Навукоўцы і журналісты шукаюць доўгажыхароў па ўсім свеце, каб даведацца ў іх пра сакрэт здароўя, якое яны захоўваць на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў. Адны даследчыкі лічаць, што сёння можна пражыць не больш за 100 гадоў, іншыя адзначаюць, што колькасць гадоў увогуле можа быць неабмежаванай. З чаго складаецца славуты эліксір маладосці? З такім пытаннем ехалі мы ў гарадскі пасёлак Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна, дзе пражывае Юлія Фларыянаўна Гульнік.
Добрыя словы ўсім прыемныя
Дні нараджэння наша гераіня ніколі не адзначала. «Не мела такой завядзёнкі, ды і не было калі мне пра весялосць думаць», — адзначае доўгажыхарка, сустракаючы нас у фае аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ў Казлоўшчыне. У гэтай установе яна ўжо 13 гадоў. Муж і трое дзяцей памерлі. У Фларыянаўны ёсць адзін унук і тры праўнукі.«Мой старэйшы унук Алег працуе лётчыкам, жыве ў Калінінградзе, — расказвае бабуля. — Праўнучкі сталі ўрачамі, жывуць у горадзе Ліда Гродзенскай вобласці, час ад часу мяне наведваюць. Так што ўвагі мне хапае, грэх скардзіцца».
Юлія Фларыянаўна з цеплынёй успамінае, як у дзень юбілею да яе з віншаваннямі прыйшлі прадстаўнікі ўлады раёна, а таксама землякі, суседзі. Пра гэта ёй зараз нагадвае фотаздымак, на якім імянінніца задзімае свечкі на святочным торце. У гонар шыкоўнай даты — залатыя паветраныя шары. «Тады расчулілася да слёз, — прызнаецца бабуля. — Усё-такі добрыя словы кожнаму прыемныя».
Дасціпная працаўніца
Юлію Фларыянаўну, вельмі далікатную знешне жанчыну, лёс не песціў, падсыпаў столькі выпрабаванняў, што магло б хапіць на некалькі жыццяў. Нарадзілася ў вёсцы Вензавец Дзятлаўскага раёна. Бацька Фларыян Мілевіч (імя па бацьку наша гераіня не памятае) і маці Казіміра Ігнатаўна — з простых сялян. Нарадзілі і вырасцілі 11 дзяцей.Браты і сёстры з маленства прывучаліся да абавязкаў па гаспадарцы. Шустрая Юлька ў пяць гадоў вучылася даіць карову, у дзесяць ужо выходзіла з маці жаць у поле. Здатная была і да вучобы. Калі скончыла чатыры класы, настаўнік прыйшоў сказаць бацькам, што ёй патрэбна вучыцца далей. Аднак тата адмовіў: за польскім часам навучанне каштавала вельмі дорага (за год трэба было заплаціць як за тры каровы). Таму пра ўніверсітэт Юля і марыць не магла. «Ды і хто б кароў пасвіў, пытаўся ў мяне бацька», — успамінае сёння наша гераіня.
Маці яе навучыла шыць, вязаць кручком, гатаваць смачныя стравы. А калі ўсю хатнюю справу ведаеш, то можна і замуж ісці. Так і адбылося. Дзяўчына сустрэла свайго суджанага на вячорках.
— Якія вясёлыя ў нас тады былі танцы! — расказвае субяседніца. — Музыкаў наймалі за грошы. У маладосці любіла танцаваць польку, кракавяк. На адных такіх вячорках сустрэла Уладзіміра. Сябравалі амаль два гады, у 1940-м ажаніліся.
Бабуля ўспамінае, як збірала грошы на тканіну для вясельнай сукенкі, потым з тканіны валошкавага колеру шыла сваімі рукамі ўбор, а таксама вэлюм (па-мясцоваму — валь).
— Валь мая была аж да самай зямлі, — успамінае Юлія Фларыянаўна. — Тады так было прынята, мабыць, каб і сямейнае жыццё было доўгім. На галаве — вянок, сплецены з барвінка.
Па веравызнанні я — каталічка, ён — праваслаўны. У касцёле нам, прадстаўнікам розных канфесій, ксёндз браць шлюб не дазволіў, а праваслаўны святар згадзіўся. Так мы абвянчаліся ў царкве Святых Пятра і Паўла ў вёсцы Вензавец. Спачатку наша сям'я жыла ў хаце бацькоў. Паціху будавалі свой дом. Дапамагчы не было каму. У бацькоў мужа таксама было 11 дзяцей.
Цяжкая дарога
— Самы жудасны час прынесла Вялікая Айчынная вайна, — расказвае мая суразмоўца. — Частку Дзятлаўскага раёна, дзе знаходзілася наша вёска Жадзейкі, лёс Хатыні мінаваў. А вось на другім баку Дзятлаўшчыны ўсё гарэла. Людзей зганялі ў гета, а потым нішчылі. Немцы хадзілі па вёсках, шукалі, чаго паесці, забіралі яйкі, малако. Прычым загадвалі карову выводзіць з хлява ў двор і даіць там у іх прысутнасці. Напэўна, баяліся, што я іх магу атруціць.У маладой сям'і Гульнік нарадзіліся дачка і два сыны. Самы малодшы Валодзя памёр ад менінгіту, калі яму не было і года. Не страціць сэнс жыцця ў той момант жанчыне дапамаглі старэйшыя дзеці — Валя і Пеця. Трэба было жыць. Яна з мужам чаргавалі цяжкую працу ў полі з бясконцымі хатнімі клопатамі. Юлія Фларыянаўна працавала паляводам у мясцовым калгасе, больш за дзесяць гадоў — на льнозаводзе. Як толькі ўсё паспявала? На гэта пытанне адказвае з усмешкай: «Пра сон забывалася ўвогуле. Бывала, бягу-бягу за некалькі кіламетраў у суседнюю вёску жыта жаць, пакуль іду, падрамлю. Вось і ўвесь сакрэт!»
— Памятаю, здарыўся ў Вензаўцы пажар, — расказвае наша гераіня. — За 40 мінут згарэлі ўсе хаты ў вёсцы. Стрэхі саламяныя ўспыхнулі ў адзін момант. Прыйшлося нам тады пачынаць жыццё нанова. Дзе браць матэрыял на будаўніцтва новай хаты, дзе набыць адзенне, абутак? Ткалі потым тканіну самі, шылі сукенкі, кашулі і сабе, і дзецям. Тата вырабляў абутак, які мы называлі не лапці, а хадакі на гумавай падэшве. Прайсці ў такіх хадаках можна было не адзін кіламетр. Тканіну для адзення карой дуба, рабінавым сокам фарбавалі самі.
Стаж сумеснага жыцця сям'і Гульнік склаў амаль паўвека. Уладзімір Ільіч памёр ва ўзросце 78 гадоў. Юлія Фларыянаўна перажыла сваіх дзяцей амаль на 40 гадоў. Пасля страты любімай дачкі Валянціны разбітая горам маці доўга хварэла, аднак нейкая невыказная сіла ўсё ж прымусіла яе сабрацца з духам: патрэбна было дапамагчы зяцю гадаваць адзінага сына.
Эліксір маладосці
— У маёй сям'і ніхто не дажываў да 100 гадоў, усе памерлі маладымі, калі не было і 80, — гаворыць Юлія Фларыянаўна. — Як мне ўдалося пражыць больш за стагоддзе, сама не ведаю! Мераю ціск кожны дзень. Калі паднімецца больш за 120 на 80, адразу кладу таблетку пад язык. Лекі заўсёды са мной, як і кнігі. Люблю чытаць духоўную літаратуру. Шкада, што год назад пагоршыўся зрок. Ніякіх дыет не прытрымліваюся: ем бульбу, шчавелевы суп, халадзец. Кожны дзень малюся і жадаю ўсім самага лепшага. Можа, гэта і ёсць сакрэт даўгалецця?kuzmich@sb.by