Отпуск без путевки: как развивается духовный туризм в Дятловском районе

Дарога ад храма да храма

Нашы карэспандэнты праклалі духоўны турыстычны маршрут у Дзятлаўскім раёне

Няма такой мясцовасці ў нашай роднай Беларусі, дзе нельга было б знайсці нешта дзіўнае, каларытнае. У кожным кутку шмат таямнічага і нязведанага. Адкрыць скарбы гісторыі краю, пазнаёміцца з тым, што сёння сваімі рукамі ствараюць яго жыхары, пакаштаваць старадаўнія гатункі сыроў або адправіцца на балоты любавацца совамі. Варыянтаў займальна правесці адпачынак у апошні час з'явілася нямала. Вялікая заслуга ў гэтым належыць дзяржаве, якая стварае ўсе ўмовы для развіцця інфраструктуры ў малых гарадах, клапоціцца пра камфорт для адпачывальнікаў паблізу рэк і азёр. 

Унутраны турызм, атрымаўшы новы стымул пасля пандэміі і санкцый, паспяхова развіваецца. Пра гэта кажа і статыстыка. Летась колькасць арганізаваных турыстаў і падарожнікаў перавысіла 1,33 мільёна, што на 12 працэнтаў больш, чым у 2021-м, і ў 2,3 разы больш, чым у 2020-м. Цікавая дэталь: расце папулярнасць індывідуальных падарожжаў па краіне. А значыць, беларусы ўсё часцей перад лянівым адпачынкам на пляжы аддаюць перавагу пазнавальным вандроўкам, прычым імкнуцца не толькі наведаць знакавыя месцы, але і ўбачыць унікальныя аб'екты культурнай спадчыны, раней невядомыя. Аб некаторых з іх — у матэрыялах нашай рубрыкі. Прапануем зазірнуць у горад Дзятлава і яго аколіцы. Там распрацавана 12 турыстычных маршрутаў: «Таямнічая Дзятлаўшчына», «Па партызанскіх сцежках», «Малое кальцо Дзятлаўшчыны», «Прынёманскія краявіды», «Вытокі духоўнасці» і іншыя. Мы адправіліся ў гэты край, каб скласці свой маршрут. Атрымалася з акцэнтам на духоўнасць.

Дарога да святыняў 

Прыехалі марозным, хоць і вясеннім днём, размясціліся ў гасцініцы «Дядя Ваня». Дарэчы, у Дзятлаўскім раёне на тэрыторыі санаторыя «Радон» дзейнічае гатэль «Паніква». Пераначаваць можна і недалёка ад аграгарадка Вензавец, у «Хатцы паляўнічага». Дзе перакусіць і выпіць кубачак кавы, таксама шукаць доўга не трэба: налічылі 14 пунктаў харчавання, сярод якіх бары, рэстараны і кафэ.

Сонечнае святло залівае вокны старадаўніх будынкаў на дзятлаўскай плошчы 17 Верасня. Ад экскурсавода Алены Абрамчык даведваемся: з'явілася яна тут у першай палове XVI стагоддзя, побач быў узведзены касцёл. У той час плошча называлася Рыначная. Усе пабудовы былі драўляныя, за сваю гісторыю не раз падвяргаліся пажару, але з цягам часу зноў аднаўляліся. 

У самым цэнтры горада (па вуліцы Перамогі, 1) узвышаецца новы Спаса-Праабражэнскі сабор. Ён узведзены на ўзвышшы, упрыгожаны срэбранымі званамі, якія, нібы свечкі, цягнуцца ў вышыню. Гэты каменны храм пабудаваны ў 1508-м, але за гады ліхалеццяў не аднойчы разбурваўся. Адраджалі яго ўжо ў наш час. Будаўніцтва ішло амаль дваццаць гадоў. 


Дзятлаўчане вельмі любяць свой храм, бо тут ужо больш за пяць стагоддзяў узносяцца малітвы, — распавядае айцец Аляксей Сцепановіч. — Характэрна, што ў будынку старой царквы ў 1708 годзе маліўся рускі імператар Пётр I. У Дзятлаве ён правёў два тыдні. Усе іконы тут старадаўнія, намоленыя. Ёсць і абраз прападобнага Абросіма Опцінскага з часціцай яго мошчаў, які вылечвае ад хвароб. І тры абразы, напісаныя на святой гары Афон: свяціцеля Феадосія Чарнігаўскага, святой велікамучаніцы Кацярыны, Прасвятой Багародзіцы. У 1998-м у храме некалькі дзён міратачыла Галгофа. І сёння там адчуваецца міласць Святога Духа. 

Клірык храма іерэй Аляксей СЦЕПАНОВІЧ.

Айцец Аляксей расказвае, што старажылы ўспамінаюць добрым словам былога настаяцеля храма протаіерэя Іаана Комара. З яго імем звязаны пачатак будаўніцтва храма ў горадзе, але тады перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Бацюшка арганізоўваў вернікаў на аказанне дапамогі параненым байцам і камандзірам Чырвонай арміі, разам хавалі загінулых. А калі падчас аднаго з партызанскіх рэйдаў быў паранены камандзір атрада Валянцін Біцько, айцец Іаан благаславіў урача дзятлаўскай бальніцы Гулецкага на тое, каб зрабіў аперацыю ў алтары храма. Гэта і выратавала жыццё камандзіру. 

Утульны дом для споведзі душы

Далей наш шлях пралягае ў Вензавец, размешчаны за 7 кіламетраў на паўднёвы захад ад Дзятлава. Паўднёвую частку аграгарадка перасякае рака Караўка. Праз Вензавец праходзіць шаша М-11 на ўчастку Дзятлава — Слонім. Пакуль едзем, экскурсавод Алена Абрамчык распавядае пра гісторыю мястэчка: 

— Назва паходзіць ад слоў «вязаць», «звязваць». Раней паселішча так і называлася — Вязовец. Першая пісьмовая згадка пра яго датуецца другой паловай XV стагоддзя. 

У ХVІІ стагоддзі Вензавец быў у валоданні Сапегаў і Палубінскіх. У гэты час функцыяніраваў каталіцкі храм, дзе захоўваўся цудатворны абраз Божай Маці. У 1775 годзе тут было 53 двары, два млыны, карчма. У канцы XIX стагоддзя ў сяле налічвалася 90 двароў, царква, школа. Кожны год у канцы чэрвеня ў Вензаўцы праводзіўся кірмаш.


— Гонар аграгарадка — царква Пятра і Паўла, — кажа Алена Абрамчык. — Велічны будынак з цэглы і бутавага каменю пабудаваны ў стылі старажытнарускага культавага дойлідства. 

Айцец Аляксей Сцепановіч адчыняе дзверы храма вялікім жалезным ключом. З парога царква ўражвае незвычайнай атмасферай і ўтульнасцю, створанымі рукамі вернікаў. Тут і сухацветы, якія радуюць фарбамі круглы год, і даматканыя дываны і посцілкі на драўляных лавах. Храм у зімовы час ацяпляецца дровамі. Клапатлівымі рукамі пробашча і вернікаў створаны камфортныя ўмовы для ўсіх, хто прыязджае ў гэтыя месцы. 

Жадаючых убачыць такую прыгажосць і пакланіцца «Маці Божай Вензавецкай» нямала. Паездка ў аграгарадок уключана ў склад некаторых пазнавальных маршрутаў.

І вера, і памяць 

За Вензаўцом недалёка Ліпічанская пушча — сапраўднае раздолле для аматараў ціхага палявання. Наш экскурсавод Алена Абрамчык расказвае: грыбоў і ягад там вельмі шмат. Па шырокай звілістай дарозе накіроўваемся да трэцяга храма ў нашым маршруце — Свята-Барыса-Глебскай царквы ў вёсцы Накрышкі. 


Падчас Вялікай Айчыннай тут служылі протаіерэі Дзмітрый Гладкоў і Андрэй Зянюк, — распавядае настаяцель храма айцец Мікалай Пінчук. — Дзякуючы ім удалося выратаваць ад адпраўкі ў Германію мясцовую моладзь. На гарышчы накрышскай царквы літаральна за паўтары сотні метраў ад нямецкай камендатуры дзейнічаў партызанскі лазарэт. У час вайны святарам удалося капітальна адрамантаваць храм, што пасля выратавала яго ад закрыцця. 

Прыходская царква працягвае развівацца. Новыя пакаленні вернікаў адкрываюць яе для сябе як месца сустрэчы з Богам, як каштоўную духоўную спадчыну, захаваную продкамі. 

За сваю вандроўку, вядома, убачыць усе дзівосы не паспелі. А іх яшчэ вялікае мноства: і парослыя мохам дагістарычныя курганы, старажытныя храмы і званіцы, рэшткі панскага парку і старадаўніх пабудоў. Не паспелі пачуць народныя легенды і апавяданні старажылаў. З вуснаў у вусны перадаюцца яны, з пакалення ў пакаленне. І як добра, што курганы, камяні, азёры і крыніцы, пра якія ўзгадваюць сівыя легенды, можна і сёння ўбачыць на свае вочы, адчуць дыханне гісторыі. 

КАМЕНТАРЫЙ

Ірына ВАРАНОВІЧ, дырэктар Дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму:

— Планы аб развіцці турызму адлюстраваны ў дзяржпраграме «Беларусь гасцінная» да 2025 года і ў Нацыянальнай стратэгіі развіцця турызму да 2035-га. Стараемся рабіць усё, каб нашы грамадзяне маглі добра адпачыць у сваёй краіне. Нядаўна ў дзяржпраграму дададзена падпраграма «Развіццё сферы турызму і ўдасканаленне турыстычнай інфраструктуры ў Паазер'і Віцебскай вобласці на 2023—2025 гады». Гэта закладзена ў пастанове Саўміна № 66 ад 26 студзеня. У падпраграму ўключана адразу некалькі раёнаў: Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Глыбоцкі, Мiёрскі, Пастаўскі, Расонскі і Шаркаўшчынскі, дзе плануецца ўладкаваць інфраструктуру, адрамантаваць дарогі, добраўпарадкаваць прыпыначныя пункты, санітарныя зоны і гасцініцы. І, што немалаважна, ствараць падзейныя мерапрыемствы, якія паслужаць стымулам для паездак менавіта ў гэты турыстычны рэгіён. 

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter