Легенды, сказки и предания вдохновляют на творчество мастериц Витебщины на создание расписных ковров

Чароўных слоў увасабленне

Не закахацца ў прыгажосць краявідаў паўночнага рэгіёну проста немагчыма. Паванд­раваўшы, вы будзеце ўспамінаць не толькі веліч лясоў, асляпляльнае ззянне рачной роўнядзі, разнастайнасць флоры і фаўны, але і захапляльныя легенды і паданні Віцебшчыны. Займальныя гісторыі знайшлі водгук і ў творчасці. Аб гэтым наглядна сведчыць экспазіцыя ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.


Выстаўка «Чароўных слоў увасабленне. Легенды, паданні і казкі Віцебшчыны ў беларускіх маляваных дыванах» падрыхтавана сумесна з дзяржаўнай установай «Віцебскі абласны цэнтр народнай творчасці» ў межах музейнага праекта «Рэгіёны». У экпазіцыі прадстаўлены 38 работ з 14 раёнаў Віцебскай вобласці.

Маляванкi былі распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі з канца XIX стагоддзя. Цяжка было знайсці сялянскую хату, дзе сцены не ўпрыгожваліся маляванымі дыванамі. На некаторы час яны выйшлі з ужытку, але ў 1980-х



пачалі паступова адраджацца. Майстэрства стварэння маляванак з'яўляецца элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер'я», якое ў 2016 го­дзе было ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Сучасныя майстрыхі працягваюць справу продкаў. І сюжэты захаваліся адпаведныя — гісторыі пра русалак, цмокаў, райскія сады, цудадзейныя крынічкі, народныя святы… Дарэчы, выстава дапоўнена шматлікімі кнігамі міфаў, паданняў і казак Віцебшчыны з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.


Работы Жанны Ільюшкінай прыцягваюць буйствам фарбаў і глыбінёй думкі. Эскізы будучага дывана яна робіць на паперы і толькі потым пераносіць малюнак на тканіну:

— Над адной карцінай я магу працаваць некалькі месяцаў. У рабоце выкарыстаўваю акрылавыя фарбы высокай якасці. Я захапляюся беларускай міфалогіяй, таму многія дываны прысвечаны менавіта гэтай тэме.

Будзьце ўпэўненыя, прыгажосць работ абавязкова падштурхне на вывучэнне «паданняў даўніны глыбокай». Можа, пасля наведвання экспазіцыі хтосьці сам хутка пачне ствараць маляваныя дываны. А з творчасцю майстрых паўночнага рэгіёну можна пазнаёміцца на выставе да 20 красавіка.

infong@ng.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter