Не паспеў сысці снег, а вулічна-дарожныя сеткі ўжо рыхтуюць да эксплуатацыі ў вясенне-летні перыяд. Да 1 мая трэба прывесці ў парадак каля 87 тысяч кіламетраў дарог мясцовага і рэспубліканскага значэння. Асфальту страшныя не снег і марозы, а рэзкія перапады тэмператур: днём вада трапляе ў мікраскапічныя трэшчыны, а ноччу замярзае і пашырае іх. Так і ўтвараюцца на дарогах ямы і расколіны. Разам з рабочымі «Гаррамаўтадара» Мінгарвыканкама карэспандэнт «Рэспублікі» выехала на рамонт дарогі.
На абслугоўванні ДВА «Гаррамаўтадар» і прадпрыемстваў, што ўваходзяць у яго склад, знаходзіцца больш за 22 млн квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі і пешаходных зон. Зрэшты, было б няправільным лічыць, што рамантуюцца яны толькі вясной.
— Патрульныя агляды дарог на прадмет выяўлення не толькі ям, але і снегу, галалёдзіцы, правалаў, падтапленняў праводзяцца кожны дзень, — сцвярджае Аляксандр Корсак, старшы майстар ДВА «Гаррамаўтадар» Мінгарвыканкама. — Затым фіксуюцца месцы, дзе склалася найбольш крытычная сітуацыя, якую неабходна тэрмінова выправіць.
Сёння рамонтная брыгада асфальтабетоншчыкаў накіроўваецца на праспект Незалежнасці, да станцыі метро «Барысаўскі тракт». Там на праезнай частцы ўтварылася некалькі невялікіх, але каварных ямін, вострыя краі якіх могуць папросту разрэзаць шыну трапіўшага ў іх кола. Выпраўляемся цэлым картэжам: самазвал і пагрузчык, якія прыбяруць рэшткі выразанага кавалка дарожнага палатна, «Газель» з людзьмі і інструментам (бензінавы генератар, бензарэз, адбойны малаток, паветрадуў). Ззаду стаіць аранжавая бочка на базе МАЗа з папярэджваючымі аб рамонце дарогі знакамі, якія мільгаюць агнямі. Гэта машына прыкрыцця, галоўная задача якой — засцерагчы людзей. Выпадкі, калі ў транспарт рамонтнікаў уразаюцца няўважлівыя або п’яныя вадзіцелі, на жаль, не рэдкасць.
— Сёння працуем з літой гарачай сумессю, якая не патрабуе ўшчыльнення катком, — уводзіць у курс справы Аляксандр Корсак. — Яе можна выкарыстоўваць пры тэмпературы паветра да -10 градусаў. Яна проста размяркоўваецца па карце і застывае. Што такое карта? Гэта месца, дзе была яма, ужо падрыхтаванае для заліўкі асфальтам. Літая гарачая сумесь, якая змяшчае павышаную колькасць бітуму, зручная для ўкладкі.
Для ямачнага рамонту ўсю дарогу не перакрываюць
Участак дарогі, які падлягае рамонту, агароджваецца спецыяльнымі конусамі. Дарэчы, гэта абавязкова ўзгадняецца з ДАІ. Па суседніх палосах імчаць машыны так, што рабочых аж хістае.
— Напішыце пра гэта! — просіць нехта з хлопцаў. — Нельга так хутка ехаць міма рамонтнікаў. Бывае, на хуткасці 80 кіламетраў у гадзіну пралятае фура, і патокам паветра проста зносіць на суседнюю паласу. Аднойчы выкінула на самай справе, добра, што там машын не было!
Назіраючы за працай рабочых, лаўлю сябе на думцы, што яна нечым падобная да стаматалагічнай. Вакол «дупла» ў дарожным пакрыцці бензарэзам або нарэзчыкам швоў высякаецца роўны кавалак палатна. Пашкоджаны асфальт у ім здрабняецца адбойным малатком і выбіраецца. Затым у справу ідзе паветрадуў — прыстасаванне накшталт пыласоса, толькі дзьме наадварот, ачышчаючы атрыманую карту ад пылу, гразі, фрагментаў асфальту.
Вакол «дупла» ў дарожным пакрыцці бензарэзам высякаюць роўны кавалак палатна
— Каб добра трымалася літая сумесь, з карты абавязкова патрэбна выдаліць рэшткі пашкоджанага асфальту, — яшчэ раз падкрэслівае Аляксандр Корсак.
Застаецца толькі дачакацца машыны з асфальтам. Паколькі плошча рамонту невялікая, яго размяркуюць па карце рыдлёўкамі і разраўняюць. Каб новы гладкі ўчастак дарогі не стаў слізкім, зверху пасыплюць мелкім шчэбнем.
З пачатку года такі рамонт у Мінску выкананы на плошчы больш за 7 тысяч квадратных метраў праезнай часткі. Зараз фарміруецца спіс вуліц, дзе асфальтабетоннае пакрыццё заменяць не фрагментарна, а поўнасцю, па ўсёй шырыні.
Усяго ж у краіне трэба праверыць і падрыхтаваць да эксплуатацыі каля 87 тысяч кіламетраў аўтамабільных дарог агульнага карыстання: каля 16 тысяч кіламетраў рэспубліканскіх і 71 тысячу — мясцовых. Зараз праводзяцца падрыхтоўчыя работы да актыўнай працы, якая пачнецца, як толькі дазволіць надвор’е.
nevmer@mail.ru
Ямы і расколіны: пасля зімы трасы краіны пачалі прыводзіць у парадак
Дарогам прыйшлося не гладка
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.