На «Беларусь 3» покажут уникальный документально-хроникальный фильм

Біяграфія краіны

У рамках эфірных акцый, прымеркаваных да векавога юбілею беларускага кінематографа, «Беларусь 3» працягвае знаёміць гледачоў са здабыткамі залатога фонду Белтэлерадыёкампаніі. Так, на тыдні з 27 мая сацыякультурны тэлеканал пакажа 6-серыйны дакументальна-хранікальны фільм «Біяграфія маёй рэспублікі», паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

Фото pixabay

Над гэтай стужкай у 1968 годзе працавалі рэжысёры Ігар Рудамётаў, Віктар Карпілаў, Іосіф Вейняровіч, Уладзімір Станкевіч і Арсеній Ястрабаў. У аснове фільма — унікальныя дакументальныя кадры, якія аўтарам давялося збіраць у беларускіх і расійскіх архівах, а таксама рэдкія кадры значных падзей, зафіксаваныя супрацоўнікамі Беларускага тэлебачання. Стужка, створаная да 50-годдзя БССР, падрабязна распавядае пра гісторыю развіцця рэспублікі і дасягненні народа ў розных сферах.

Відэастужка «Біяграфія маёй рэспублікі» захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў. Нядаўна спецыялісты галоўнай дырэкцыі фондавых матэрыялаў генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі пачалі працу па аблічбоўванню фільма.

— У працэсе аблічбоўвання кінастужкі 1968 года і пры апрацоўцы матэрыялу, безумоўна, узнікае шэраг праблем. Таму над рэстаўрацыяй адной серыі інжынер працуе з вялікай канцэнтрацыяй увагі не менш за чатыры дні, — адзначае галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі фондавых матэрыялаў Ала Вярэніч.

Стужка існуе ў двух моўных варыянтах — беларускім і рускім. 

І, як паказала практыка, гэта стала добрай падтрымкай у працэсе аблічбоўвання і ўзнаўлення.

— Варыянт на беларускай мове горшы па якасці, таму патрабуе больш працяглай працы з параметрамі гуку і відэавыявы, — патлумачыла Ала Вярэніч.

У тэлегледачоў будзе магчымасць пазнаёміцца з абодвума варыянтамі дакументальна-хранікальнай стужкі. З 27 мая «Беларусь 3» прапануе ўсе серыі фільма «Біяграфія маёй рэспублікі» з агучкай на рускай мове.

pepel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter