнчы i прыступкi лесвiцы ад пралёта, на якiм загiнуў. Тэлефон са знятай трубкай. На гадзiннiку стрэлкi назаўсёды спынiлiся на палове адзiнаццатай вечара — час смерцi паэта. У процiвагу бетоннай лесвiцы зроблены сiмвалiчныя прыступкi са сталi i шкла — сiмвал уваходу Купалы ў вечнасць i ў нашыя сэрцы.