— Ты як? — дысплей загарэўся паведамленнем.
— Памятаеш, я табе казала, што ў мяне чорная паласа ў жыцці пачалася? Дык вось, гэта была белая, — жартую і разумею, што доля праўды ў гэтым ёсць.
Памятаеце ваш няўдалы дзень? Звычайна ён пачынаецца з таго, што вы праспалі. Спешна пачынаеце збірацца, апранаеце сукенку. Вось неспадзяванка — яна ж мятая. А хвіліны ляцяць. З горам папалам выбягаеце з дому з рэшткамі зубной пасты на рукаве. З жахам бачыце, што нехта «заціснуў» ваш аўтамабіль на паркоўцы і нават не пакінуў нумара тэлефона. Вы несяцеся на прыпынак грамадскага транспарту, рызыкуючы пабіць рэкорд Усэйна Болта. Дзверы аўтобуса з патрэбным нумарам па-здрадніцку зачыняюцца прама перад носам. Раптам калега піша ў Viber, што менавіта сёння начальнік вырашыў праверыць, у колькі супрацоўнікі прыходзяць на працу...
У нейкі момант прыходзіць апатыя. «Чорная зебра», — думаеце вы, безуважна назіраючы, як нейкі аўтамабіль з галавы да ног аблівае вас брудам. Вы ўжо змірыліся з няўдачамі, што вас пераследуюць. А потым бац! І ўсё само сабой разышлося. Нарэшце вы ў доўгачаканай белай паласе. Менавіта гэта некаторыя і называюць шчасцем. Але думкі пра тое, як доўга гэтая белая паласа працягнецца і калі наступіць чорная, зноў не даюць расслабіцца.
Слухаючы гісторыі пра паласу нешанцавання, міжволі праводжу паралелі з «законам пачака». Гэтым тэрмінам навукоўцы называюць здольнасць аднародных падзей групавацца адна з адной. Напрыклад, калі на адным участку дарогі адбываецца больш аварый, чым на іншых.
Даследуй не даследуй, а факт застанецца фактам: чым пазітыўней мы ставімся да жыцця, тым больш прыемных падарункаў яно нам робіць. Хтосьці запярэчыць: «А як жа лёс?» Быццам пераход з паласы на паласу ідзе сам па сабе. Адсюль фразы-апраўданні, маўляў, «мне па жыцці не шанцуе». Мы гатовыя сказаць што заўгодна, абы не браць на сябе адказнасць за сваё жыццё. Але жыццё — не зебра з чорных і белых палос, а шахматная дошка. Тут усё залежыць ад нашага ходу.
Калі ў нас усё дрэнна, мы стараемся выйсці з сітуацыі, працуем над сабой і тым самым ствараем платформу для пазітыўных змяненняў. А калі ўсё ў парадку — расслабляемся і перастаём рухацца наперад. Гэта значыць, пажынаем плён сваёй жа бяздзейнасці. Гэта элементарны прынцып прычынна-следчай сувязі. Можна сказаць так: мы самі ствараем белую паласу, калі праходзім чорную. І наадварот: мы ствараем усе перадумовы для чорнай паласы, калі знаходзімся ў белай.
А можа, шчасце папросту прыядаецца? Памятаю, у дзяцінстве бацькі звазілі мяне адпачыць на Чорнае мора. Там яны разгаварыліся з дзяўчынай, якая прадавала сокі. «У мяне вяселле праз некалькі дзён, а я не ведаю, як вясельную сукенку надзець! На плячах загар ну ніякі!» — паскардзілася прадавец. Бацькі здзівіліся: «Дык у чым праблема? Пляж пад бокам, хадзі хоць кожны дзень і загарай, як хочацца!» Дзяўчына адказала так: «Гэта вы сюды прыязджаеце адпачываць і загараць. А мы тут жывём. І на мора не ходзім».
Яшчэ тады мне гэта падалося дзіўным. Хтосьці праязджае сотні кіламетраў, каб пару тыдняў атрымліваць асалоду ад марской прыгажосці, а мясцовыя жыхары яе зусім не шануюць. А потым зразумела: тое, што мы бачым кожны дзень, успрымаем як звычайнае і перастаём заўважаць. Яно ўжо не выклікае такой радасці, як тады, калі мы бачым гэта ўпершыню. Дык, можа, у гэтым і ёсць сэнс «чорнай паласы»? Яна вучыць нас шанаваць тое добрае, што мы перастаём заўважаць.
gorbatenko_inna@mail.ru
Памятаеце ваш няўдалы дзень? Звычайна такія дні пачынаюцца з таго, што вы праспалі
Чорнае і белае
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.