Директор Института генетики и цитологии Руслан Шайко: «Расшифруем геном человека, растения, животного»

Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі Руслан Шайко: «Расшыфруем геном чалавека, расліны, жывёлы»

Рускі і французскі біёлаг лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне фізіялогіі і медыцыны Ілья Мечнікаў больш як стагоддзе таму прадбачыў, што чалавек пры дапамозе навукі выправіць недасканаласць сваёй прыроды. Сёння гэта магчыма дзякуючы аналізу ДНК. Такімі даследаваннямі займаюцца ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Руслана ШАЙКО. У асяроддзі навукоўцаў прайшло яго дзяцінства. Бацька — вядомы акадэмік Іван Паўлавіч Шайко, кіраваў аддзяленнем Усесаюзнага інстытута жывёлагадоўлі ў Ліпецку і часта браў з сабою ў доследныя лабараторыі. Хлопчыку цікава было назіраць за працай вучоных. У старэйшых класах ён пэўна вызначыў свой далейшы шлях. Скончыў заафак Гродзенскага сельгасінстытута, а потым аспірантуру. Абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, быў абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. Чатыры гады кіруе навуковым калектывам. Эфектыўнай рабоце вучоных садзейнічае створаны тры гады таму міждысцыплінарны сектар біяінфарматыкі. У інстытуце пры дапамозе фундаментальных прыкладных даследаванняў распрацоўваюцца генетычныя пашпарты людзей, жывёл і раслін.


— На пачатку года такі дваццацітысячны пашпарт атрымала сям'я са Смаргоні, — з гонарам падкрэслівае Руслан Шайко. — Пасля нараджэння першынца маладыя бацькі вырашылі даведацца пра яго генетычныя здольнасці. Справа гэта важная. Перш чым вызначыць, якім відам спорта ці мастацтва нашчадку займацца, трэба праверыць яго генетыку. З дапамогай тэсціравання ўказваюцца генетычныя схільнасці, што дазваляе дзіцяці правільна арыентавацца і развівацца ў вызначаным геномам накірунку.

— Як тут не ўзгадаць выказванне класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа: «Няхітрая справа трапіць нагою ў пракладзены след; значна цяжэй, але затое і больш ганарова пракладваць шлях самому». Больш на­дзейна гэта рабіць, маючы атрыманы арыенцір. Наколькі дакладныя вынікі даследаванняў Інстытута генетыкі і цыталогіі?

— Такімі даследаваннямі займаюцца і замежныя калегі. Лідзіруюць у гэтым накірунку кітайскія, амерыканскія вучоныя, навукоўцы з іншых краін. Працэнт памылковасці вынікаў аналізу ДНК розны. Так, у замежных дасягае 30 працэнтаў, а ў нас не перавышае паўпрацэнта. Дакладнасць залежыць ад рэагентаў, якія надта дарагія.

Добра, калі бацькі вырашылі зрабіць генетычны пашпарт дзецям ужо ў 2—3 гады. З дапамогай даследавання вызначаем вынослівасць арганізма, раскрываем амаль два дзясяткі розных захворванняў. Свае парады ўзгадняем з Міністэрствам аховы здароўя.

Спецыялістамі інстытута сабрана больш за 10 тысяч узораў генетычнага матэрыялу і перададзена на захоўванне ў створаны Нацыянальны банк ДНК. Там захоўваецца больш за 14 тысяч узораў чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Увесь матэрыял замарожваецца да максімальна нізкіх тэмператур. Такіх унікальных сховішчаў на постсавецкай прасторы больш нідзе няма.

— Ваша дырэктарства супала з нялёгкім часам сусветнай пандэміі, а потым і неабгрунтавана выстаўленых санкцый. Як усё гэта ўплывае на дзейнасць калектыву?

— Перапоны гартуюць. У нас трывалыя сувязі з калегамі Новасібірскага інстытута генетыкі і цыталогіі, Маскоўскага інстытута эксперыментальнай медыцыны, Варонежскага медуніверсітэта, а таксама з навукоўцамі Узбекістана, Кіргізстана, Казахстана. Маладыя спецыялісты з гэтых краін едуць да нас стажыравацца.

Навуковая дзейнасць калектыву развіваецца. Тры гады таму пачаў дзейнічаць першы ў Беларусі сектар біяінфарматыкі. Навукоўцы, занятыя ў ім, практыкаваліся ў Германіі. У апошнія гады сталі папулярнымі ў свеце біяінфарматыка і біяінжынерыя. З верасня спецыялістаў па гэтых напрамках пачнуць рыхтаваць у БДУ: новая для Беларусі спецыяльнасць «біяінжынерыя і біяінфарматыка» з'явіцца на біялагічным факультэце.

— Які дыяпазон прымянення даследаванняў інстытута ў народнай гаспадарцы?

— Даволі шырокі: у аграпрамысловым комплексе, медыцыне і іншых сферах. У доследных лабараторыях сучаснае абсталяванне. Мадэрнізавалі Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій. За суткі расшыфроўваецца геном чалавека, расліны, жывёлы. Камп'ютары аўтаматычна адпампоўваюць і апрацоўваюць атрыманую інфармацыю. Затраты на набыццё такога арсенала сябе апраўдваюць. Аналагічным высокатэхналагічным абсталяваннем на постсавецкай прасторы аснашчаны толькі інстытут імя Курчатава ў Маскве.

Каб трымацца правільнага курсу, кожныя тры гады звяраем навуковыя вынікі з замежнымі калегамі. Арыентуемся на самыя апошнія распрацоўкі сусветных вучоных.

— Якія даследаванні Інстытута генетыкі і цыталогіі зараз найбольш рэйтынгавыя?

— Сярод мноства самых цікавых фундаментальных даследаванняў шмат такіх, што ў будучым складуць аснову важных навуковых адкрыццяў. Вялікую ўвагу надаём развіццю геннай інжынерыі. З дапамогай аналізу ДНК вызначаем далейшае выкарыстанне маладняку жывёлы — на адкорм ці племянное ядро, выяўляем схільнасці да захворванняў. У кароў вызначаем якасць малака. У магазінах з'явіўся прадукт з этыкеткамі «А-1» і «А-2», якія сведчаць пра вялікую наяўнасць казеіну. Ужыванне такога малака не выклікае ў чалавека алергію.

Сумесна з расійскімі калегамі вывучаем геном буйной рагатай жывёлы чырвонай беларускай пароды. Такі статак у 180 галоў захаваўся ў гродзенскай гаспадарцы «Новы Двор». Малако гэтых кароў даволі тлустае, у ім шмат бялку. Даследуем маладняк і даём парады, як больш эфектыўна гэту жывёлу выкарыстоўваць.

— А ў галіне раслінаводства што да­следуеце?

— З калегамі НПЦ па земляробству НАН вывучаем вынослівасць пшаніцы, жыта, соі, сланечніка на марозаўстойлівасць і засуху. Вынік даследавання — атрыманне элітнага насення сельгаскультур беларускай селекцыі, якое карыстаецца попытам нават у гаспадарках Варонежскай, Арэнбургскай абласцей Расіі. 

На шаснаццацігектарным полі, што на ўскрайку Мінска, вырошчваем сою, баклажаны і памідоры рознага колеру і формы. Гібрыды насення таматаў перадаём калегам Белдзяржсельгасакадэміі для высявання ў адкрытым грунце. У нас іх больш за 35 сартоў, сярод якіх жоўта-чырвона-чорныя і чырвона-аранжава-чорныя.

Паступова засвойваем сістэму пост­рэдагавання генаў. Першыя крокі гэтай карпатлівай працы зроблены на раслінах. Расшыфраваны геном з дапамогай сучаснай апаратуры правяраецца на наяўнасць патагенаў умоўных захворванняў і пры выяўленні непажаданых магчымасцей выразаецца. На наступным этапе медыкі ўносяць прапановы прымянення прэпаратаў ці хірургічнага ўмяшання дзеля прадухілення негатыўных сітуацый.

Навукова-даследчая дзейнасць калектыву за мінулы год адзначана прэміяй НАН Беларусі. Кандыдаты біялагічных навук Наталля Чакава і Таццяна Далматовіч увайшлі ў топ-10 вучоных акадэміі. Сярод моладзі адзначана кандыдат біялагічных навук Ганна Яцкіў.

Наш калектыў пастаянна амалоджваецца. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў крыху перавышае 40 гадоў. Моладзь матывуем забеспячэннем жыллём, сацпакетам, магчымасцю адпачываць ў прафсаюзным санаторыі. Да нас чарга жадаючых займацца навукай.

— Напэўна, не толькі навуковая дзейнасць аб'ядноўвае калектыў, у якога за дзесяцігоддзі існавання склалася свая гісторыя?

— Рознымі справамі напоўнены нашы будні і святы. Уважліва захоўваем усё лепшае, што ўсталявалася ў калектыве, які зараз вырас да паўтары сотні чалавек. Ладзім спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, ушаноўваем памяць былых калег, сярод якіх і франтавікі. У Год гістарычнай памяці партрэтамі ветэранаў вайны, якія ў розныя часы працавалі ў інстытуце, абнавілі спецыяльны стэнд.

Дакладна прыкмечана: хто не памятае мінулага, таму не відаць будучыні. На прапанову сабраць матэрыялы пра родных і блізкіх, што змагаліся з ворагам, у калектыве ўсе дружна адгукнуліся.

— Руслан Іванавіч, а што менавіта для вас значыць Год гістарычнай памяці?

— Шмат чаго ўзгадваецца з успамінаў родных. Па лініі маці дзядуля Іван Міхайлавіч Турко пехацінцам прайшоў па ваенных шляхах-дарогах. Расказваў, як фашысцкія захопнікі бегла адступалі ад іх клецкай вёскі Лучыцы. Да Берліна яму не ўдалося дайсці. На пачатку 1945 года ў баі на польскай зямлі яго кантузіла. Быў камісаваны. У пасляваенны час ён працаваў лясніком. Спрытна вырабляў бочачкі, вуллі, драўляныя возікі, санкі, колы для павозкі.

У трох кіламетрах ад Лучыц ляхавіцкая вёска Савейкі, дзе жылі продкі па бацькавай лініі. Дзядуля Павел Фёдаравіч Шайко ў Вялікую Айчынную на танку дайшоў да Берліна, а потым быў накіраваны на вайну з Японіяй. У пасляваенны час садоўнічаў у санаторыі «Савейкі». У яго былі залатыя рукі. Памятаю, як вакол санаторыя дзядуля стварыў жывую агароджу з кустоў. Некалькі кустоў з той агароджы растуць на маім падворку ў Жодзіне. Гэта памяць пра дзеда-франтавіка. На нашай сядзібе 33 соткі зямлі. У белай квецені патанае сад: абрыкосы, персікі, яблыні, грушы, слівы, вішні, арэхі — амаль 60 розных дрэў. Свой вінаграднік і плантацыя дурніц. З канца чэрвеня і да глыбокай восені частуемся сакавітымі ягадамі. Люблю пасля працоўнага дня пасядзець пад дрэвамі, паразважаць.

— Што вас як дырэктара найбольш хвалюе?

— Жыццё напоўнена рознымі клопатамі. Рэканструюем цяплічны комплекс. Настроены яго ўладкаваць, каб займацца доследамі і зарабляць сродкі на далейшае развіццё. Важна не спыняцца на паўдарозе, крочыць да канца. Калі неабходна — мо і рызыкаваць, але ў памерах разумнага. Так даводзіцца паступаць у гаспадарчых справах. Новага будынка патрабуе старая падстанцыя, што на доследным участку. Распрацавалі праект, вызначаны сродкі на будоўлю, але складанасці іх засваення. Вось і даводзіцца прымаць неардынарныя рашэнні.

— Ад якой рысы характару хацелі б пазбавіцца?

— Мне заўважаюць, што надта мяккі, і раяць быць больш патрабавальным да падначаленых. На гэта адказваю, што важны вынік адносін. За гады кіраўніцтва ні на каго ў калектыве не павысіў голас. Так паводзіў сябе, працуючы ў Інстытуце жывёлагадоўлі НАН Беларусі. Характар дадзены Богам і бацькамі.

— Як кажуць, добры характар — багацце на ўсё жыццё. Нарадзіліся вы ў Беларусі, юнацкія гады прайшлі ў Расіі. А дзе ваш запаветны куточак?

— Радзіма пачынаецца з мясцін дзяцінства. У вёсцы Савейкі ля вытокаў ракі Шчары карані маіх продкаў. Птушкай ляцеў туды на летніх канікулах. Побач родныя мясціны маці — клецкая вёска Лучыцы. Для мяне святы куточак. Засталіся ў сэрцы расійскія гарады Ліпецк і Варонеж. Калі бацьку прапанавалі ўзначаліць Інстытут жывёлагадоўлі НАН Беларусі, я вучыўся на заафаку Варонежскага дзяржаграўніверсітэта. Аднаму заставацца не захацелася, таму перавёўся ў Гродзенскі сельгасінстытут.

— Чым найбольш запомнілася студэнцкае жыццё ў Гродне?

— Горад над Нёманам, акрамя дыплома заатэхніка, падараваў сустрэчу з будучай жонкай. З сябрам хадзілі ў басейн. Звычайна пасля купання прасушвалі валасы пад фенам. А ў той зімовы вечар не паспелі гэта зрабіць. Выйшлі на вуліцу  — мароз. Добра, што побач  інтэрнат універсітэта. Звярнуліся да вахцёра, каб дапамог. У той момант каля вахты праходзілі дзяўчаты. Яны пачулі нашу просьбу і дапамаглі. Яшчэ і гарбатай пачаставалі. Так пазнаёміўся з Таццянай. Праз тры гады згулялі вяселле. Запомніліся танцы на вуліцы. Жнівеньскі цёплы вечар. Спевы пад зорным небам.

— Ваш самы шчаслівы дзень?

— Светлых дзён лёс падараваў нямала: жаніцьба, нараджэнне дзяцей, навуковыя поспехі. Падрасталі і радавалі дочкі Вольга і Маргарыта. Пастаянна праведваем бацькоў жонкі. Мае жывуць у Жодзіне. Нас з малодшым братам Яраславам выхоўвалі працай, наказвалі, каб адзін аднаго трымаліся. Брат скончыў біяфак БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю, працуе ў нашым інстытуце. Выхадныя звычайна праводзім з бацькамі, маці частуе нас пірагом. На падворку ў спецыяльным казане на вогнішчы гатуем сямейны плоў.

Даводзілася бачыць, як французы шаноўна ставяцца да захавання сямейных традыцый. Так і ў нашай сям'і. З жонкай кожны год далучаемся да акцыі перадачы падарункаў выхаванцам дзіцячых дамоў. Дачка Вольга з зяцем таксама падхапілі гэту ініцыятыву. Не застаёмся раўнадушнымі да жыцця іншых людзей. 

Крэдам для мяне сталі радкі савецкага паэта Расула Гамзатава:

Ты хоть много проживи, хоть мало, 

Но тебе скажу я, не тая,

Если боль других твоей не стала, 

Прожита напрасно жизнь твоя.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter