Гродзенскія велікодныя вербы па сваёй форме нагадваюць плоскія лісты сапраўднай паўднёвай пальмы. Асновай для іх служаць вербныя галінкі, якія аплятаюцца зелянінай і ўпрыгожваюцца рознакаляровымі кветкамі, стужкамі, ніткамі. Для іх вырабу выкарыстоўваюцца таксама каласкі, бяссмертнікі, цімафееўка, канапелька, мятлік і іншыя травы, якія часта спецыяльна фарбуюцца. Гродзенскія вербы не толькі выконваюць ролю святочнага атрыбута, але выкарыстоўваюцца і як абярэг, выконваюць дэкаратыўную функцыю і з’яўляюцца сапраўдным творам народнага мастацтва.
Згодна з Інвентаром нематэрыяльнай культурнай спадчыны, традыцыя вырабу пальмавападобных вербаў была пашырана на Гродзеншчыне ў канцы XIX — першай палове ХХ стагоддзя. Некалькі дзесяцігоддзяў старажытнае рамяство знаходзілася ў забыцці. Адраджаць яго пачалі толькі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Першапраходцамі ў гэтай справе сталі сёстры Сарасек з Гродна, якія перанялі традыцыю вырабу такіх вербаў ад сваёй маці, жыхаркі вёскі Вялікая Капліца Гродзенскага раёна. Сёння традыцыя вырабу гродзенскіх вербаў перадаецца не толькі ў сем’ях, але і на майстар-класах, якія арганізоўваюць мясцовыя ўстановы культуры.
mila@sb.by
Фота Аляксея Бібікава.