Бярозы пачалi «плакаць»: колькі зараз каштуе літр ляснога напітку

Бярозы ў самым саку

У краіне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавага соку. Першымі да гэтай справы далучыліся лясгасы Брэсцкай вобласці. Спецыялісты кажуць, што рух соку пачаўся пазней, чым звычайна, бо яшчэ ў першыя дні красавіка Брэст і наваколлe замятала снегам. Устойлівае пацяпленне можа скараціць тэрміны збору карыснага напітку. Так што пакупнікам трэба паспяшацца.

Бярозавы сок на Брэстчыне нарыхтоўваюць ва ўсіх 13 лясгасах.

Бярозавы сок на Брэстчыне нарыхтоўваюць ва ўсіх 13 лясгасах. Як правіла, сезон доўжыцца каля трох тыдняў. Усё залежыць ад надвор'я і геаграфіі. Напрыклад, у паўночна-ўсходніх раёнах збор бярозавіку пачалі крыху пазней, чым на поўдні. Жадаючых папоўніць запасы шмат, але ў лясгасах абяцаюць задаволіць попыт насельніцтва на 100 працэнтаў. Жыхарам рэгіёна плануецца рэалізаваць да тысячы тон нарыхтаванай прадукцыі.

Аб'ёмы куплі не рэгламентаваныя, а цэны капеечныя ў прамым сэнсе слова. У сярэднім — 15 капеек за літр. Арыфметыка простая: 100 літраў соку, якога хопіць на паўгода, каштуюць усяго 15 рублёў. Нядорага і карысна. Невыпадкова з першых дзён нарыхтоўкі на дзялянках лясніцтваў выстройваюцца чэргі пакупнікоў.

Пад Брэстам лідар продажу — Мухавецкае лясніцтва. Ляснічы Сяргей Кашырскі расказвае, што пяць дзялянак дазваляюць максімальна забяспечыць попыт:

— У планах нарыхтаваць каля 100 тон. Ужо сабралі больш за 20. Мы працуем толькі для насельніцтва. Бяруць па-рознаму, ад дзвюх бутэлек да вялікіх каністраў. Бывае, у лес прыязджаюць машыны ад арганізацый. Людзі скінуліся, аплацілі транспарт і прыехалі на нарыхтоўку.

Лясніцтвы па-ранейшаму прапануюць толькі самавываз. На прафесійным слэнгу гэта называецца «купля каля пня». Насельніцтва самастойна купляе тару і залівае ў яе сок, не адыходзячы ад бярозы. Прадукцыя хутка псуецца, тэрмін захоўвання 12 гадзін. Паколькі лясгасы не прадпрыемствы харчовай прамысловасці, то і гандляваць, як піўзаводы квасам, з бочак не могуць. Таму і прадаюць з рук у рукі, непасрэдна каля бяроз. А далей пакупнік павінен у бліжэйшы час закансерваваць напітак.

Жыхарам рэгіёна плануецца рэалізаваць да тысячы тон нарыхтаванай прадукцыі.

Ляснік Мухавецкага лясніцтва Уладзімір Дарашэнка складае спіс пакупнікоў. Штодзень да яго на дзялянку прыязджаюць каля 20 чалавек:

— Кожны дзень мы прадаём больш за паўтары тоны. Можна прыехаць па папярэднім запісе ў 8.30 і ў 17.00. У астатні час мяшкі напаўняюцца сокам. Запіс — па тэлефонах, якія лёгка знайсці на сайце лясгаса.

Уладзімір ужо шмат гадоў адпускае бярозавік. У гэтыя дні ён бярэ адпачынак і працуе нарыхтоўшчыкам. Грошы невялікія, але не ў іх справа:

— Абуджэнне прыроды, свежае паветра... Тут набiраешся сіл. Бываюць, вядома, няштатныя сітуацыі. Напрыклад, трапляюццаі агрэсіўныя пакупнікі, нападпітку. Даводзіцца нават міліцыю выклікаць. Але гэта выключэнне.

Па сок едуць як пастаянныя кліенты, так і тыя, хто ўпершыню вырашыў набыць бярозавік проста ў лесе. Наталля і Юрый Курапата раней куплялі сок ў магазінах. А сёлета адправіліся ў лес самастойна. У пустыя каністры звонкім ручаём ліецца гаючы напітак. Муж і жонка плануюць набыць 80 літраў. Наталля ўжо рыхтуецца да работы:

— Да раніцы, спадзяюся, усё закатаю. Папрацаваць давядзецца, але ж піць бярозавік будзем усё лета. І танна, і карысна. У газіроўцы, самі ведаеце, адна хімія. Мне нават пах салодкай вады непрыемны.

Свежы бярозавік сам па сабе не мае смаку. Як вада. Водар раскрываецца толькі ў сукупнасцi з дадаткамі, а іх мноства. Брэстаўчанін Віталь Шукайла набірае сок разам з сынам Дзімам і дзеліцца маленькай хітрасцю. У шклянку ён кідае цукеркі. Атрымліваецца дзівосны напітак са смакам барбарысу. А ляснік Уладзімір Дарашэнка робіць з соку квас. Кідае ў бочку добрую жменю сухафруктаў: яблыкі, грушы. І адпраўляе яе на некалькi месяцаў у склеп. У летнюю спякоту такі халодны напітак добра асвяжае.

Даступнасць і таннасць прапановы — галоўная зброя супраць парушальнікаў. Прыемна, што ў гэтым годзе іх лясніцтвы не фіксавалі. Ды і ў намесніка начальніка Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргея Штыка даных аб парушальніках няма. І ўсё ж нялішнім будзе нагадаць: за незаконны збор бярозавіку фiзічныя асобы могуць атрымаць штраф да 20 базавых велічынь. Калі такое ж парушэнне здзяйсняе ІП, сума ўзрастае да 100 базавых велічынь, а юрыдычныя асобы могуць заплаціць нават да 500 базавых.

alexbresta@gmail.com

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter