Презентации книг, выступления авторов — узнали, чем гостей Дня белорусской письменности порадуют мастера слова

«Добрая нагода адчуць нашу еднасць»

Штогод у першыя выхадныя верасня адзначаем нацыянальнае свята з велізарным культурна-гістарычным значэннем — Дзень беларускага пісьменства, дзе сучаснасць набывае каранёвую існасць і цягнецца да спрадвечнага слова прашчураў. Урачыстасць праводзіцца з 1994 года ў гарадах з багатай гістарычнай спадчынай. У гэтым шэрагу і гарады Першага рэгіёна: Пінск, Камянец, Ганцавічы, Іванава. Трыццаць першае свята духоўнасці, нацыянальнай культуры і кнігадрукавання прымаюць Івацэвічы.


З гэтай нагоды зрабілі гутарку са старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццянай ДЗЕМІДОВІЧ.


— Таццяна Анатольеўна, чым гатова здзівіць гасцей свята абласная творчая арганізацыя?
— Дзень беларускага пісьменства — добрая нагода глыбока і шчыра адчуць, што ўсе мы жыхары нашай Радзімы — Беларусі, цудоўнай краіны з багатай культурнай спадчынай, якая заўсёды ў нашых сэрцах і думках.
Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьм­еннікаў Беларусі прадставіць творчую праграму на пляцоўцы «Слова пісьменніка». Прыхільнікаў беларускай паэзіі аб'яднае літаратурна-паэтычны марафон «Беларусь у маім сэрцы». Пісьменнік і гісторык Анатоль Бензярук правядзе краязнаўчую віктарыну «Сцяжынкамі памяці», а эксклюзіўнай падзеяй стане прэзентацыя радыёпраграмы «Натхнёныя лёсам адзіным», якая трансліруецца на радыё «Горад FM» кожны аўторак і чацвер і расказвае пра літаратуру Брэстчыны. Ініцыятар і стваральнік унікальнага радыёпраекта — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар радыё «Тэлерадыёкампанія «Брэст» Васіль Барысюк. Выступленні землякоў таксама можна чакаць на пляцоўцы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага.


— Традыцыйна падчас свята кнігі аб'яўляюць імёны ўладальнікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Ці плённая яна для вашых творцаў? Хто на гэты раз прадстаўляе Першы рэгіён?

— Брэсцкае абласное аддзяленне хадайнічала аб вылучэнні да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе «Нацыянальная літаратурная прэмія» адразу ў дзвюх намінацыях «Лепшы твор прозы» і «Лепшы твор публіцыстыкі» кнігі Анатоля Бензерука «Галавасек», якая пабачыла свет у выдавецкім доме «Звязда». Твор прысвечаны адной з жудасных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — лёсу вёскі Драмлёва Жабінкаўскага раёна. Населены пункт быў знішчаны ра­зам з людзьмі і не адрадзіўся, як і сусветна вядомая Хатынь. Выхад выдання меў шырокі рэзананс у грамадстве, паводле твора праведзены шэраг прэзентацый, сустрэч, абмеркаванняў у розных аўдыторыях, у тым ліку маладзёжных.

Наогул, многія члены нашай арганізацыі ў розныя гады перамагалі ў галоўным літаратурным конкурсе. У 2018 го­дзе кніга Зінаіды Дудзюк «Пара высокага сонца», прысвечаная вядомым дзеячам літаратуры і культуры, стала лепшым творам у намінацыі «Публіцыстыка». А 2020 год прынёс перамогу Валерыю Грышкаўцу з Пінска. У намінацыі «Лепшы твор паэзіі» высокай узнагародай быў адзначаны яго зборнік «Остаюсь навсегда». У намінацыі «Дэбют» двойчы перамагалі маладыя ўраджэнкі Брэста. У 2023 годзе поспех у гэтай намінацыі чакаў маладую пінчанку Алесю Прыходзька за дзіцячую кнігу «Хлюпик и друг его Нюня».


— Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем творчасць пісьменнікаў Заходняй Беларусі — Валянціна Таўлая, Васіля Ласковіча, Піліпа Пестрака, Міколы Засіма. У далёкія суровыя гады паэты балюча перажывалі за лёс любай краіны, а іх паэтычныя радкі гучаць як запавет берагчы мілы край ад гора ды напаўняць сваё жыццё стваральнай працай. Раскажыце, калі ласка, пра пісьменнікаў, якія зараз паспяхова працягваюць традыцыі, закладзеныя папярэднікамі.

— Гэта паэт, празаік і краязнаўца, лаўрэат многіх прэстыжных міжнародных прэмій Веніямін Бычкоўскі, які вывучае мінулае Палесся, стваральнік музеяў у гарадскім пасёлку Целяханы і мемарыяльнай капліцы ў памяць закатаваных жыхароў вёсак Бабровічы, Вядо, Тупічыцы, Красніца. Віктар Рэчыц, які ўсё жыццё прысвяціў журналістыцы, працуе ў гумарыстычным жанры паэзіі. Паэт і празаік Святлана Сцепанчук разам з вучнямі і выпускнікамі школ Івацэвіцкага раёна да Дня беларускага пісьменства падрыхтавала зборнік вершаў з сімвалічнай назвай «Ручайкі» — звонкія, шчырыя радкі маладых літаратараў натоляць любоўю і цеплынёй душы землякоў і гасцей зямлі івацэвіцкай. Вядомы паэт, празаік, мастак, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Галушка нядаўна пайшоў з жыцця, але пакінуў багатую літаратурна-мастацкую спадчыну. Чалавек складанага лёсу і неверагоднай мужнасці, светлай душы, сапраўдны патрыёт Беларусі. Шчырую падзяку выказваем супрацоўнікам райгазеты «Івацэвіцкі веснік», якія падрыхтавалі да выдання яго новую кнігу — яе можна пабачыць таксама на Дні пісьменства.


— Колькі зараз пісьменнікаў налічвае абласное аддзяленне? Раскажыце пра самых маладых. А хто мае самы шаноўны ўзрост?

— У жніўні мы павіншавалі старэйшага пісьменніка Брэстчыны, заслужанага журналіста, паэта, лаўрэата літар­атурнай прэміі імя У. А. Калесніка, чый 85-гадовы юбілей супаў з юбілеем вобласці, — Георгія Сцяпанавіча Тамашэвіча. Напрыканцы мінулага года ў шэрагі Саюза пісьменнікаў Беларусі прынята 23-гадовая Яніна Босак, аўтар паэтычнага зборніка «Рифмы». На жаль, сёлета пайшлі з жыцця пісьменнікі Мікола Панасюк (Брэст) і Васіль Жушма (Іванава), але апошнім часам аддзяленне папоўнілася творцамі менавіта з брэсцкай прапіскай. Да нас далучыліся таленавітыя майстры слова Васіль Барысюк і Ірына Фаміна. Усяго арганізацыя складаецца з 49 прафесійных літаратараў, большая частка з якіх — паэты.


— Што хвалюе пісьменнікаў у наш час, якія тэмы самыя папулярныя? Якімі выданнямі за апошні час узбагацілася літаратурная скарбонка Берасцейшчыны і ў цэлым нашай краіны?

— Сучасных пісьменнікаў цікавяць тэмы гістарычнага мінулага нашай краіны, подзвігаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, генацыду беларускага народа. Вялікая ўвага да дзіцячай літаратуры. Нядаўна фестываль дзіцячай кнігі «Роднай Мышанкі абшары» сабраў многіх прыхільнікаў у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна. На пачатку года пабачылі свет дзве кнігі бярозаўскага пісьменніка Анатоля Бярнацкага ў жанры нон-фікшн. Зінаіда Дудзюк парадавала чытачоў новым зборнікам паэзіі «Пуцявіна» і гістарычным прыгодніцкім раманам «Сыны Рарога». У выдавецкім доме «Звязда» ў гэтым годзе выдадзены дзіцячыя кнігі Алены Гневушавай «Сказки-улыбки для веселых дошколят» і мая кніга апавяданняў «СНежным годом». Вершы апошніх гадоў Ірыны Морых увайшлі ў кнігу «Неповторимые слова и лица», а яе захапляльныя дзіцячыя вершы — у зборнік «Стихи о маленькой принцессе и другие». У выдавецтве «Чатыры чвэрці» ў серыі «Несур'ёзна пра сур'ёзнае» пабачыў свет зборнік гумарыстычных твораў Расціслава Бензерука «Гама для дваіх», нядаўняя навінка гэтага ж аўтара — кніга «Сардэчны абярэг». Выданне знаёміць чытача з вядомымі пісьменнікамі, з якімі Расціслаў Бензярук сустракаўся і якія сталі для яго добрымі сябрамі на многія гады.

Сёлета выйшаў трэці выпуск літаратурнага альманаха «Лірычны настрой», складальнікам, рэдактарам і выдаўцом якога стала кобрынская пісьменніца Наталля Кандрашук (Ніжнік) і два нумары Брэсцкага раённага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс» (рэдактар і складальнік — брэсцкі празаік, журналіст Аляксандр Валковіч). Дарэчы, падчас святкавання вызвалення Брэсцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была прэзентавана і кніжная навінка ад Аляксандра Валковіча — празаічны зборнік «День шепота трав». Такі дзень існуе ў календары і якраз выпадае на 31 жніўня, пачатак святкавання Дня беларускага пісьменства. А выданні брэсцкіх аўтараў сапраўды разнажанравыя, рознатэматычныя і вельмі цікавыя.


— Славуты беларускі пісьменнік і вучоны Уладзімір Калеснік для многіх берасцейскіх літаратараў быў настаўнікам і добрым сябрам. Ён падрыхтаваў шмат здольных творцаў і выкладчыкаў роднай літаратуры. Нездарма Брэсцкім аблвыканкамам створана літаратурная прэмія імя У. А. Калесніка, дзе ўшаноўваюць вашых калег. Раскажыце, калі ласка, пра гэтую традыцыю.

— Найлепшыя кнігі, створаныя паэтамі і празаікамі Брэстчыны, адзначаюцца гэтай прэміяй з 2007 года. І вось цяпер у Івацэвічах, цудоўнай сталіцы ХХХІ Дня беларускага пісьменства, будуць агучаны новыя кнігі-пераможцы, а іх аўтары атрымаюць заслужаныя ўзнагароды. Гэта будзе 11-я па ліку ўрачыстасць. Раней такія цырымоніі ўжо праходзілі ў вёсцы Лунін, гарадах Лунінец, Пінск і Брэст. Ладзім і іншыя літаратурныя спаборніцтвы. На пачатку верасня абвесцім новы сезон абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч», заснаванага ў 2018 годзе абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з Брэсцкай і Пінскай епархіямі Беларускай праваслаўнай царквы і Брэсцкім абласным аддзяленнем Беларускага фонду міру. Звычайна пачынаем год са свята «Мой свет — кніга», якое ладзім сумесна з Брэсцкай гарадской бібліятэкай імя Пушкіна, і «Калядных чытанняў». Традыцыйнымі сталі конкурсы маладых аўтараў, юных чытальнікаў, гумарыстычныя спаборніцтвы. Гэта ўсё дапамагае знаходзіць новыя імёны і далучаць іх да спраў пісьменніцкай арганізацыі.

— Дзякуй вялікі, шаноўная Таццяна Анатольеўна, за цікавую гутарку!
Праграма сёлетняга Дня пісьменства, як заўсёды, насычаная і багатая — сустрэчы з айчыннымі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, выставы, канцэрты і іншыя актыўнасці. У праграме — эксклюзіўны паказ дакументальнага фільма «Приказано жить», адкрыццё арт-аб'екта «Дети лесной школы», гала-канцэрт пераможцаў рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка». Кульмінацыяй свята стане ўрачыстае адкрыццё, дзе па традыцыі ўзнагародзяць аўтараў лепшых твораў сучаснай літаратуры.
basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter