Каравайная сталіца Брэстчыны - Быцень

Быцень: быць гаспадарамі і славіцца пірагамі

ПАЧАТАК мястэчку Быцень, што паміж Івацэвічамі і Слонімам, даў размешчаны на прыбярэжных узвышшах Шчары маёнтак заможных Давойнаў. Упершыню ён пісьмова ўзгадваецца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага ў 1555 годзе. Пазней тут уладарылі князі Сямён Адзінцэвіч і Фёдар Галаўня, шляхетныя магнаты Хадкевічы, Трызны, Тызенгаўзы. На пачатку ХVII стагоддзя пабудаваны манастыр, якому Папа Рымскі надаў прывілей на адкрыццё духоўнай школы. У трынаццацігадовую вайну, што пачалася ў 1654 годзе, манахі прынялі і ўратавалі базыльян з Вільні, Полацка, Віцебска, Мінска. Настаяцель манастыра Цярлецкі прывёз з віленскага Траецкага прытулку цудоўны абраз Маці Божай, які перадаў Успенскай царкве. Захоўваўся ў храме і абраз Жыровіцкай Маці Божай. 


На пачатку ХVIII стагоддзя мястэчка ўпрыгожыла мураваная Траецкая царква, аздобленая разным іканастасам і адзінаццаццю алтарамі. Адкрылася суконная фабрыка з паравым рухавіком. На сродкі мецэнатаў створаны шпіталь. 

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Быцень стаў цэнтрам воласці Слонімскага павета Расійскай імперыі. Адкрылася народнае вучылішча. Дзейнічалі мукамольнае прадпрыемства і ў суседнім маёнтку Планта — бровар, піўны і соладавы заводы.  

У Першую сусветную вайну мястэчка неаднаразова захоплівалі нямецкія і польскія войскі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам яно адышло да буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Быцень стаў раённым цэнтрам Баранавіцкай, а потым Брэсцкай вобласці. 

Вэтэран вайны і працы Мікалай МОНЦІК

Крывавы след пакінула ў мястэчку нямецка-фашысцкая акупацыя. Гітлераўцы стварылі гета. Амаль дзве тысячы мірных жыхароў зверскі знішчылі. Помнікам увекавечаны савецкія воіны і партызаны, якія загінулі ў барацьбе з ворагам.

У пасляваенныя гады ў Быцені аднавілі дзейнасць лесазавод, шавецкая і кравецкая арцелі. Пасля ліквідацыі раёна ў 1957 годзе Быцень стаў цэнтрам сельсавета Івацэвіцкага раёна. Дзесяць гадоў таму атрымаў статус аграгарадка, да якога далучаны вёскі Зарэчча і Козіна.

Старасты Быценя Валянціна НОВІК, Зоя ДЗЯНІСІК і дэпутат сельсавета Ігар ШАХАЎЦОЎ

ЗА чыгуначнай станцыяй Даманава, што на лініі Баранавічы—Брэст, аўтатраса перасякае пакаты ўзгорак, і як на далоні — падворкі Быценя, куды прывяла мяне вясновая вандроўка. У гэтых мясцінах звычайна на пачатку сакавіка ажыўлена на палях, што шырока раскінуліся паабапал нёманскага прытока — ракі Шчары. Цёплых сонечных промняў чакаюць заснежаныя прыдарожныя вербалозы, стром- кія грацыёзныя бярозы. Зычнымі галасамі пераклікаюцца з падворкаў гарластыя пеўні. 

Заваленую сумётамі снегу плошчу перад будынкам сельвыканкама перасякае статны конь, запрэжаны ў павозку. На просьбу прыпыніцца мажная кабета нацягвае лейцы, і вараны паслухмяна замірае на месцы. Ад вазніцы даведаўся, што прыехала па справах з суседняй вёскі Заполле. Да выхаду на пенсію Ніна Кузьміч даглядала жывёлу на ферме. Аўдавелай цяжка стала ўпраўляцца па гаспадарцы. Карову прадала, а каня пакінула. Сыдзе снег, і коніка — у плуг. 

Вучаніцы Маргарыта МАСЛОЎСКАЯ, Марыя ДУБЕШКА і настаўніца Наталля БІНКЕВІЧ у школьным музеі

Падышлі да нас дзве кабеты. Марыя Акіндзінава пасля заканчэння сярэдняй школы засталася ў вёсцы, выйшла замуж. Працавала кантралёрам на тэлерэтранслятары. Яе сяброўка Марыя Дрозд — рабочай на дрэваапрацоўчым камбінаце, які некалькі гадоў таму закрылі. Больш як трыста чалавек засталіся без занятку. Прыватнік выкупіў прадпрыемства, і засталося там крыху больш за паўсотні рабочых. Са шкадаваннем адзначылі сялянкі яшчэ адзін факт — закрыццё ўчастковай бальніцы. Марыя Акіндзінава кожнага з трох сваіх дзяцей нарадзіла ў мясцовым раддоме, які закрыўся раней. Праўда, замест бальніцы ў аграгарадку, дзе амаль дзве тысячы жыхароў, дзейнічаюць амбулаторыя і аптэка.

АЛЕНА Грынчык, якая дванаццаты год кіруе сельвыканкамам, занепакоена, што моладзь выязджае ў пошуках працы. На тэрыторыі сельсавета дзейнічалі дзве гаспадаркі. Быценьскае сельгаспрадпрыемства выкупіў італьянскі інвестар. Пакуль новых працоўных месцаў тут не адкрылася. Цэнтральная сядзіба ААТ “Пагор’е” — у аддаленай за 10 кіламетраў вёсцы Наліўкі. 

Старшыня сельвыканкама Алена ГРЫНЧЫК

Кожная новая справа радуе Алену Мікалаеўну: будзе праца людзям. Паўсотні гектараў зямлі ад таварыства атрымаў Канстанцін Новік, які заняўся вырошчваннем гародніны. Старшыня дапамагала атрымаць надзел аматару-садаводу Аляксандру Казловічу для гадавальніка пладовых дрэў і ягаднікаў. Авечак і трусоў на міні-ферме разводзіць Генадзь Мароз. Малое прадпрыемства па дрэваапрацоўцы арганізаваў Леанід Чарняк. Аграсядзібы пабудавалі ў Быцені Вадзім Афіцэраў і Вячаслаў Маслоўскі. На месцы старых пакінутых дамоў аграгарадка паўстаюць катэджы. Цэнтр упрыгожыў шматкватэрны кааператыўны пяціпавярховы дом. Некалькі гадоў таму адкрыта вытворчасць поліэтыленавых пакетаў. 

Паўсотні жыхароў заняты ў Быценьскім лясніцтве Баранавіцкага лясгаса. Пасля службы ў войску папоўніў гэты калектыў Андрэй Наліўка. Ад яго пачуў, што дыплом тэхніка-механіка ён атрымаў у Жыровіцкім аграрным каледжы. Цяпер, як і бацька Аляксандр Ва- сільевіч, працуе машыністам харвестара на лесанарыхтоўках. Пакі- даць родныя мясціны не збіраецца.

Шматдзетная маці Святлана СЯРКО

Са сталіцы вярнуўся ў Быцень хірург Ігар Шахаўцоў, з якім сустрэліся ў сельвыканкаме. У трэці раз ён выбраны дэпутатам мясцовага Савета. Пачынаў працоўную дзейнасць у сталічным Інстытуце траўматалогіі і артапедыі. Пасля вяртання дамоў лячыў хворых участковай бальніцы. Аднойчы па дарозе з райцэнтра заўважыў каля грузавіка мужчыну з акрываўленым тварам: манціроўка выскачыла з рук і рассекла лоб. Даставіў у амбулаторыю і зашыў рану. Залатыя рукі хірурга запатрабаваны ў глыбінцы. Пасля закрыцця ўчастковай бальніцы Ігар Анатольевіч кансультуе вяскоўцаў у амбулаторыі. Жонка яго, Валянціна Іванаўна, адна з чатырох стараст аграгарадка. Да іх звяртаюцца за парадай, дапамогай. Іх падворак у навагоднія святы па ўбранстве прызнаны лепшым у раёне. 17 рознакаляровых гірлянд зіхацелі чароўнай казкай. Пра іх кажуць: “У гэтай хаткі — дзве пячаткі” — дэпутата і старасты. Пятнаццаць гадоў яны разам.

Старшакласнікі Быценьскай сярэдняй школы

Сяброўка шчаслівай сямейнай пары Зоя Дзянісік таксама стараста. Працавала намеснікам дырэктара школы. Цяпер на заслужаным адпачынку і занялася грамадскімі справамі. Клопатаў у памочнікаў старшыні сельвыканкама хапае. Гэта яны не дазволілі газавікам рэзаць асфальт на вуліцы Піянерскай. У Брэст ездзілі і дамагліся, каб газаправод пралёг паралельна некранутаму асфальту і вуліца засталася прыгожай. Наперабой расказвалі сяброўкі пра ўпарадкаванне грамадскіх студняў, збор сродкаў на аперацыю ў замежнай клініцы для цяжкахворага хлопчыка Дзімы Студзянічніка. Збіралі грошы, каб наняць спецыялістаў для спілоўвання старых дрэў на могілках. Ідэальны парадак там навялі. Чыста і прыгожа ў аграгарадку, у якім трыццаць вуліц і завулкаў. Як пацяплее, пачнуць засяваць кветнікі. Па іх ініцыятыве замест аварыйнага драўлянага моста праз Клімаўку, па якім нельга было дабрацца на зарэчныя вуліцы, пракладзены дзве бетонныя трубы. 

АГРАГАРАДОК упрыгожыла вырабленая мясцовымі майстрамі дзіцячая пляцоўка, на ўпарадкаванні якой асабліва вызначыўся Віталь Гардзіенка. 

— Старасты, дэпутаты, сацыяльныя работнікі – мае надзейныя памочнікі, — пачуў ад старшыні сельвыканкама Алены Грынчык.

У кабінеце Алены Мікалаеўны яны спрачаюцца, абмяркоўваюць справы, плануюць дзейнасць. Дванаццаць сацыяльных работнікаў абслугоўваюць састарэлых адзінокіх жыхароў. Штодня наведваецца Наталля Токарава да былой цялятніцы Яўгеніі Грынчык, якой пайшоў дзясяты дзясятак. Адна засталася і дзевяностагадовая Надзея Грынчык, якая ў пасляваенны час пякла быценьскі хлеб. 

Рабочы лясгаса Андрэй НАЛІЎКА

Незабыўны пах яго вярнуў з далёкага Магадана ў родныя мясціны ветэрана вайны і працы Мікалая Монціка, у дом да якога завіталі са старшынёю сельвыканкама. У сенцах сустрэла гаспадыня. У невялікай куханьцы падкідваў дровы ў зыркае полымя пліты Мікалай Антонавіч. Каля агню грэўся сабачка. Пад трэск сасновага палення гаспадар вяртаўся да перажытага. Юнацтва яго апаліла вайна. Разам з іншымі вяскоўцамі яго нямецка-фашысцкія акупанты восенню 1943 года пад канвоем прывезлі на чыгуначную станцыю Даманава. У закрытых таварных вагонах адправілі ў Брэст, дзе гітлеравец праз перакладчыка папярэдзіў: калі нехта паспрабуе збегчы – усіх з вагона расстраляюць. Некалькі юнакоў усё ж настроіліся на пабег. Старэйшыя мужчыны адгаварылі іх. Саставам прыбылі ў Варшаву. Вагоны акружылі ўзброеныя ахоўнікі з аўчаркамі. 

Падкідваючы ў печку чарговае палена, Мікалай Антонавіч цяжка ўздыхнуў і працягнуў расповед. У перасыльным лагеры іх рыхтавалі да працы на ваенных заводах Германіі. З сябрам Андрэем Зайка адважыліся збегчы. Ноччу выйшлі з разбомбленай Варшавы. Амаль два тыдні пешшу прабіраліся праз лясы і глухія дарогі. На ўскрайку Белавежскай пушчы ля вёскі Гута-Міхалін трапілі да партызан. Не мог ступаць на пабітыя вадзянымі мазалямі падэшвы ног. Дапамаглі партызанскія медыкі. Абучыўся ўстанаўліваць міны і разам з байцамі хадзіў на заданні. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна. Іх падрыўное звяно ўзарвала тры чыгуначныя масты. 

Летам 1944 года каля Беластока атрад сустрэўся з байцамі Савецкай Арміі. У адным з баёў з ворагам Мікалай Монцік атрымаў раненне ў нагу. Лячыўся ў Ваўкавыскім ваенным шпіталі. Пасля вайны вярнуўся ў Быцень. Займеў сям’ю. Служыў ва ўнутраных войсках у Маскве. Працаваў у Магадане. Пасля выхаду на пенсію Мікалай Антонавіч перавёз дзяцей і жонку ў родныя мясціны. Сваімі рукамі пабудаваў дом у Быцені. Мала пажыла ў ім Яўгенія Харламаўна. Раз’ехаліся сын Мікалай і дачка Валянціна. Лёс звёў аўдавелага франтавіка з фельчарам Маргарытай Горбач. Штодня наведвае іх сын Маргарыты Адамаўны Юрый. Часта выступае ветэран вайны і працы перад вучнямі. 

Дырэктар школы Дзмітрый МАКАРЭВІЧ і вучні Ганна ЛУКАШЫК і Дзмітрый АНІШЧЫК на ўроку інфарматыкі

У ШКОЛЬНЫМ музеі, наведаць які прапанавала старшыня сельвыканкама, сабраны цікавы матэрыял пра гісторыю Быценя і яго заслужаных людзей. 

Спецыяльная экспазіцыя прысвечана земляку — пісьменніку, прафесару роднай мовы і літаратуры Белдзяржуніверсітэта Мікалаю Грынчыку, які сябраваў з Уладзімірам Караткевічам. Захоўваецца тут і вязаны світар Уладзіміра Сямёнавіча. Як рыбачылі літаратары на Шчары, памятае дырэктар школы Дзмітрый Макарэвіч. Пасля сталічнага ўніверсітэта Дзмітрый Леа- нідавіч вярнуўся настаўнічаць дамоў. Яго бацька Леанід Васільевіч — заслужаны архітэктар Беларусі, а бацькаў брат Мікалай Макарэвіч – член-карэспандэнт Беларускай акадэміі архітэктуры. Іх здымкі ўпрыгожваюць стэнд музея. Сабраны ў музеі і прылады славутых быценьскіх каравайніц. З усяго раёна прыязджалі сюды за вясельнымі караваямі. Адмыслова выпякалі іх Марыя Ламейка, Надзея Грынчык, Ніна Разумейчык, Ніна Навіцкая, Раіса Падсадная. 

СВЯТЫ аграгарадка ўпрыгожваюць духавы аркестр, якім кіруе Сяргей Сіманчук, спевы ветэранаў, царкоўны хор. Ладзіцца валейбольны турнір на прыз настаўніка фізкультуры Васіля Яглейкі. Шануецца і памнажаецца спадчына самабытнага Быценя.

Івацэвіцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter