У нядзелю, 17 снежня, сваё прафесійнае свята адзначаюць беларускія кінематаграфісты. Менавіта ў гэты дзень у 1924 годзе пачалася гісторыя айчыннага кінамастацтва. Спецыяльна да святочнай даты эфір тэлеканала «Беларусь 3» напоўніцца цікавымі стужкамі, а таксама першакласнымі дакументальнымі фільмамі.
У драме «На іншым беразе» знайшлося месца і гістарычнаму кантэксту, і дэтэктыўным пагоням.
Зямное прыцягненне
У Дзень беларускага кіно гледачоў чакае паказ самых незвычайных праграм і карцін, прысвечаных айчыннаму кінематографу. Адкрые тэматычны эфір на сацыякультурным канале телепрэм’ера для самых маленькіх — анімацыйная стужка «Тошка і яго сябры. Дапоўненая рэальнасць. Перазагрузка. Версія 1.2», якую завяршылі зусім нядаўна на студыі «Беларусьфільм». Пачатак — у 07:30, не прапусціце! У 21:05 чакаем яшчэ адну прэм’еру 2023 года — дакументальны фільм рэжысёра Ігара Бышнёва «Краіна выратаванага волата», прысвечаны беларускаму зубру. Гэта гісторыя пра доўгую і карпатлівую працу па адраджэнні віду ў нашай краіне.Дакументальны фільм прадзюсера і рэжысёра Сяргея Кацьера «Зямное прыцягненне Івана Міско», які раскрые вобраз выдатнага скульптара на фоне яго зносін з касманаўтамі і дзеячамі мастацтва, будзе паказаны ў 15:25. Сяргей Кацьер прызнаецца:
— Івана Якімавіча я ведаю вельмі даўно. Рабіў пра яго перадачу, шмат разоў наведваў майстэрню, прыводзіў сяброў. Мяне захапляе гэты таленавіты, ні да каго не падобны і па маральных, і па творчых якасцях чалавек. Ён шмат гадоў працаваў з касманаўтамі па праграме «Інтэркосмас», яго добра ведаюць і ў Зорным гарадку, і на радзіме першага касманаўта планеты ў горадзе Гагарыне. Але ў нашым фільме мы не хацелі гаварыць выключна пра тое, які ён выдатны «касмічны» скульптар і колькі помнікаў і бюстаў нашых касманаўтаў зрабіў. Пра гэта зняты не адзін фільм. Таму мы пайшлі іншым шляхам.
Успаміны пра мінулае ў працы Сяргея Кацьера пераплятаюцца з клопатамі сённяшняга дня: нягледзячы на салідны ўзрост, Іван Якімавіч па-ранейшаму праводзіць увесь час у майстэрні. Гледачы ўбачаць і як адліваўся ў бронзе помнік Якубу Коласу, над якім народны скульптар працаваў у складзе творчай групы, і як манумент перавозілі і ўсталёўвалі ў Стоўбцах.
Па законах жанру
Прыхільнікаў якаснага кіно ў святочны дзень на культурнай кнопцы чакае падборка класічных гульнявых стужак вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм»: «Хто смяецца апошнім» (1954), «Дрэвы на асфальце» (1984), «Юрка — сын камандзіра» (1984), «Міравы хлопец» (1971) і культавыя «Белыя росы» (1983). У завяршэнне тэматычнага эфіру «Беларусь 3» прапануе ў 21:55 паглядзець гістарычную драму «На іншым беразе», падзеі ў якой адбываюцца ў 1925 годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі, што апынулася пад уладай палякаў.Амаль 20 гадоў аднаму народу давялося жыць паасобку: у Заходняй Беларусі і БССР. І толькі ў 1939-м гістарычная справядлівасць перамагла. Нашаму народу вярнулі не толькі землі, адабраныя ў 1921-м, але і веру — у будучыню і адзіную нацыянальную дзяржаву. У новай драме ад «Беларусьфільма» знайшлося месца і гістарычнаму кантэксту, і дэтэктыўным пагоням, і нават рамантыцы. Усё па законах жанру!
Карціна, створаная рэжысёрам Андрэем Хрулёвым і камандай «Беларусьфільма», адметная ўжо тым, што першай сваёй задачай ставіць не забаўляльную функцыю, а асветніцкую і выхаваўчую. Сюжэт кіношнікам падказала гісторыя: жыхары маленькай вёскі спрабуюць абараніць уласную веру і царкву, але гэтыя спробы жорстка спыняюцца... Карціна вучыць галоўнаму: шанаваць родных і блізкіх, любіць Радзіму, берагчы сваю краіну і нацыянальную ідэнтычнасць.
Стаўку стваральнікі стужкі зрабілі ў тым ліку на таленавітую моладзь. У галоўнай ролі — 29-гадовы акцёр расійскага Тэатра на Броннай Данііл Чуп. Ён іграе маладога беларуса Паўла Бойку, які жыве са сваёй маці ля самай мяжы Заходняй Беларусі і БССР. Роля разведчыцы Лесі (і па сумяшчальніцтве каханай Паўла) трапіла актрысе Антаніне Дзівінай. А вось у ролі старэйшага брата Паўла чакаем набіраючага папулярнасць Івана Батарова. Таксама гледачы ўбачаць у фільме народную артыстку Беларусі Тамару Міронаву і заслужанага артыста Руслана Чарнецкага. Ён упэўнены, што фільм «На іншым беразе» выдатна адлюстроўвае адзін з найважнейшых этапаў пабудовы суверэннай незалежнай дзяржавы:
— Мы павінны памятаць сваю гісторыю і яе гераічныя старонкі. Не толькі Вялікая Айчынная стала выпрабаваннем для нашай краіны, але і перыяд польскай акупацыі — адзін з найцяжкіх, калі тэрыторыя краіны раскалолася на заходнюю і ўсходнюю, людзей адарвалі адзін ад аднаго, навязалі сваю культуру і ідэалогію… У аснове фільма — вельмі важная для разумення ідэя: Беларусь павінна быць адзінай, а беларусы — разам.
leonovich@sb.by