Пайшоў з жыцця выдатны кампазiтар Iгар ЛУЧАНОК, песнi якога спявала ўся краiна

Бывайце, Маэстра!

12 лістапада на 81-м годзе жыцця не стала Ігара Лучанка, народнага артыста СССР і Беларусі, прафесара, акадэміка, доктара навук, уладальніка многіх прэстыжных званняў, прэмій і ўзнагарод, кампазітара-легенды, якога па праве лічаць гонарам нацыі, а яго творчасць — нацыянальнай спадчынай. Спачуваннi ў сувязi са смерцю народнага артыста СССР Iгара Лучанка яго родным, блiзкiм i калегам накiраваў  Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка.

Сёлета ў жніўні Ігар ЛУЧАНОК адзначыў свой 80-гадовы юбілей.

Фота Аляксандра КУШНЕРА

Ён нарадзіўся у 1938-м у Мінску. Пасля сям’я пераехала ў Гомель, там яе застала вайна, бацьку-ўрача прызвалі на фронт. Далей — Растоўская вобласць, станіца Марозаўская, горад Сальск, там Ігар Лучанок пайшоў у першы клас. Пасля вайны ў 1946-м бацька атрымаў накіраванне ў Пухавічы, вярнуліся пад Мінск.

Запомнілася, як падчас адной з гутарак Ігар Міхайлавіч сціпла сказаў пра сябе: «Я не вялікі, я — з Пухавічаў». Пухавічы, а дакладней Мар’іна Горка, да апошніх дзён заставаліся адным з самых любімых яго месцаў. Сюды ён заўсёды з задавальненнем прыязджаў. У гэтым гарадку прайшло яго пасляваеннае дзяцінства. Тут ён ведаў усе вулачкі. Тут пачынаў некалі спазнаваць таямніцу нот. Адсюль у 1950-м прывезла яго маці ў Мінск паступаць у музычную школу пры кансерваторыі, адсюль пачыналася яго творчая біяграфія.

Сапраўдны кампазітар павінен умець прафесійна сачыняць усё: ад сімфоніі да песні — так лічыў Лучанок. І сам быў прафесіяналам найвышэйшага класа. Скончыў тры кансерваторыі — мінскую, ленінградскую і маскоўскую. Вучыўся ў вялікіх Анатоля Багатырова і Ціхана Хрэннікава. Паступаючы ў аспірантуру, на выдатна вытрымаў экзамен перад самім Дзмітрыем Шастаковічам, той славіўся сваёй строгасцю.

Паэма Янкі КУПАЛЫ, музыка Ігара ЛУЧАНКА і апрацоўкі Уладзіміра МУЛЯВІНА ў 1970-х увасобіліся ў адну з першых у СССР рок-опер — «Гусляр», выкананую «Песнярамі».
 
Ігар Лучанок — аўтар шэрагу выдатных акадэмічных твораў, а разам з тым — цудоўны меладыст, песеннік. Знакамітыя «Спадчына» і «Мой родны кут», напісаныя ім на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа, сталі, па сутнасці, нацыянальнымі гімнамі. 26 яго песень упрыгожылі рэпертуар легендарных «Песняроў». Яго творы выконвалі Іосіф Кабзон, Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Леў Лешчанка, Эдуард Хіль, Віктар Вуячыч. Фрагмент яго мелодыі «Песні пра Мінск» на словы народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі кожную гадзіну адбіваюць куранты на сталічнай Ратушы.

«Жураўлі на Палессе ляцяць», «Алеся», «Вераніка», «Зачарованая мая», «Письмо из 45-го», «Я хаджу закаханы», «Весенней ночью думай обо мне», «Трэба дома бываць часцей»… І гэтая дзіцячая — «Добрым быть сосем-совсем непросто» — таксама яго. У творчым багажы Ігара Лучанка — больш за 400 песень. Многія з іх сталі класікай жанру, яны вядомыя, папулярныя і любімыя доўгія гады. Некаторыя настолькі, што лічацца народнымі, як «Полька беларуская» або «Майскі вальс». Дарэчы, такую адзнаку Ігар Міхайлавіч лічыў для сябе найвышэйшай. А прыкладам з задавальненнем успамінаў выпадак, як адзін стары чалавек, ветэран вайны, іграў яму на акардэоне «Помнит Вена, помнят Альпы и Дунай» і настойваў, што пачуў гэтую народную франтавую песню яшчэ ў 1945-м у Празе.

Творчая зорка Ігара Лучанка ўзышла ў 1966 годзе, калі песня-балада «Памяць сэрца» маладога тады аўтара ў выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію на Усесаюзным конкурсе савецкай песні ў Маскве. З таго часу ўсё ў жыцці кампазітара было скіравана на стварэнне менавіта песень. Пра свой талент выдатнага меладыста Ігар Міхайлавіч казаў, што гэты дар дадзены яму Богам, і таму, пакуль дыхае, павінен карыстацца ім дзеля людзей. У адным з нядаўніх інтэрв’ю напярэдадні свайго 80-годдзя на пытанне, чым зараз запоўнена яго творчае жыццё, зноў адказаў:

Песні Ігара ЛУЧАНКА выконвалі зоркі першай велічыні. Не адзін хіт напісаў ён і для Іосіфа КАБЗОНА.
Фота БЕЛТА

— Ні дня без такта. Я пішу. Па-ранейшаму пішу музыку, песні. Прафесія такая, жыццёвая патрэба і звычка.

Ён заўсёды працаваў шчыра і сумленна. Яму падабалася, што яго мелодыі спяваюць і прафесіяналы, і аматары. Марыў, каб яго душа, якую ўклаў у песні, хаця б нейкай часцінкай перадалася слухачам. У кнізе Уладзіміра Ліпскага «Басанож па зорках» пра Ігара Лучанка ёсць такія словы кампазітара: «Буду шчаслівым, калі застануцца жыць хаця б адна-дзве мае песні. Тады і я як кампазітар буду жыць».

Ён абавязкова будзе жыць у нашай памяці. Бо жывыя і любімыя яго песні.

Развітанне з Ігарам Лучанком адбудзецца 14 лістапада ў сталічным Доме афіцэраў з 11.00. Пахаваюць нябожчыка на Маскоўскіх могілках Мінска.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter