Мазырскія канатаходцы пакарылі кубінскага гледача і міжнароднае журы

Да Гран-пры — па канаце

Юныя эквілібрысты з Мазырскага цэнтра цыркавога мастацтва “Арэна” пад кіраўніцтвам Марыі і Барыса Кузняцовых не толькі заваявалі Гран-пры прэстыжнага фестывалю цыркавога мастацтва Circuba 2017, але таксама атрымалі прэмію глядацкіх сімпатый і два спецыяльныя прызы — ад кубінскай Нацыянальнай школы цырка і ад Саюза журналістаў Кубы. Чым жа так уразілі юныя артысты замежных экспертаў і гледачоў?


Мазыране паказалі нумар “Канатаходцы”, які сёлета прынёс ім ужо серабро на фестывалі ў Монтэ-Карла. У нумары прынялі ўдзел пяць выхаванцаў “Арэны”. Самаму старэйшаму — 22 гады, самым малодшым — па 14. Усё абсталяванне, якое было спецыяльна выраблена для гэтага нумара і якое важыць каля 300 кілаграмаў, беларусы прывезлі з сабой. Артысты хадзілі па нацягнутым канаце з завязанымі вачыма, трымаючы на плячах і галаве сваіх партнёрак, ездзілі па ім на роліках і нават манацыкле!

Як пішуць кубінскія журналісты, такога на востраве не памятаюць з 1989 года, калі савецкія артысты ўразілі больш за 15 тысяч кубінцаў: “Прайшло амаль трыццаць гадоў да моманту, калі пяць маладых артыстаў з Беларусі прыбылі ў сталіцу Кубы, поўныя мар і надзей, каб гэтак жа нас здзівіць”.

Беларусы сталі бясспрэчнымі пераможцамі кубінскага фестывалю. Аднак дасталіся ўзнагароды і некалькім артыстам з іншых краін. Золата фестывалю ўзялі паветраныя гімнасткі з В’етнама і акрабаты на батуце з кубінскай цыркавой кампаніі “Гавана”. Срэбра атрымалі гімнасты на турніках з Кубы і дуэт сілавых акрабатаў з Перу. Бронза — у расійскай паветранай гімнасткі, кубінскай акрабаткі і мексіканскага жанглёра. Усяго на фестывалі выступілі артысты з 15 краін, яны паказалі 34 нумары.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter