В чем видит свою роль в жизни сельский библиотекарь Елена Катковская

Бібліятэкар Алена Каткоўская: «Чытачам раю больш пазнаваць сваю Радзіму»

Уласнае шчасце, як і само жыццё, у кожнага складаецца па-свойму. Бібліятэкар прысталічнай вёскі Лескаўка Алена КАТКОЎСКАЯ бачыць асабістае шчасце не ў тым, каб шмат чым валодаць, а ў запатрабаванасці для грамадства. Так яе выхоўвалі настаўнікі і бацькі на іўеўскім хутары Дунічы.


Пасля заканчэння Чарнэльскай сярэдняй школы яна не пакінула родныя мясціны. Працавала бібліятэкарам у суседняй вёсцы Бокшышкі і завочна ў сталіцы атрымлівала вышэйшую бібліятэчную адукацыю. Выйшла замуж, нарадзіла дачку і двух сыноў. Сямейнае жыццё не ладзілася, з падтрымкай родных выхоўвала дзяцей. З бацькоўскага хутара перабралася да сваякоў на Міншчыну. Кіравала сельскім Домам культуры, а пасля закрыцця яго загадвае бібліятэкай.

 У сталыя гады Алена Вячаславаўна захапілася народнымі промысламі. Пастаянна ўдзельнічае ў прэстыжных фестывалях, выставах, конкурсах народных умельцаў.

 З гонарам прадстаўляла Беларусь на міжнародных культуралагічных форумах: «Калейдаскоп этнакультур» у Малдове, «Хатмыжская восень» у Белгарадскай вобласці, выставе-кірмашы «Падпарожскі Арбат» у Ленінградскай вобласці Расіі, «Акно на Усход» у Польшчы, на Днях беларускага пісьменства ў Барысаве і Заслаўі, фестывалях беларускай песні ў Маладзечне і «Дажынкі». Прызнавалася лаўрэатам і прызёрам творчых конкурсаў «Беларуская лялька» і «Саламяныя дзівосы».

 Сярод шматлікіх дыпломаў, грамат, у тым ліку і замежных, ганаровае месца ў бібліятэцы займае Падзяка ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Забудаваная дыхтоўнымі мурамі і катэджамі прысталічная вёска Лескаўка аперазана вянком сасновага бору. Вось-вось выбухнуць белай квеценню ўмытыя вясновым дажджом сады. Палетак за крутабокім узгоркам усланы зялёным дываном руні. На гэтых палях у час вучэбнай практыкі на трактарах пракладваюць барозны студэнты Белдзяржагратэхуніверсітэта. З-за сцяны густога лесу выглядаюць шматпавярховыя гмахі жылых дамоў сталічных ваколіц.

У цэнтры вёскі ўзвышаецца адміністрацыйны будынак. З тыльнага боку яго да дзвярэй сельскай бібліятэкі, што займае частку першага паверха, пратаптана сцяжынка. Вузкі калідор вядзе да пакояў, застаўленых кніжнымі стэлажамі. Сцены бібліятэкі ўпрыгожваюць вышытыя ручнікі, сурвэткі. На паліцах красуюцца апранутыя ў яркія нацыянальныя строі самаробныя лялькі. Знайшлося месца і для піяніна, засланага карункавай выцінанкай. Па-святочнаму выглядае накрыты палатняным абрусам стол з велікоднымі самаробнымі ўпрыгожваннямі.

Загадчыца бібліятэкі Алена Каткоўская ля кніжнага стэлажа заўзята гутарыла з юнымі чытачамі. Мімаволі прыгадалася выказванне мудрага літаратара Янкі Маўра, што яны ў першую чаргу чалавекі. А раз чалавекі, то павінны і гаварыць, і хадзіць, і бегаць, і плакаць, і дурэць. Пісьменнік лічыў, што кніга для дзяцей павінна быць толькі добрай — цікавай і карыснай. Для тых, хто пачынае жыццёвы шлях, яна мае выключнае значэнне. Творца шчыра прызнаваўся, што літаратарам стаў у значнай ступені дзякуючы кнігам. Нездарма прыкмечана: не хлебам адзіным жыве чалавек. Бясспрэчна, без хлеба надзённага цяжка, але не менш важна духоўнае багацце. Дзяржава пастаянна выдзяляе сродкі бібліятэцы на папаўненне кніжнага фонду.

— За многія гады працы ведаю кожнага наведвальніка, — акінула позіркам юных сяброў кнігі Алена Вячаславаўна. — Час хуткацечны. На вачах школьнікі растуць, сталеюць. Некаторыя з тых, што выбіралі калісьці свае першыя кніжкі для чытання, цяпер прыходзяць з унукамі. У нашым фондзе больш за 8000 выданняў рознай тэматыкі. Пастаянна паліцы поўняцца новымі. Здаюць кнігі і мясцовыя жыхары. У асноўным класіку рускай, беларускай і сусветнай літаратуры, якая карыстаецца попытам у старшакласнікаў. На пачатку вясны атрымалі сотню выдадзеных у рэспубліцы кніг.

У Год гістарычнай памяці пашыраны выпуск літаратуры на адпаведную тэматыку. Дзеля арыентацыі чытачоў у кніжных навінках аформілі спецыяльны стэнд. Знаёмім іх з гэтымі творамі. Больш папулярнымі сталі выданні гістарычнай і ваеннай тэматыкі.

Вялікая Айчынная вайна пакінула незабыўны след на беларускай зямлі. Грамадства па-новаму адкрывае трагічныя старонкі ваенных падзей. У Год гістарычнай памяці важна часцей пра іх узгадваць, каб аднавіць праўду пра мінулыя падзеі. Важна ведаць свае карані. Мая стрыечная сястра, што жыве ў Рызе, просіць дапамагчы ў стварэнні генеалагічнага дрэва нашага радаводу. Даведаліся мы пра продкаў пазамінулага стагоддзя. Гэта цікавы занятак.

— На працы дапамагаеце чытачам у выбары патрэбных кніг. А фарміраваць чытацкі густ?

— Асаблівая ўвага — юным чытачам. Важна прывіць любоў да кнігі, без гэтага складана развівацца. Памятаю, як далікатна нас у школе прывучалі да чытання. На ўроку рускай літаратуры ўсім класам абмяркоўвалі першы баль Наталлі Растовай. Пазней з захапленнем глядзела фільм рэжысёра Сяргея Бандарчука паводле гэтага геніяльнага твора. У той час у школе не хапала кніжак. Заставаліся пасля ўрокаў, і настаўніца ўслых чытала нам раман Льва Талстога «Вайна і мір». Праз гады самастойна перачытала яго і была пад вялікім уражаннем. Таксама найбольш запомніўся раман Фёдара Дастаеўскага «Ідыёт». А аднойчы ў бібліятэцы ўбачыла надрукаваную на пячатнай машынцы палову гэтага твора і мімаволі паглыбілася ў чытанне. Каб дачытаць увесь раман, узяла з паліцы кніжнае выданне і намервалася адшукаць мясціну, на якой спыніўся друкаваны тэкст. Раскрыла кнігу і трапіла на патрэбнае месца. Гэта, напэўна, быў пасыл зверху. Можа і містыка, але з якой лёгкасцю чыталася.

З беларускіх класікаў больш захапляюся творчасцю Якуба Коласа і Янкі Купалы. Мая душа ў іх творах. Атрымліваю асалоду ад радкоў сучасных беларускіх паэтаў.

Юным наведвальнікам бібліятэкі раю больш ведаць пра Радзіму. Звычайна да спадобы кніжкі з малюнкамі. Падбіраем ім адпаведныя творы. Роля бібліятэкара важная і адказная ў фарміраванні света­погляду чытача. Бібліятэкар на вёсцы яшчэ і лекар душы. Сябрую з многімі наведвальнікамі, выслухваю іх, падтрымліваю добрым словам. Спатрэбіліся інстытуцкія лекцыі па псіхалогіі.

— Алена Вячаславаўна, вы таксама кіруеце гуртком народных промыслаў. Ад каго перанялі гэта майстэрства?

— Захапленне рознымі промысламі само па сабе прыйшло, гэта ў мяне на генетычным узроўні. Вучу дзетак асновам саломапляцення, а таксама вышываць, вырабляць лялек. Майстрам на ўсе рукі слыў мой бацька Вячаслаў Міхайлавіч. З вайны ён вярнуўся цяжка параненым. Складана было яму хадзіць за плугам, але сялянскай працы не цураўся і нас прывучаў. У час пасляваеннай калектывізацыі вяскоўцы выбралі яго старшынёю калгаса. Пазней, калі ўзбуйнілі калектыўную гаспадарку, прызначылі брыгадзірам. Сваімі рукамі збудаваў прасторны драўляны дом на хутары, а потым прырабіў да яго дзве светлыя веранды, каб было дзе гасцей прымаць. Змайстраваў з сасны цымбалы і сам навучыўся на іх іграць. Самастойна авалодаў гармонікам і акардэонам, а потым і кларнетам. Ні адно вяселле ці вясковае свята ў наваколлі без яго ўдзелу не праходзіла. А як цудоўна спявала маці Антаніна Канстанцінаўна! Наш дом упрыгожвала мэбля, вырабленая рукамі бацькі.

Усёй сям'ёю летам нарыхтоўвалі сена для ўласнай жывёлы. Трымалі некалькі кароў, цялят, авечак, свіней, хатнюю птушку. Цяпер на нашым хутары гаспадарыць мой старэйшы брат Анатоль. Да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў механізатарам у калгасе, не аднойчы прызнаваўся лепшым на веснавых палявых работах і на ўборцы ўраджаю.

Непадалёку жыла ў невялікай хатцы аўдавелая бабуля Ганна. З цікавасцю назірала, як яна ткала на кроснах. Пад маімі вокнамі кожную вясну распускаецца куст бэзу, прывезены з яе сядзібы. Вучыла мяне жаць сярпом, скручваць перавяслы для снапоў. Праз гады абудзілася жаданне заняцца вырабам сувеніраў з саломы. Раней наша бібліятэка была ў сельскім Доме культуры. Праз дарогу пачыналася поле, дзе каласіліся збожжавыя. Сярпом нажала там вязанку збажыны. Ножніцамі паабрэзвала каленцы сцяблінак і адсартавала саломку па даўжыні. Асобна адклала доўгія сцяблінкі для вырабу брыля. Для таго каб атрымаўся, трэба сплесці 25 метраў зубчастай саламянай стужкі. На першым часе не ўсё атрымлівалася. Не спадзявалася, што гэта так складана. Рукі не так хадзілі. Некалькі разоў пераплятала стужку. Хвалявалася, але ў выніку атрымаўся неблагі капялюш.

Саломапляценне — традыцыйнае рамяство для беларусаў. Саломка — сапраўдны трэнд нашай краіны. Ва ўсім свеце не знайсці такіх майстроў, як у нас, што вытанчана валодаюць тэхнікай вырабу сувеніраў з гэтага прыроднага матэрыялу. Занятак захапіў мяне. А калі трывала засвоіла тэхналогію, стала іншых вучыць. У нас пры бібліятэцы дзейнічае гурток народных промыслаў. Пляцём саламяныя капелюшы, майструем сувеніры. Для вырабу лялек выкарыстоўваем лён, розныя тканіны. Удзельнічаем у прэстыжных конкурсах, выставах.

— У якіх краінах свету вы прадстаўлялі свае вырабы?

— Геаграфія выстаў пастаянна пашыраецца. Пад яркім паўднёвым сонцам цудоўна глядзеліся нашы ручнікі і капелюшы на Міжнародным этнаграфічным фестывалі ў Малдове. З цікавасцю прымяралі брылі ўдзельнікі міжнародных культуралагічных форумаў у Расіі і Польшчы. У саламяных галаўных уборах выступалі беларускія артысты ў Італіі, Германіі і іншых еўрапейскіх краінах і там прэзентавалі іх.

Атрымала заказ ад жанчыны з далёкай Аўстраліі на выраб брыля. Яна ўбачыла на адной з выстаў і загарэлася жаданнем займець для ўнука такі капялюш. Юнак меў ільняную беларускую вышыванку і іншае наша нацыянальнае ўбранне. Неставала галаўнога ўбора. Заклапочаная бабуля прыслала фотаздымак унука ў беларускім нацыянальным строі. Па ўсім відаць было, што сям'я мела беларускія карані і ганарылася гэтым.

— Зараз столькі розных сродкаў атрымання інфармацыі. Ці не зніжаецца роля вясковай бібліятэкі?

— Ні ў якім разе. Чытачы задаволены, што бібліятэка дзейнічае. Асабліва гэта падтрымліваюць бацькі школьнікаў. Самы актыўны месяц — чэрвень. У школах завяршаецца навучальны год, і на летнія канікулы вучням даецца спіс літаратуры для чытання. Вось тут падстаўляем педагогам плячо. Памяшканне бібліятэкі невялікае. Найбольш ажыўлена ў выхадныя дні. Бацькі прыходзяць з дзецьмі. Такія вясковыя ачагі культуры маюць права на існаванне ў камп'ютарызаваны век.

— Што значыць для вас слова «спадчына»?

— Тое, што засталося ад родных: традыцыі, звычаі, культура продкаў. Спадчына напрацавана пакаленнямі. У юных наведвальнікаў бібліятэкі імкнуся развіваць цікавасць да гісторыі роднага краю, традыцый, звычаяў, рамёстваў. Бывае начамі сяджу за сваімі заняткамі, набываю спецыяльныя прылады, каб зручней працавалася. Вышываю таксама ручнікі, сурвэткі, абрусы, вырабляю лялек. На даматканым ручніку вышыла бацькоўскую хату і ўпрыгожыла гэтым вырабам бібліятэку. Кожны, хто глядзіць на яго, пэўна, узгадвае родны куточак. Калі даводзіцца адпраўляць ручнік на выставу, то сірацею. Не хапае яго мне, бо ў ім мая душа. Увогуле вырабы як дзеці. У самой падрастаюць унукі. Хочацца, каб бераглі яны гэту спадчыну.

Арганізоўваю выставы не толькі сваіх вырабаў, але і іншых аматараў народнай творчасці. Экспанаты выклікаюць цікавасць у наведвальнікаў і адыгрываюць выхаваўчую ролю. Ад такой дзейнасці атрымліваю асалоду і адчуваю сваю запатрабаванасць. Гэта найлепшы стымул для жыцця.

— Якая вясна ў вашым жыцці самая памятная?

— Кожная напоўнена мноствам па­дзей. На вялікі жаль, гэта вясна трывожная. Побач з нашай мяжою грымяць выбухі, у свеце парушаны спакой. Дарагой цаною далася Перамога 1945 года. Мільёны жыццяў забрала вайна. Няўжо забыта страшэннае мінулае? З боллю ў сэрцы ўспрымаю, што ў некага падымаецца рука знішчаць помнікі савецкім салдатам-вызваліцелям. Каму не дагадзіў вядомы ваенны стратэг Георгій Жукаў? У сусветную гісторыю ён увайшоў як Маршал Перамогі. Як паднялася рука ва Украіне, якую ён вызваляў ад фашызму, зносіць з пастамента яго бюст? Такога глумлення над сусветна вядомай асобай гісторыя не даруе. З чытачамі абмяркоўваем гэтыя ганебныя факты, выказваем свае думкі, меркаванні.

Перажываю за падзеі ў нашай паўднёвай суседняй краіне. І малю Бога, каб вярнуўся мір і спакой.

— У чым сэнс жыцця?

— У маладыя гады мала хто пра гэта не задумваецца. А калі пачынаеш «крочыць з базару», то мімаволі наплываюць думкі. Важна заставацца патрэбным людзям. Бацька наказваў: трэба жыць, як набяжыць. Так і жыву. Люблю вандраваць. Захаплялася палотнамі ў Дрэздэнскай карціннай галерэі, прагульвалася па набярэжнай Дуная ў Будапешце, любавалася архітэктурай старой Прагі, некалькі разоў наведвала Варшаву. Мае родзічы жывуць у Прыбалтыцы, неаднаразова гасцявала ў іх. Але найбольшае пачуццё ахоплівае, калі пад'язджаю да свайго хутара: там я як рыба ў вадзе.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter