Лира известна белорусам около 500 лет

Чароўныя гукі «рэлі»

Музычны інструмент з драўлянага корпуса і замацаванага ў ім кола, якое прыводзіцца ў рух пры дапамозе ручкі, з’явіўся на нашых землях прыкладна ў канцы XVI стагоддзя. Беларусы яго яшчэ называлі «лера» або «рэля». Сёння ліру можна пачуць хіба ў фальклорных ансамблях і аркестрах. Раней жа яе манатонныя, крыху «гугнявыя» гукі раздаваліся нашмат часцей — лірнікі хадзілі па гарадах і вёсках падчас пастоў, фэстаў, кірмашоў.

liveposts.ru

Права іграць на ліры трэба было заслужыць — прайсці пэўную вучобу, а таксама абрад пасвячэння ў лірнікі. Цікава, што ішлі ў лірнікі, як правіла, людзі з нейкімі фізічнымі недахопамі, напрыклад сляпыя або кульгавыя, піша аўтар кнігі «На чым іграе музыка» Надзея Дзямідава. Трымаліся такія музыкі па адным, удвух або групай па 3—4 чалавекі. Абавязкова пры лірніку быў хлопчык ці іншы павадыр, якога музыкант карміў і апранаў.

Лірнікаў у народзе любілі, называлі іх божымі людзьмі. Яны адначасова былі і музыкантамі, і паэтамі, і спевакамі, і акцёрамі. Пад гукі інструмента расказвалі людзям пра свой цяжкі лёс, спявалі аб людскім горы, подзвігах герояў і гэтак далей. Цікава, што такія спевакі былі ў розных народаў. Толькі называлі іх інакш. У рускіх былі сказіцелі, у казахаў і кіргізаў — акыны, ва ўзбекаў — бахшы, ва ўкраінцаў — кабзары.

Сёння ліра не самы папулярны музычны інструмент. Але і ў наш час знаходзяцца адданыя ёй слухачы, музыканты і майстры. Бадай, самы вядомы майстар, які вырабляе ліры і іншыя старадаўнія музычныя інструменты, — Алесь Лось. Дарэчы, сваю першую ліру ён стварыў яшчэ ў 1986 годзе.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter