Удзельнікам творчага спаборніцтва неабходна было самастойна агучыць фрагменты твора Янкі Маўра. У аргкамітэт конкурсу паступіла больш за 120 заявак з розных гарадоў Беларусі. Удзел у спаборніцтве прынялі не толькі школьнікі, але і педагогі, акцёры, людзі іншых прафесій. Ацэньвае ўдзельнікаў прафесійнае журы — спецыялісты ў галіне тэатральнага мастацтва і літаратуры, мастацкага радыёвяшчання, музейнай справы. Сярод крытэрыяў ацэнкі чытання — разуменне тэксту, эмацыянальнасць, тэхніка маўлення і якасць гучання.
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў пройдзе 15 лістапада, у дзень нараджэння Беларускага радыё, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. На мерапрыемстве будуць прысутнічаць прадстаўнікі радыёканала «Культура», тэатральныя дзеячы, музейныя работнікі. Павіншуюць пераможцаў і музычныя калектывы Белтэлерадыёкампаніі. Пераможцы конкурсу атрымаюць дыпломы і прызы, а таксама магчымасць выступіць на радыё. Лепшыя запісы прагучаць у эфіры канала «Культура». Для праграмы «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя» будзе падрыхтаваны радыёсерыял «Сын вады» паводле аповесці Янкі Маўра.
pepel@sb.by