Спявак Сяргей Шабадалаў
Дарэчы, беларусы з латышскага Даўгаўпілса ды літоўскага Вісагінаса даўно сябруюць паміж сабой. Паміж Цэнтрам беларускай культуры Даўгаўпілса і Беларускім культурным цэнтрам “Крок” Вісагінаса заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве. Сяброўскія стасункі звязваюць літоўскіх беларусаў і з Даўгаўпілскім беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым”. Пра Сяргея можна расказваць шмат: ён — саліст ансамбля “Світанак” і даўні сябар беларускай суполкі “Крок” з Вісагінаса, член Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі, пастаянны ўдзельнік ды вядучы Фэсту беларускай песні ў Літве. Неаднойчы выступаў ён і на міжнародным фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
Сустрэчы з Сяргеем Шабадалавым супляменнікі ў Даўгаўпілсе заўсёды рады. Гэта сапраўды рознабакова адораны чалавек. Ён валодае не толькі цудоўным голасам, але і талентам гумарыста-парадыста, вядучага-канферансье. Надзелены ён яшчэ і дарам выдатнага апавядальніка. Таму ў час канцэрта Сяргея Шабадалава ў зале Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры ніхто не сумаваў: неаднойчы выступы перарываліся бурнымі апладысментамі і крыкамі “Брава!”. Вельмі душэўна спяваў ён пра сваю малую радзіму — гарадскі пасёлак Відзы, што ў Браслаўскім раёне Віцебшчыны. Кожны на канцэрце пачуў тое, што блізка і дорага яго сэрцу. Шмат прагучала беларускіх народных і аўтарскіх песень. Сольныя нумары Сяргея чаргаваліся з яркімі выступамі артыстаў ансамбля “Світанак”: Эдвардаса Пішчыкаса, Алены Пішчыкене, Міхаіла ды Валянціны Падобаў, Вольгі Шабадалавай.
Сяргей Шабадалаў не хавае: выступленне ў Даўгаўпілсе — новая старонка ў яго творчай кар’еры: вялікі сольны канцэрт ён даваў упершыню. На вечары прагучала шмат песень на словы даўгаўпілскага паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі.
Жывая музыка, выдатныя галасы саліста і ўдзельнікаў ансамбля, тонкі гумар вядучага нікога не пакінулі раўнадушнымі. Канцэрт прайшоў “на ўра”. З падзячным словам да артыстаў звярнулася кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, старшыня беларускага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская. Словы падзякі прагучалі таксама ад старшыні Таварыства латвійска-беларускай садружнасці Станіслава Валодзькі, члена праўлення “Уздыма” Вольгі Паўловіч і многіх іншых.
Супрацоўніцтва беларусаў Літвы і Латвіі працягваецца. Да сустрэчы на Фэсце беларускай песні ў Вісагінасе і “Беларускім кірмашы ў Даўгаўпілсе”!
Голас Радзімы № 24 (3576), чацвер, 28 чэрвеня, 2018 у PDF