Члены Союза писателей Беларуси представили свое творчество на Дне белорусской письменности в Ивацевичах

Цёплае і духоўнае свята Дня беларускага пісьменства доўжыцца ў Івацэвічах другі дзень. На галоўнай сцэне прадстаўляюць сваю творчасць беларускія пісьменнікі, паэты-песеннікі, барды, якія за сотні кіламетраў прыехалі ў слаўны брэсцкі гарадок.


Каля 150 аўтараў — членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі — раздаюць аўтографы, падпісваюць кнігі, чытаюць вершы для сваіх любімых і ўважлівых прыхільнікаў.


Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка прадставіла гасцям свята свой паэтычны зборнік «Пришли времена…», які выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». У кнізе новыя вершы, напісаныя за перыяд з моманту выхаду папярэдняй кнігі ў 2019 годзе, і ў другой частцы — выбраныя творы, якія найчасцей гучаць на літаратурных сустрэчах і па прапанове шэрагу бібліятэк. Аўтар прачытала са сцэны некалькі пранізлівых вершаў:

Я вас прошу: в угаре увлеченья
Страх отметая, ложь и суету, 
Не придавать пустой молве значенья, 
Не тратить сил души на пустоту.


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валянцін Семяняка адзначыў, што мы жывем у мірнай, прыгожай краіне, гадуем дзяцей, ладзім святы, і гэта трэба берагчы. Бо зусім побач ідуць войны, льецца братэрская кроў:

Сышліся народ на народ, 
Сышліся браты на братоў.
Ліецца крывёю не пот, 
Ліецца братэрская кроў.
Ламаюцца лёсы ўшчэнт 
І выюць сірэны наўзрыд.
Праносяцца зграі ракет 
Па сцежках крывавых арбіт.

Валянцін Семяняка горды тым, што беларус. У патрыятычнай творчасці, чытанні вершаў, выкананні песень яго падтрымалі Людміла Кебіч, Іна Фралова, Андрэй Скарынкін, Кастусь Цыбульскі і дзясяткі іншых выступоўцаў.

Віктар Праўдзін прэзентаваў свой новы раман «Непераможны злом». Аўтар расказаў, што раман прысвечаны апошняму месяцу жыцця свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава: 

— Тэма невыпадковая, бо падзеі адбываліся ў Шаркаўшчыне, любым мне куточку, дзе прайшло юнацтва, дзе я пачаў працу, дзе і цяпер жыву. У 1912 годзе іерэй Канстанцін Жданаў, мясцовы ўраджэнец, пабудаваў там новую царкву Успення Прасвятой Багародзіцы. Прыгожую, з залатымі купаламі.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў прадставіў на свяце кнігу «Выход всегда есть, или Письма из прошлого». Гэты зборнік пра сапраўднае каханне, мары, шчасце, праяўленне лепшых чалавечых якасцей. Пра кожнага з герояў аўтар расказаў з цеплынёй і любоўю. Праз лёсы родных і блізкіх людзей (а кніга, дарэчы, аўтабіяграфічная) Міхась Пазнякоў імкнецца данесці галоўнае:

— Няма ў чалавека нічога даражэй за радзіму. У новае выданне ўвайшлі творы розных гадоў. Асобныя расказваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра мужнасць беларусаў, праяўленую ў барацьбе супраць акупантаў, і пасляваенным будаўніцтве жыцця. У чытача ёсць магчымасць паразважаць пра сваё прадвызначэнне, знайсці адказы на хвалюючыя пытанні.

Кніга Тамары Кавальчук «Доброе сердце» — таксама навінка, якую аўтар прэзентавала на Дні беларускага пісьменства:

— Кожнае апавяданне – маленькі эпізод з жыцця падлеткаў. Усе творы зборніка маюць пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Яны знаёмяць з навакольным светам, выхоўваюць дабрыню, чуласць, міласэрнасць, сяброўства, працавітасць…












Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter